“Не стаўцеся скептычна да гэтых дзяцей”, — гаворыць псіхолаг, якая шмат гадоў працуе з цяжкімі падлеткамі

Адной са знакавых заяў мінулага года стала інфармацыя, якую міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка агучыў 30 снежня. Маю на ўвазе змены ў рабоце сацыяльна-педагагічных цэнтраў, адна з іх — узмацненне індывідуальнай карэкцыйнай работы з цяжкімі падлеткамі. Пра эксперымент па стварэнні рэабілітацыйнай базы для падлеткаў, якія маюць праблемы з наркотыкамі, у СПЦ з прытулкам Першамайскага раёна Мінска “Настаўніцкая газета” ўжо расказвала ў мінулым годзе. Зараз прапаноўваем вашай увазе вопыт карэкцыйнай работы з цяжкімі падлеткамі сацыяльна-педагагічнага цэнтра Баранавіч, што ў Брэсцкай вобласці.

Да падлеткаў, для падлеткаў

Пачну з таго, што вялікі аб’ём работы з цяжкімі падлеткамі вядуць нешматлікія спецыялісты. У Баранавічах у асноўным гэтым займаецца педагог-псіхолаг першай катэгорыі Іна Анатольеўна Купрыянчык, актыўна падключаецца да такой работы дырэктар установы Ксенія Лехаўна Абжэльян, працуюць, канечне, спецыялісты іншых зацікаўленых устаноў. Але ў 180-тысячным горадзе, акрамя дзяржуніверсітэта, 15 школ, 5 гімназій, ёсць іншыя навучальныя ўстановы розных узроўняў адукацыі. Карацей, моладзі многа, работы з ёй — таксама, як і з сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, замяшчальнымі бацькамі і г.д. Такую работу вядуць іншыя супрацоўнікі цэнтра, а таксама дзіцячага прытулку пры ім. Таму намер галіновага міністэрства, таксама агучаны яго кіраўніком напрыканцы мінулага года, аб узмацненні кадравага складу СПЦ вельмі дарэчы.

Але вернемся да работы з падлеткамі. І.А.Купрыянчык працуе з хлопцамі і дзяўчатамі, якія знаходзяцца ў канфлікце з законам, больш за 8 гадоў — роўна столькі, колькі складае стаж яе работы ў СПЦ горада.

— Першае, чым я пачала займацца, — гэта пярвічная і другасная прафілактыка сярод падлеткаў, якія канфліктуюць з законам, — расказвае Іна Анатольеўна. — Напачатку працавала на базе інспекцыі па справах непаўналетніх. Апошнім часам такая работа вельмі развілася. Зараз я працую і з падлеткамі, якія знаходзяцца ў канфлікце з законам, з тымі, хто мае дэвіянтныя паводзіны, з хлопцамі і дзяўчатамі, якіх накіроўваюць у спецыяльныя вучэбна- і лячэбна-выхаваўчыя ўстановы закрытага тыпу для непаўналетніх, з тымі, хто там знаходзіцца, і з падлеткамі, якія выйшлі з гэтых устаноў. А з 1 ліпеня да гэтай работы далучыўся такі кірунак дзейнасці, як прафілактычная работа з падлеткамі, якіх мы называем паўторнікамі, згодна з новай пастановай Савета Міністраў, тымі, хто ўжо трапляў у поле зроку камісіі па справах непаўналетніх па прычыне ўжывання, напрыклад, алкаголю.

Цікава, што індывідуальная работа з цяжкімі падлеткамі нярэдка пачынаецца са звароту ў СПЦ бацькоў. У асноўным на сумленні такіх праблемных дзяцей крадзяжы, хуліганствы, амаральны лад жыцця, што часцей характэрна для праблемных дзяўчынак, ужыванне наркотыкаў (асаблівы ўсплёск ужывання спайсаў быў у Баранавічах, як і па ўсёй краіне, 1,5—2 гады назад). Як правіла, гэта паўторныя правапарушэнні. Прыходзяць звычайна тыя бацькі, якія шукаюць дапамогі па-за межамі школы, жадаюць выйсці на нейкі новы ўзровень па рэкамендацыі або школ і ў суправаджэнні школьных псіхолагаў ці сацыяльных педагогаў, або камісіi па справах непаўналетніх.

Зразумела, што за такімі падлеткамі цягнецца пэўная гісторыя, паколькі яны не ўпершыню трапляюць у поле зроку закону. Педагог-псіхолаг абавязкова збірае ўсю магчымую інфармацыю пра сваіх новых падапечных: звесткі з саветаў прафілактыкі навучальных устаноў, характарыстыкі, дыягнастычныя заключэнні псіхолагаў, калі яны ёсць, даведкі пра ўмовы пражывання сем’яў і іншыя матэрыялы. Дапаўняе сабраныя даныя першая сустрэча з падлеткам, падчас якой спецыяліст імкнецца высветліць, чым жыве малады чалавек, якія праблемы ёсць у яго сям’і, у адносінах з равеснікамі.

— Усё гэта дае мне дастаткова поўную карціну, — сцвярджае мая суразмоўніца. — Калі я была яшчэ нявопытным спецыялістам, пачынала з размовы з бацькамі і дзецьмі, а яны часта даюць пра сябе недастатковую або непраўдзівую інфармацыю, гавораць, што вінаваты ўсе навокал, толькі не яны. Калі паўстае пытанне аб накіраванні падлетка ў спецустанову, педагог-псіхолаг праводзіць са сваім падапечным вельмі аб’ёмную і падрабязную дыягностыку з выкарыстаннем методыкi, якую рэкамендавала для работы грамадскае аб’яднанне “Свет без меж”, з якім СПЦ Баранавіч супрацоўнічае на працягу некалькіх гадоў. Цэнтр з’яўляецца праектнай базай гэтай арганізацыі, а названая методыка адаптавана да ўмоў Беларусі. Спецыяліст СПЦ працуе па ёй разам з педагогамі ўстановы, у якой вучыцца падлетак, выкарыстоўваючы сабраныя дакументы. І пакуль спецыялісты запаўняюць паперы, падлетак працуе з тэстамі, праз якія расказвае пра сям’ю, жыццёвыя перспектывы, адносіны з равеснікамі. Так робяцца заключэнні для камісіi па справах непаўналетніх, выяўляюцца праблемы падлетка, складаюцца рэкамендацыi па далейшай рабоце з непаўналетнiм. Часцей за ўсё праблемай з’яўляюцца адносіны ў сям’і і з равеснікамі, дрэнныя кампаніі.

З лістоў падлеткаў, якія знаходзяцца ў спецустановах закрытага тыпу: “ …Я прыеду, можна сказаць, з новымі мазгамі, буду вырашаць пытанні сур’ёзныя”; “…Тут праверыліся мае таварышы, якія былі дома: ні адзін з іх не напісаў”; “Я, з аднаго боку, крыху рад, што я тут, бо не п’ю, а з другога — не, таму што не хапае блізкіх і родных побач”.

Спецыяльныя ўмовы

— Існуе шырока распаўсюджанае меркаванне, што калі камісія па справах непаўналетніх накіроўвае падлетка ў выхаваўчую спецустанову, то гэта раўназначна накіраванню яго ў турму, — заўважае І.А.Купрыянчык. — Дзіця там канчаткова сапсуецца, нічым яму ўжо не дапаможаш. Гэта не так. Мера крайняя, але я бачу, што яна дае плён. Каб дапамагчы такім дзецям, іх трэба выключыць з таго акружэння, у якім яны знаходзяцца, бо праблема № 1 — дрэнныя кампаніі.

У СПЦ не забываюцца пра гэтых падлеткаў. Так, Іна Анатольеўна пры дапамозе аб’яднання “Свет без меж” наведвае сваіх падапечных, кантактуе з імі. А вось хто нярэдка не жадае падтрымлiваць адносiны з дзецьмi, дык гэта… іх бацькі. Так, псіхолагу даводзіцца працаваць з такімі мамамі і татамі, каб нармалізаваць бацькоўска-дзіцячыя адносіны. Ёсць бацькi, якiя не хочуць наведваць дзяцей i нават тэлефанаваць ім. Актывісты “Свету без меж” здымаюць відэазвароты падлеткаў да бацькоў, каб наладзіць кантакт, аплачваюць білеты на аўтобус для іх паездак да сваіх дачок і сыноў у спецустановы.

А прыкладна праз 4—5 месяцаў бацькі заўважаюць першыя змены ў сваіх дзецях. Такім зменам спрыяюць дысцыплiна, рэжым дня і пастаянная занятасць падлеткаў, лічыць псіхолаг. У СПЦ, дарэчы, працуе клуб для бацькоў, чые дзеці трапілі ў спецустановы: мамы і таты збіраюцца за кубкам кавы і расказваюць пра змены ў паводзінах падлеткаў. Асабліва добра такія размовы ўздзейнічаюць на тых бацькоў, чые дзеці зусім нядаўна знаходзяцца ў спецустанове: яны разумеюць, што для іх дзіцяці ёсць надзея змяніцца да лепшага.

Галоўнае, канечне, падтрымаць станоўчыя змены, не дапусціць рэцыдываў, калі падлетак выходзіць са спецустановы. Спецыялісты складаюць план індывідуальна-рэабілітацыйнай работы з непаўналетнім. Працуюць усе разам: інспекцыя і камісія па справах непаўналетніх, сацыяльна-педагагічны цэнтр, установы агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі. Падлеткаў уключаюць у мерапрыемствы — спартыўныя, акцыi, гульнi, некаторыя сумесна с педагогам-псiхолагам удзельнічаюць у форумах, якiя арганiзуе грамадскае аб’яднанне “Свет без меж” на базе САК “Брыганціна” ў Радашковічах. Усё накіравана на прафілактыку дэвіянтных паводзін і правапарушэнняў, выпрацоўцы цвёрдай жыццёвай пазіцыі, умення супрацьстаяць цяжкасцям і нягодам.

— Мы даём падлетку зразумець, што ён не адзін, што ў любой жыццёвай сітуацыі ён знойдзе дапамогу, падтрымку і разуменне з боку дарослых, — гаворыць Іна Анатольеўна. — Мы не пакідаем без увагі нават тых, каму ўжо споўнілася 18 гадоў. Тры месяцы падлеткаў суправаджае СПЦ, я працую з кожным індывідуальна, затым яшчэ год — установа адукацыі, у якой вучыцца падлетак.

Што ж атрымліваецца? За чатыры апошнія гады з 34 падлеткаў, якія былі накіраваны ў вучэбна- і лячэбна-выхаваўчыя спецустановы закрытага тыпу, каля 40% не траплялі больш у выхаваўчыя і папраўчыя ўстановы, у іх не было рэцыдываў. Ёсць прыклады, калі пасталелыя падлеткі паступалі ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Педагог гаворыць, што вынік вельмі нядрэнны, тым больш што і з 60% тых, хто не выправіў сваіх паводзін, частцы ўдаецца зрабіць гэта пазней. Зараз Іна Анатольеўна працуе з 8 падлеткамі і маладымі людзьмі, якія вярнуліся са спецустаноў.

Новыя павароты

Нагадаю, што з 1 ліпеня мінулага года ўвайшла ў сілу пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 487 аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку комплекснай рэабілітацыі непаўналетніх, ужыванне якімі наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных і іншых адурманьвальных рэчываў, ужыванне алкагольных, слабаалкагольных напіткаў або піва ўстаноўлена ў адпаведнасці з заканадаўствам. Гаворка ідзе пра тых самых паўторнікаў, пра якіх згадана на пачатку размовы.

— Канечне, работа з такiмі падлеткамі няпростая, яна была заўсёды сярод самых складаных і неабходных, — гаворыць мая суразмоўніца. — Цяпер нам прапанавана арганізаваць работу так, каб гэтыя дзеці без накіравання ў спецустановы атрымалі поўны набор паслуг на базе горада і каб мы арганiзавалi комплексную рэабiлiтацыю непаўна-летнiх, у якую ўключаны і наркалагічны дыспансер, і БРСМ, і іншыя зацікаўленыя структуры. На кожнага падлетка складаецца пярвiчная індывідуальная рэабiлiтацыйная праграма, якая ўключае кожную такую зацікаўленую арганізацыю. Я раблю дыягностыку і выяўляю праблемы падлетка, сустракаюся са спецыялістамі, якія яго ведаюць, з самім хлопцам ці дзяўчынай. Праблемы, як правіла, — гэта лішак вольнага часу, дрэнная кампанія, нізкая навучальнасць.

З ліпеня па снежань 2017 года камісія па справах непаўналетніх Баранавіцкага гарвыканкама прыняла рашэнні аб комплекснай рэабілітацыі ў адносінах 17 непаўналетніх, якія вучацца ва ўстановах агульнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі згодна з названай пастановай. З гэтых 17 — 4 школьнікі, 13 вучацца ў сярэдніх спецыяльных установах, 7 чалавек адносяцца да катэгорыі дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Толькі 2 чалавекі за паўгода былі накіраваны ў лячэбна-выхаваўчую ўстанову закрытага тыпу ўсё з той жа прычыны — неаднаразовага ўжывання алкаголю, 2 за гэты час дасягнулі паўналецця.

— Безумоўна, пакуль гэтая работа толькі наладжваецца, але пэўны вопыт мы ўжо назапасілі. Нам нярэдка тэлефануюць з іншых рэгіёнаў, каб пракансультавацца, — заўважае спецыяліст сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

Кідаецца ў вочы, як многа сярод паўторнікаў дзяцей-сірот. Іна Анатольеўна пацвярджае, што гэта асабліва складаная катэгорыя падлеткаў, якія не маюць дастатковых сацыяльна-бытавых навыкаў, каб жыць у грамадстве. Таму да іх неабходны асаблівы падыход.

Акрамя таго, СПЦ Баранавіч удзельнічае і ў праекце “Падлетак у цэнтры” грамадскай арганізацыі “Свет без меж”, накіраваным на аказанне сацыяльнай, псіхалагічнай, педагагічнай дапамогі дзецям з мэтай знiжэння рызыкі здзяйснення iмi паўторных правапарушэнняў. У праекце задзейнічаны 18 устаноў адукацыi Рэспублiкi Беларусь, з якiх два СПЦ (Баранавіч і Салігорска) і адна ўстанова закрытага тыпу (Магілёўская дзяржаўная спецыяльная школа) з’яўляюцца эксперыментальнымi базамi. Праект пад эгідай Міністэрства адукацыі пачаты ў 2017 годзе і разлічаны на два гады.

А ў верасні 2017 года ў супрацоўніцтве з грамадскай арганізацыяй псіхолаг СПЦ Баранавіч набрала групу дзяцей ад 12 да 14 гадоў, якія ўступалі ў канфлікт з законам -(здзяйснялі крадзяжы, псавалі маёмасць), і працуе з ім на прафілактыку рэцыдываў. Да гэтага часу (будзем спадзявацца і заўсёды) ніхто з групы, якая складаецца з 6 хлопчыкаў і 3 дзяўчынак, не паўтараў правапарушэнняў. У якасці заахвочвання некалькі падлеткаў разам з педагогам-псiхолагам у рамках рэспублiканскай акцыі “Нашы дзеці” ездзілі ў Мінск на забаўляльныя мерапрыемствы. Праз пэўны час І.А.Купрыянчык плануе набраць яшчэ адну групу такіх падлеткаў. Асноўная мэта — навучыцць непаўналетніх саміх рабіць нешта карыснае для сябе, выпраўляцца за кошт уласнай работы над сабой.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва І.А.КУПРЫЯНЧЫК.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*