≠≠Закруцім_добрую_справу

Сацыяльныя сеткі ўжо даўно перасталі быць проста сродкам камунікацыі. Сёння яны выконваюць ролю дзейснага інструмента ў вырашэнні такой сацыяльнай праблемы, як дапамога цяжкахворым дзецям. Для таго каб збор сродкаў для лячэння і рэабілітацыі непаўналетніх вёўся больш актыўна, адміністратары групы прыдумваюць усялякія мерапрыемствы. Безумоўна, больш эфектыўнымі ў гэтым плане лічацца не акцыі аднаго дня, а доўгатэрміновыя ідэі. Менавіта да такой з’явы можна аднесці праект “Новае жыццё ў абмен на накрыўкі”, які ў нашай краіне рэалізоўвае Наталля КУНЦЭВІЧ.

Наташа расказвае, што валанцёрскай дзейнасцю пачала займацца падчас вучобы на юрыдычным факультэце ўніверсітэта. Разам з сястрой Светай (Наташа і Света — блізняты) дзяўчаты ездзілі ў адзін з псіханеўралагічных дыспансераў Мінска.

— Мы з сястрой юрысты, нам заўсёды было цікава прымаць удзел у юрыдычных кейсах, вывучаць усялякія прававыя дакументы. Асаблівую цікавасць выклікала Міжнародная канвенцыя ААН па абароне правоў людзей з інваліднасцю. На той момант толькі планавалася, што дакумент будзе імплементаваны ў заканадаўства нашай краіны. Мая сястра стажыравалася па гэтай тэматыцы ў Польшчы. Таксама мы са Светай аказвалі юрыдычную дапамогу некалькім падапечным псіханеўралагічнага дыспансера па прызнанні іх дзеяздольнымі. Сёння мы займаемся юрыдычнай дзейнасцю, а таксама асаблівую ўвагу звяртаем на дабрачыннасць, накіраваную на дапамогу дзецям.

Важную ролю ў тым, што сёстры пачалі займацца дабрачыннасцю ў сферы дзяцей адыграла першая ў Беларусі спецыяльна адаптаваная праграма навучання сацыяльнаму прадпрымальніцтву Biz4All, якую арганізоўвае грамадская арганізацыя “ОДБ “Брусель” (Бельгія) у партнёрстве з TNU Network University (Нідэрланды). Праграма была паспяхова апрабавана ў іншых краінах свету.

— Унікальнасць праграмы заключаецца ў тым, што да яе ўдзелу былі прыцягнуты ў якасці ментараў тыя прадстаўнікі нашай краіны, якія дабіліся поспеху ў бізнесе ў краінах ЕС і ЗША, — тлумачыць Наташа. — Яшчэ адной асаблівасцю праграмы з’яўляецца выкарыстанне метадалогіі беражлівага стартапа падчас распрацоўкі большасці навучальных модуляў. На адных з заняткаў я праглядала стужку навін у сацыяльных сетках і выпадкова трапіла на групу, якая вяла збор сродкаў для рэабілітацыі і лячэння хворых дзяцей. Да гэтага моманту не ведала, колькі ў нас непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Я пачала чытаць гісторыі, і яны не маглі не зачапіць за жывое. Мамы дзетак, на фотаздымкі якіх глядзела, расказвалі храналогію хвароб. Для таго каб вылечыць дзяцей, сем’і ішлі на многае, прадавалі нерухомасць, пазычалі грошы ў знаёмых і незнаёмых. І ўсё гэта каб выратаваць маленькае жыццё. Я таксама вырашыла дапамагаць. І адразу ж пачала пераводзіць грошы на рахункі дзяцей. Атрымалася так, што перавяла большую частку сваёй зарплаты. Самае складанае ва ўсёй гэтай сітуацыі — вызначыцца, каму з дзяцей у першую чаргу неабходна дапамога.

Каб збор сродкаў вёўся як мага хутчэй, Наташа пачала перадаваць у дабрачынныя латарэі свае лоты — новую касметыку. Пакупнікі набывалі лот за 2 рублі, а грошы, выручаныя за продаж, пераводзіліся на рахунак таго дзіцяці, якое мела патрэбу ў дапамозе. Дарэчы, на той момант Наташа ўжо вызначылася, каму з дзяцей хоча дапамагчы ў першую чаргу. Дзяўчынку, якой збіралі грошы на рэабілітацыю, завуць Інеса. Ёй 7 гадоў, і яна адна з двайнятак: Інеса і Ірма нарадзіліся ў Віцебску, іх маці на момант нараджэння дзетак было 48 гадоў. Ірма здаровая, а ў Інесы ДЦП…

— Я знайшла гэтую сям’ю таксама ў сацсетках, убачыла, што актыўнасць у групе па падтрымцы Інесы нізкая, і вырашыла, што сям’і трэба дапамагчы, — працягвае расказваць Наташа. — Каб падтрымаць маму двайнятак, а таксама сабраць грошы для рэабілітацыі Інесы, вырашыла арганізаваць дабрачынную акцыю ў буйных гіпермаркетах. Я заручылася падтрымкай мамы дзяўчынак, склала даверанасць і пачала стукацца ва ўсе дзверы, накіроўваць прапановы ў гандлёвыя цэнтры. З вялікага мноства магазінаў на маю просьбу адгукнуліся толькі два гіпермаркеты. З валанцёраў, якія дапамагалі, былі мая сястра і наша агульная сяброўка. У выніку за адну акцыю сабралі добрую суму, якую перавялі на рахунак Інесы. У дадатак да гэтага па начах пяклі капкейкі і кейк-попсы, якія пасля былі рэалізаваны ў адной дабрачыннай арганізацыі. Грошы, якія зарабілі падчас продажу кандытарскай прадукцыі, таксама былі накіраваны на патрэбы Інесы.

Даведка

Сёння мадэль Ахмеці падхапілі 44 краіны. Збіраюць накруткі не толькі на каляскі. Так, у Аўстрыі за грошы, атрыманыя ад здачы накрывак, купляюць цацкі для дзяцей з малазабяспечаных сем’яў. У Германіі за сабраныя 50 млн тон пластыкавай сыравіны былі набыты 100 тысяч вакцын ад поліяміэліту для дзяцей з Нігерыі. У Іспаніі была сабрана сума ў 1 млн еўра. Гэтыя грошы патрацілі на закупку медыцынскае абсталяванне, а таксама закупілі 153 тысячы вакцын ад поліяміэліту. Прышчэпкі таксама былі накіраваны дзецям з Нігерыі. А ў Нідэрландах за грошы, атрыманыя ад здачы накрывак, будуюць навуковы цэнтр па даследаванні дзіцячай анкалогіі.

Дробязь, якая многа значыць

Пасля чарговай праведзенай акцыі каманда Наташы задумалася над рэалізацыяй рэспубліканскага праекта па падтрымцы дзяцей. Безумоўна, можна было спыніцца на адзінкавых акцыях, але для іх правядзення неабходна ўзгадняць вялікую колькасць дакументаў. Улічваючы, што юрыдычных ведаў, як і з чаго пачынаць работу па рэалізацыі сацыяльных праектаў, было дастаткова, Наташа з аднадумцамі вырашыла рызыкнуць. Але чый вопыт узяць за аснову? Што зрабіць, каб людзі захацелі дапамагаць? Ідэя знайшлася выпадкова. Вывучаючы сацыяльныя праекты, якія рэалізоўваюцца ў свеце, Наташа знайшла цікавую інфармацыю.

У 2011 годзе Кухстрым Ахмеці, студэнт стаматалагічнага факультэта аднаго з медыцынскіх універсітэтаў Турцыі, убачыў жанчыну, якая несла на сваёй спіне сына, таму што не магла дазволіць сабе купіць інвалідную каляску. Маладога чалавека гэта вельмі ўразіла. Ён задумаўся над праблемай хворых дзяцей, над тым, што не ўсе сем’і ў стане купіць сваім хворым дзецям абсталяванне, якое можа аблегчыць ім жыццё. Кухстрым вырашыў дапамагчы жанчыне купіць каляску. Але, каб дапамагчы ўсім дзецям, якія не могуць хадзіць, трэба набыць не адзін дзясятак калясак. Толькі ці можа адзін студэнт зарабіць столькі грошай, каб забяспечыць усіх непаўналетніх з ДЦП неабходным абсталяваннем? Можа. І студэнт Ахмеці прыдумаў, як гэта зрабіць.

— Ён вырашыў рабіць грошы са смецця, — працягвае расказваць перадгісторыю ўзнікнення свайго праекта Наташа Кунцэвіч. — Пачаў збіраць пластыкавыя накрыўкі, прадаваць іх перапрацоўчым заводам, а на атрыманыя грошы купляць каляскі. Акрамя гэтага, Кухстрым прапанаваў гэтую схему дэкану свайго ўніверсітэта. Разам яны вырашылі запусціць акцыю па зборы пластыкавых накрутак і назвалі яе “Блакітная накрыўка”. Сыравіну на набыццё першай каляскі студэнты сабралі ўсяго за тры месяцы. Пасля гэтага да праекта далучыліся і іншыя ўніверсітэты, а потым сацыяльная ініцыятыва ахапіла ўсю краіну. Сёння праект студэнта ўжо сабраў больш за 300 тон пластыкавых накрывак, на выручаныя грошы валанцёры купілі больш за 1500 калясак.

Перш чым прыступіць да рэалізацыі праекта ў нашай краіне, Наташа параўнала турэцкі і беларускі рынкі. У Турцыі 1 тону накрывак перапрацоўчы завод выкупляе за 777 долараў. А ў Беларусі 1 тона накрывак каштуе ад 25 долараў. З інваліднымі каляскамі сітуацыя яшчэ больш складаная. У Турцыі валанцёры заказваюць іх у аднаго вытворцы, і адзінка адпаведнага тавару каштуе 200 долараў. Пакупка каляскі ў нашай краіне абыдзецца ў 1000 долараў. Розніца больш чым заўважная. Каб праект пачаў развівацца ў нашай краіне, неабходна было прадумаць план яго рэалізацыі ад пачатку і да канца. Самай важнай была неабходнасць знайсці нарыхтоўчы пункт, які будзе прымаць адпаведную сыравіну.

— Мы прааналізавалі рынак, знайшлі заводы, з якімі можна супрацоўнічаць, — расказвае аўтар праекта. — І нават знайшлі прадпрыемствы, якія прапаноўвалі за 1 тону накрывак не 25, а 100—110 долараў. Да таго ж дамовіліся, што, калі наладзім перспектыўныя партнёрскія адносіны, кошт за тону сыравіны будзе павышацца. Але галоўны інжынер завода, з якім вяліся перагаворы, папярэдзіў, што ў іх няма шырокага рынку збыту, таму было прапанавана адразу шукаць таксама іншых партнёраў у Беларусі і за мяжой. Я адразу пачала думаць пра Расію. Дарэчы, Расійская Федэрацыя прымае ўдзел у праекце з канца 2015 года. Грошы, якія ўдаецца сабраць, накіроўваюць не толькі на неабходнае абсталяванне, але і на лячэнне, а таксама рэабілітацыю непаўналетніх.

Перадавымі тэхналогіямі развіцця праекта можа пахваліцца Ніжні Ноўгарад. У гэтым горадзе праект атрымаў назву “Чароўная накрыўка”. У Ноўгарадзе кантэйнеры для збору накрывак зроблены з арганічнага шкла і ПЭТ ліста. На кантэйнеры нават ёсць дысплей, на якім кожны, хто прыносіць закруткі, можа выбраць фонд, якому хоча аказаць фінансавую дапамогу.

— У прадпрымальніка, які ўстанавіў “чароўныя” кантэйнеры ў гандлёвых пунктах горада, прозвішча Самадзелкін, — расказвае Наташа. — Я яму патэлефанавала, каб ён падзяліўся вопытам рэалізацыі чароўнай ідэі, і мы доўга размаўлялі пра перспектывы развіцця праекта, абмяркоўвалі фінансавы бок пытання. Аказваецца, кантэйнерамі Самадзелкіна зацікавіліся Арменія, Казахстан і Таджыкістан. Прадпрымальнік падлічыў: каб устанавіць “чароўныя” кантэйнеры ў Беларусі, нам неабходны 1 мільён долараў. Безумоўна, такіх грошай на рэалізацыю пластыкавага праекта ніхто не выдзеліць. Але першапачатковы капітал усё роўна неабходны хаця б для таго, каб устанавіць звычайныя кантэйнеры ў нашых буйных гандлёвых цэнтрах.

Мы звярталіся за падтрымкай на развіццё праекта ў некалькі структур. Напрыклад, спрабавалі выйграць грант ад Пасольства ЗША. Для гэтага я саставіла падрабязны бізнес-план інавацыйнага праекта. У ім было ўсё падрабязна распісана, былі вызначаны рынкі запыту і прапановы, але, на жаль, наша ідэя не атрымала падтрымкі. Такая ж сітуацыя склалася і з адной з экалагічных арганізацый, дзе нам таксама адмовілі. Тым не менш мы не здаліся, пачалі далей шукаць партнёраў. Тэлефануючы на заводы, якія могуць перапрацоўваць пластык, даведаліся, што ні адзін нарыхтоўчы пункт не прымае на перапрацоўку накрыўкі, калі іх пастаўляць не тонамі, а кілаграмамі. ПЭТ-бутлі, поліэтыленавыя пакеты, стрэйч-плёнка — гэтая сыравіна прымаецца ў любой колькасці, а вось з накрыўкамі вялікая праблема. Задумайцеся, колькі накрывак можна сабраць, напрыклад, ва ўніверсітэце ці школе! У дзяцей заўсёды з сабой ёсць бутэлька вады. І чаму б накрыўку ад бутэлькі не кінуць у асобны кантэйнер? Здаецца, дробязь, але і яна нешта значыць.

Эпідэмія блакітнай накрыўкі

Пасля доўгіх пошукаў Наташа знайшла партнёраў, якія гатовы аказаць дапамогу ў зборы і рэалізацыі пластыкавай сыравіны. Сёння ініцыятыву актыўнай беларускі падтрымліваюць некалькі перапрацоўчых заводаў Беларусі і нават адзін з Масквы. А гэта значыць, што цяпер засталося самае галоўнае — далучыць да праекта як мага больш устаноў адукацыі. Так, за 3 месяцы ў зборы пачалі ўдзельнічаць больш за 100 дзіцячых садоў, школ і ўніверсітэтаў. Ужо сабрана больш за 4 тоны накрывак, арганізавана каля 90 пунктаў збору, у якіх ўстанаўліваюцца спецыяльныя кантэйнеры. Дзейнасць праекта па ўсёй краіне курыруюць 60 валанцёраў.

— У нашай ідэі ёсць мэта, і яна дасягальная, — упэўнена ініцыятар праекта. — Мы плануем штомесяц збіраць 10 тысяч долараў, якія будуць накіроўвацца на дапамогу дзецям. Але для гэтага трэба кожныя 4 тыдні збіраць 40 тон пластыкавых накрывак. Такая мэта дасягальная толькі агульнымі намаганнямі. Як падтрымаць праект справамі? Усё вельмі проста: збірайце накрыўкі, адносьце іх у пункты збору або перадавайце валанцёрам.

Акрамя гэтага, накрыўкі можна збіраць дома ці на працы ў любую скрынку. Перад тым, як кінуць накрыўку ў кантэйнер, неабходна звярнуць увагу на тое, каб яна была чыстая і без укладышаў, а таксама адпавядала пэўнай маркіроўцы.

Дарэчы, у школах можна ўстанаўліваць кантэйнеры, зробленыя ўручную (з кардоннай каробкі, бутэлькі і г.д.). Галоўнае, не забыць пазначыць, што ваша скрынка знаходзіцца тут, каб закруціць добрую справу!

Наталля САХНО.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*