“І думак не было застацца ў горадзе”

Даматканавіцкая сярэдняя школа, што ў Клецкім раёне Мінскай вобласці, па сучасных вясковых мерках даволі вялікая — у ёй вучыцца 107 дзяцей. Педагагічны калектыў складаецца з 22 чалавек, прычым толькі адзін з іх прыязджае з блізкага (кіламетраў 6) райцэнтра. Усе іншыя — вяскоўцы, жывуць ці ў саміх Даматканавічах, ці ў суседніх вёсках, як і тутэйшыя школьнікі, якіх жоўтыя МАЗы штодзень прывозяць з шасці навакольных населеных пунктаў. 
З вёскі Шчэпічы прыязджае на работу і малады дырэктар гэтай навучальнай установы Аляксандр Анатольевіч Дубіна, які і нарадзіўся, дарэчы, у адной з вёсак Клеччыны — Навадворках. У школе ён не толькі дырэктар, але і настаўнік — выкладае ў 5 класе. І хоць для кіраўніка ўзрост майго сённяшняга героя нетыповы — 29 гадоў, вопыт кіраўніцкай дзейнасці ў Аляксандра Анатольевіча за плячыма вялікі: дырэктарам ён стаў у 2008 годзе, усяго праз год работы ў школе.

Ад школы да школы

— Цікавасць да педагагічнай работы з’явілася, калі вучыўся ў Шчэпіцкай школе ў 8 класе, — расказвае Аляксандр Анатольевіч Дубіна. — Беларускую мову і літаратуру выкладала Зоя Міхайлаўна Шаўчук. Ужо на той час яна давярала мне правяраць сшыткі аднакласнікаў, думаю, для таго, каб развіваць, замацоўваць маю ўласную пісьменнасць, а яшчэ, канечне, адказнасць. Аднойчы, калі я вучыўся ў 9 класе, па ўзгадненні з адміністрацыяй школы яна нават даверыла мне правесці ўрок у сваім класе. Так я зразумеў, што выкладанне — гэта маё, і Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка выбраў зусім не выпадкова.
Пасля такога пачатку лагічна думаць, што мой суразмоўца паступіў на філалагічны факультэт, вырашыўшы вывучаць беларускую мову і літаратуру. Верагодна, вы так і падумалі, паважаныя чытачы. Падумалі — і памыліліся. Выпускнік вясковай школы выбраў фізічны факультэт і спецыяльнасць “Фізіка і інфарматыка”, а зараз у навучальнай установе, якой кіруе, выкладае матэматыку. Любоў да дакладных навук яму прывіла іншая настаўніца — Людміла Міхайлаўна Дзецкая, якая выкладала юным вяскоўцам фізіку, а зараз працуе ў сярэдняй школе № 2 Клецка. Праўда, навучаючыся ў БДПУ, хлопец з Клеччыны не забыў пра сваю цікавасць да роднай мовы і гісторыі, да развіцця нашай краіны: падчас навучання ва ўніверсітэце ён перамог у рэспубліканскім конкурсе “Беларусь у сучасным свеце”, прадставіўшы работу “Станаўленне суверэннай Рэспублікі Беларусь”.
Ва ўніверсітэт хлопец прыйшоў з мэтавым накіраваннем, якое атрымаў у аддзеле адукацыі Клецкага райвыканкама. І не таму, што хацеў займець больш шансаў для паступлення, як гэта (што тут хаваць) нярэдка здараецца. А таму, што ведаў — у свой раён вернецца абавязкова. Як цяпер кажа сталы ўжо дырэктар школы: “У мяне і думак не было неяк там выкруціцца і застацца ў Мінску, я вёску люблю”. Трэба дадаць, што бацькі — маці, медыцынскі работнік, і бацька, які працуе ў сельскай гаспадарцы, ніяк не перашкаджалі рашэнню сына паступаць у педагагічную ВНУ, а потым жыць і працаваць у вёсцы. Не палохалі невялікай зарплатай, няпростымі ў параўнанні з горадам умовамі жыцця. Разумелі, што сын выбраў прафесію цалкам асэнсавана, а вясковыя ўмовы ведае не горш за іх, тым больш што і ўмовы, і зарплаты тут зусім нядрэнныя, але пра гэта раскажу крыху пазней.
Першым месцам работы выпускніка БДПУ стала тая самая Даматканавіцкая сярэдняя школа, у якой зараз Аляксандр Анатольевіч і займае пасаду дырэктара. Хаця, калі ўжо гаварыць пра ўсе павароты прафесійнага лёсу нашага сённяшняга героя, трэба сказаць, што самастойную работу ён мог пачаць у інспекцыі па справах непаўналетніх. Вельмі ўжо настойлівымі былі супрацоўнікі органаў унутраных спраў, ды і магчымасці наконт змены размеркавання існавалі. А.А.Дубіна нават прайшоў медыцынскую камісію ў абласной бальніцы, тым больш, як разважаў, работа ў ІСН — гэта ўсё роўна работа з дзецьмі, педагагічная адукацыя тут вельмі патрэбна. Але, падумаўшы, паразмаўляўшы з кіраўніцтвам Клецкага райвыканкама, хлопец вярнуўся да свайго выбару на карысць школы. Так і апынуўся ў Даматканавічах настаўнікам фізікі і інфарматыкі, жыць пры гэтым застаўся ў бацькоўскім доме за сем кіламетраў ад школы.

Вопыт дае практыка

Настаўнічаць Аляксандр Анатольевіч пачаў у 2007 годзе, а ўжо наступны навучальны год сустракаў у якасці дырэктара, праўда, не Даматканавіцкай, а Азярэчанскай сярэдняй школы, дзе на той час вучылася 146 дзяцей. Яшчэ да пераходу на дырэктарскую пасаду паспеў — увага! — перамагчы ў раённым конкурсе маладых настаўнікаў “Шлях у прафесію”.
Сказаць, што кіраўніцтва раёна менавіта пасля гэтага заўважыла маладога настаўніка, будзе няправільна. Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Анатоль Мікалаевіч Клімовіч прыглядаўся да хлопца яшчэ тады, калі той быў школьнікам. Бо, як вы разумееце, даверыць адказную пасаду можна не кожнаму нядаўняму выпускніку ўстановы вышэйшай адукацыі. Тут не толькі веды, тут асаблівы склад характару патрэбен, асаблівыя кіраўніцкія якасці. Прыйсці кіраваць калектывам, амаль усе члены якога значна старэйшыя за цябе, узяць адказнасць за ўсіх і ўсё у школе, як мінімум няпроста. Але, пры ўсім разуменні складанасцей у такім нетрывіяльным рашэнні не сумняваўся ніхто — ні кіраўнік сістэмы адукацыі раёна, ні сам малады настаўнік. Хаця ён не тоіць, што прыйшлося цяжка, тым больш што ў маладога спецыяліста была даволі вялікая загружанасць як у настаўніка, і паглыбляцца ў нюансы работы адміністрацыі, пакуль працаваў у Даматканавічах, ён проста не меў часу.
— Шчыра кажучы, на той момант я нават не ведаў, што ў раёне ёсць такая школа — Азярэчанская, — прызнаецца А.А.Дубіна. — Прычым школа незвычайная, бо размяшчаецца на базе расійскай воінскай часці, і ўсе яе навучэнцы — грамадзяне Расіі, як і палова педагогаў. І дысцыпліна ў школе адпаведная — па-ваеннаму строгая. Адпрацаваў там чатыры гады, вопыт быў надзвычай цікавы, прайшоў, можна сказаць, ваенную загартоўку. Змог адшукаць пункты судакранання з тагачасным камандзірам часці, і ўсё, лічу, атрымалася.
У сваю чаргу А.М.Клімовіч заўважае:
— У нашым раёне ўлады дастаткова лёгка ідуць на прызначэнне маладых кіраўнікоў, бо мы добра ведаем кожнага. Вопытныя кіраўнікі адстойваюць сваіх маладых падначаленых, даюць ім аб’ектыўныя характарыстыкі, і практыка паказвае, што такі падыход апраўданы. Вы ведаеце, ёсць палажэнне аб тым, што кіраўніком можна прызначыць чалавека, які адпрацаваў на радавой пасадзе не менш за пяць гадоў. Але не заўсёды гэты тэрмін неабходны. Ва ўпраўленні адукацыі аблвыканкама такія пытанні можна хутка вырашыць, прывёўшы сур’ёзныя аргументы, падмацаваныя фактамі, на карысць таго або іншага кандыдата.
Пасля Азярэчанскай школы Аляксандр Анатольевіч нядоўга працаваў дырэктарам сярэдняй школы № 2 Клецка, адкуль пайшоў на пасаду старшыні Шчэпіцкага сельвыканкама. Кажа, што захацелася паспрабаваць сябе ў новай якасці. Паспрабаваў, адпрацаваўшы год, пераканаўся яшчэ раз, што яго шлях — педагогіка, і вярнуўся ў школу, цяпер ужо дырэктарам у Даматканавічы. Было гэта ў 2013 годзе.
З таго часу А.А.Дубіна паспеў завочна скончыць Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”. Менавіта дзеля таго, каб стаць лепшым, больш граматным кіраўніком, бо пасада дырэктара школы патрабуе не толькі педагагічных ведаў і ведаў па сваім прадмеце. Спецыяльная кіраўніцка-эканамічная адукацыя, безумоўна, не будзе лішняй. Таму і ў рэзерв кадраў на пасаду начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Анатольевіч трапіў не выпадкова.

Свае кадры

Самыя маладыя педагогі вясковай школы сёння, акрамя самога дырэктара, — гэта Наталля Віктараўна Драгун, настаўніца фізікі і інфарматыкі, і Вольга Мікалаеўна Шкода, настаўніца матэматыкі, якая, праўда, зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Наталля Віктараўна, дарэчы, стрыечная сястра А.А.Дубіны, ён сам і сагітаваў дзяўчыну паступаць у педуніверсітэт імя Максіма Танка менавіта на спецыяльнасць “Фізіка і інфарматыка”. Вольга Мікалаеўна таксама з мясцовых.
— Я не падзяляю думку многіх сучасных маладых людзей аб тым, што работа ў вёсцы — гэта нецікава і неперспектыўна, — гаворыць дырэктар сельскай школы. — У нас і магчымасцей цікава правесці час хапае, тым больш што райцэнтр зусім блізка, і аб’ектаў сацыяльнай сферы дастаткова. Толькі за мінулы навучальны год мы здзейснілі 16 паездак па Беларусі, дзве з іх былі арганізаваны менавіта для педагогаў. І зарплата, скажу смела, у школе нядрэнная. У нас малады спецыяліст атрымлівае да 5 з паловай мільёна рублёў чыстымі. У Клецкім раёне маладыя спецыялісты атрымліваюць 20-працэнтную надбаўку. Да таго ж з жыллём тут куды прасцей, чым у вялікім горадзе. Я пакуль жыву ў бацькоўскім доме, але стаю на чарзе ў райвыканкаме і ведаю, што сваё жыллё абавязкова будзе: новыя дамы ў нас здаюцца штогод. Пакуль проста сам не спяшаюся.
На сёння школа ў Даматканавічах цалкам укамплектавана кадрамі. І, як кажа дырэктар, яшчэ гадоў пяць кадравых пытанняў не ўзнікне дакладна. А потым, мяркую, на работу сюды прыйдуць выпускнікі школы, якія летась паступілі ў БДПУ імя Максіма Танка. З шасці выпускнікоў двое пайшлі менавіта ў гэтую навучальную ўстанову, сёлета такое жаданне выказвае адзін з чатырох адзінаццацікласнікаў. Таму ёсць надзея, што праз некалькі гадоў размеркаванне ў Даматканавічы атрымае нават не адзін малады педагог.
— Па ўсім раёне летась у педагагічныя УВА паступілі 13 чалавек, — дадае Анатоль Мікалаевіч Клімовіч. — Мэтавае накіраванне ўзяў толькі адзін з іх, але мы зробім усё магчымае, як робім гэта і зараз, каб нашы людзі вярнуліся ў раён. Заўсёды я і спецыялісты аддзела выязджаем на размеркаванні ў педагагічныя і іншыя УВА, перш за ўсё ў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт і БДПУ імя Максіма Танка. Вось і я днямі еду ў Баранавічы, наш кадравік крыху пазней — у Мінск. Наведваем дні адкрытых дзвярэй і ў каледжах, і ва ўстановах вышэйшай адукацыі, тым ці іншым чынам звязваемся з кожнай навучальнай установай краіны, якая рыхтуе педагагічныя кадры. А перавагі ў нас ёсць, напрыклад, жыллё, як ужо сказаў Аляксандр Анатольевіч.
У 2013 годзе ў Клецкі раён атрымалі размеркаванне 27 маладых спецыялістаў — 21 выпускнік УВА і 6 выпускнікоў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. У 2014 сюды размеркаваліся 18 чалавек, з іх 11 з вышэйшай адукацыяй і 7 з сярэдняй спецыяльнай. Як расказаў А.М.Клімовіч, яшчэ гадоў 5—6 назад размеркаванне ў раён штогод атрымлівалі да 80 спецыялістаў. Зараз, як бачыце, лічбы намнога меншыя. Перш за ўсё пры гэтым патрэбны настаўнікі фізікі і матэматыкі, раней гэта былі настаўнікі замежных моў і інфарматыкі.
Зараз, каб закрыць вакансіі ў раёне пры ўмове, што ўсе пенсіянеры пойдуць на заслужаны адпачынак, неабходна 80 маладых спецыялістаў. Пакуль жа пенсіянеры — людзі незаменныя.
А кіраўніцтва сферы адукацыі раёна, калі сустракаецца з будучымі маладымі спецыялістамі, імкнецца стварыць, па словах Анатоля Мікалаевіча, станоўчы імідж раёна. Імідж, як бачна, ёсць з чаго ствараць. Але важна, каб на работу прыходзілі падрыхтаваныя спецыялісты, а не выпускнікі, якім было ўсё роўна, куды паступаць, абы атрымаць дыплом. У бягучым навучальным годзе ў сярэдняй школе № 3 Клецка адкрыты педклас, а значыць, з’явіўся яшчэ адзін рэсурс для абнаўлення педагагічных кадраў.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*