Бюджэтная формула

Словазлучэнне “нарматыўнае фінансаванне”, думаецца, знаёма зараз кожнаму кіраўніку навучальнай установы, ды і наогул — кожнаму школьнаму педагогу. Спецыялісты ведаюць, што з 1 студзеня 2015 года ў Беларусі праводзіцца фінансавы эксперымент па прымяненні нарматыву бюджэтнай забяспечанасці расходаў у разліку на аднаго навучэнца. Праходзіць эксперымент у розных рэгіёнах краіны, уключае сёлета больш за 180 устаноў, у тым ліку з 2016 года ён праводзіцца ў Магілёве і Жодзіне Мінскай вобласці. З пытаннем аб тым, як ідуць справы ў пачатку эксперымента, мы звярнуліся ва ўпраўленне адукацыі Магілёўскага аблвыканкама і аддзел адукацыі, спорту і турызму Жодзінскага гарвыканкама.
Спецыялістаў з абодвух гарадоў папрасілі адказаць на пытанні аб тым, колькі і якія ўстановы адукацыі ўдзельнічаюць у праекце, чаму, на іх думку, менавіта іх населеныя пункты выбраны для эксперымента, якія мерапрыемствы запланаваны падчас яго правядзення, як арганізавана навучанне ўдзельнікаў пілотнага праекта, ці плануецца рост выдаткаў на арганізацыю вучэбнага працэсу, якія вынікі чакаюцца і г.д.
І вось якія адказы атрымала “Настаўніцкая газета”.

У горадзе на Дняпры

Абсалютна ўсе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі абласнога цэнтра прымаюць удзел у эксперыменце па нарматыўным фінансаванні. Сёння гэта 44 установы, якія фінансуюцца за кошт сродкаў гарадскога бюджэту. У іх ліку 35 сярэдніх школ, 4 гімназіі, 1 ліцэй, 1 гімназія-каледж мастацтваў, 3 вучэбна-педагагічныя комплексы “дзіцячы сад — школа”. Такім чынам, эксперымент атрымліваецца маштабным: у гэтых установах вучыцца 35 тысяч дзяцей і працуе 3,6 тысячы педагогаў.
“Грошы ідуць за навучэнцам”, — так гавораць пра эксперымент па нарматыўным фінансаванні, бо разлік фінансавання ў ім вядзецца па формуле, дзе нарматыў і каэфіцыенты — велічыні пастаянныя, колькасць навучэнцаў — пераменная. І чым вышэйшая гэтая пераменная, тым большы разліковы аб’ём сродкаў. Колькі ж навучэнцаў у розных школах Магілёва? Ва ўпраўленні адукацыі нам адказалі і на гэтае пытанне: сярэдняя напаўняльнасць школ горада складае каля 800 навучэнцаў. А самыя вялікія школы — гэта сярэднія школы №№ 45 (2 тысячы навучэнцаў), 5 (паўтары тысячы), 40, 37, 21 і сад-школа № 42 (па 1,4 тысячы вучняў). Менш за 300 навучэнцаў — у школах №№ 9,10, 20, 22, садзе-школе № 12, ліцэі і гімназіі-каледжы мастацтваў. Але ж у Магілёве будзе рэалізавана мадэль нарматыўнага фінансавання ў разліку на адміністрацыйную адзінку. Гэта значыць, што аб’ём сродкаў разлічваецца ў адпаведнасці з базавым нарматывам, з улікам карэкціруючых каэфіцыентаў і паказчыка сярэднегадавой колькасці навучэнцаў у цэлым па горадзе. Грошы, такім чынам, размяркоўваюцца распарадчыкамі бюджэтных сродкаў паміж установамі адукацыі з улікам асаблівасцей іх функцыянавання (асаблівасцей рэалізацыі адукацыйных праграм, складу работнікаў, напаўняльнасці класаў).
Заўважу, што выбар Магілёва для ўдзелу ў эксперыменце зусім не выпадковы. Папярэднія разлікі, праведзеныя пры фарміраванні бюджэту на 2016 год, паказалі, што ўдзел у пілотным праекце не стане дадатковай нагрузкай, бо аб’ём сродкаў, якія выдаткоўваюцца на школы горада, аднолькавы як пры разліку па нарматыве, так і пры разліку традыцыйным спосабам. Так, у 2016 годзе на фінансаванне ўстаноў сярэдняй адукацыі горада плануецца накіраваць 504,1 млрд рублёў, у тым ліку па нарматыве — 456 млрд. Дакладна такі аб’ём сродкаў меркавалася накіраваць на гэтую галіну і пры каштарысным фінансаванні.
Пры гэтым ва ўпраўленні адукацыі лічаць: рэалізацыя пілотнага праекта ў горадзе дазволіць дэталёва вывучыць асаблівасці фінансавання па нарматыве ўстаноў у залежнасці ад іх віду — гімназія-каледж, ліцэй, педагагічны комплекс “сад-школа”; ад арганізацыі адукацыйнага працэсу — школы з факультатывамі эстэтычнай накіраванасці, спецыялізаванымі па спорце класамі, школы, якія арганізоўваюць адукацыйны працэс на базе ўстаноў аховы здароўя; а таксама ад размяшчэння ўстаноў адукацыі — мікрараёны актыўнай забудовы і прыватны сектар.
Распарадчыкі бюджэтных сродкаў пры гэтым атрымліваюць дзейсны рычаг па павышэнні эфектыўнасці агульнай сярэдняй адукацыі, упэўнены ў горадзе на Дняпры.
Праект разлічаны на ўвесь 2016 год, у працэсе яго рэалізацыі будуць адсочвацца такія паказчыкі, як фарміраванне і выкананне бюджэтных каштарысаў, колькасць навучэнцаў і сярэдняя напаўняльнасць класаў, правядзенне мерапрыемстваў па аптымізацыі, змяненне штатнай колькасці і сярэдняй заработнай платы, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, павышэнне якасці адукацыйнага працэсу і інш. Пакуль, канечне, рана гаварыць аб нейкіх прыметных выніках эксперымента ў Магілёве. Рашэннем гарвыканкама зацверджаны паказчыкі сярэднегадавой колькасці навучэнцаў, на аснове якіх зроблены разлік бюджэту па формуле нарматыўнага фінансавання і ў поўным аб’ёме даведзены распарадчыкам сродкаў бюджэту. Зараз ідзе работа па размеркаванні сродкаў і фарміраванні бюджэтных каштарысаў па кожнай навучальнай установе, вядзецца распрацоўка мерапрыемстваў па аптымізацыі, аналіз штатных раскладаў. Менавіта пры ўмове рэалізацыі -аптымізацыйных мерапрыемстваў плануецца і рост выдаткаў на арганізацыю адукацыйнай прасторы ў навучальных установах. У першую чаргу за кошт росту сярэдняй напаўняльнасці класаў.
Безумоўна, для граматнай рэалізацыі пілотнага праекта неабходна навучанне яго ўдзельнікаў. Метадычную дапамогу магіляўчанам аказваюць спецыялісты Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага інстытута адукацыі. Напрыканцы 2015 года супрацоўнікі ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама, адпаведных аддзелаў адукацыі адміністрацый раёнаў горада для вывучэння вопыту наведалі Баранавічы, што ў Брэсцкай вобласці (пра ход эксперымента ў гэтам горадзе чытайце ў нумары “Настаўніцкай газеты” за 16 лютага. — Заўвага аўтара), дзе рэалізацыя праекта пачалася ў 2015 годзе. Таксама навучанне было арганізавана для кіраўнікоў усіх устаноў адукацыі горада. Рэалізацыя праекта пачалася пад кіраўніцтвам упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама і, вядома, пры падтрымцы галоўнага фінансавага ўпраўлення абласнога выканаўчага камітэта.

У горадзе беларускіх машынабудаўнікоў

Жодзіна, дзе размяшчаецца знакамітае прадпрыемства “БелАЗ”, горад, канечне, значна меншы, чым Магілёў. Тут знаходзяцца 7 школ і 2 гімназіі. Усе гэтыя ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі задзейнічаны ў пілотным праекце. А гэта 6142 навучэнцы і 599 педагагічных работнікаў. Жодзіна, як і Магілёў, удзельнічае ў эксперыменце цалкам, у якасці адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. І вынікі рэалізацыі праекта плануецца разглядаць у цэлым па горадзе, але пра гэта гаварыць пакуль рана.
Тут, як і ў Магілёве, рэалізацыя пілотнага праекта па апрабацыі нарматыўнага фінансавання будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1109 ад 30.12.2015 у перыяд з 1 студзеня да 31 снежня 2016 года. Выканаўцы праекта ў Жодзіне, безумоўна, вучацца правілам яго рэалізацыі. Так, адпаведныя пытанні ўключаюцца ў праграмы перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі работнікаў адукацыі. Акрамя таго, на ўсіх этапах рэалізацыі эксперымента плануецца праводзіць нарады і семінары як на мясцовым, так і на рэспубліканскім узроўні для розных катэгорый работнікаў: спецыялістаў аддзелаў адукацыі, планава-эканамічных службаў, дырэктараў навучальных устаноў, бухгалтараў.
На пытанне аб тым, чаму менавіта Жодзіна задзейнічана ў праекце, я папрасіла адказаць галоўнага бухгалтара аддзела адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама В.Г.Бачышча як чалавека, дасканала дасведчанага ў тонкасцях эксперымента.
— Мне здаецца, што наш горад невыпадкова стаў удзельнікам праекта, — сказала Вольга Генрыхаўна. Па-першае, Жодзіна ўдала размешчана недалёка ад Мінска, а па-другое, Жодзіна — горад абласнога падпарадкавання, ён сам выступае як адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка (няма раёна).
Спецыяліст таксама растлумачыла, што значэнне карэкціруючых каэфіцыентаў, якія прымяняюцца да базавага нарматыву, не залежаць ад таго, якая колькасць дзяцей вучыцца ў школе. Яны ўлічваюць асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу для розных катэгорый вучняў. Устаноўлены каэфіцыенты для навучэнцаў на розных ступенях навучання, навучэнцаў гімназій і ліцэяў, вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, тых, хто наведвае групы прадоўжанага дня. А фінансаванне ў цэлым выдзяляецца на ўсе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі горада ў адпаведнасці з агульнай колькасцю навучэнцаў.
Пры ранейшай (каштарыснай) сістэме фінансавання бюджэт на год у сістэме адукацыі горада складаўся, як і ўсюды, з касавых расходаў папярэдняга года з улікам каэфіцыентаў, даведзеных фінансавым аддзелам гарвыканкама на новы год. У новых, эксперыментальных, умовах бюджэт будзе залежаць толькі ад памераў нарматыву, які штогод зацвярджаецца на рэспубліканскім узроўні, і ад агульнай колькасці навучэнцаў школ, іншых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў горадзе.
Як лічаць спецыялісты з Жодзіна, нарматыў пакрывае расходы не толькі на заработную плату, але і на развіццё адукацыйнага асяроддзя. Пры гэтым новы механізм фінансавання стварае ўмовы для павышэння эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў. Любыя грошы, сэканомленыя ў выніку аптымізацыі, будуць заставацца ў школе, бо аб’ём фінансавання залежыць ад колькасці навучэнцаў. У пілотным праекце яго выканальнікам таксама даецца магчымасць накіроўваць сродкі, атрыманыя па нарматыве, як на павышэнне зарплаты педагогам, так і на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы школы.

***

Экперымент у гарадах, згаданых у матэрыяле, толькі пачаўся. Як ён пройдзе, якія вынікі будуць дасягнуты, у свой час раскажа “Настаўніцкая газета”. Адзначым, што сёлета праект рэалізоўваецца і ў сельскіх навучальных установах. Да гэтай тэмы мы таксама звернемся.

Марына ХІДДЖАЗ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*