Дапамога, якая заўсёды мае сэнс

Штогод у Беларусі неданошанымі нараджаюцца не больш за 4% дзяцей, 90% з якіх урачам удаецца выхадзіць. Адразу пасля нараджэння тых малышоў, якія з’яўляюцца на свет раней за вызначаны тэрмін, маюць крытычна нізкую масу цела і не могуць самастойна дыхаць, пераводзяць у рэанімацыю. На 2—3 месяцы маму такім дзеткам замяняюць спецыяльныя кювезы. Для таго каб неданошаны малыш гарманічна рос, у кювезах неабходна ствараць спрыяльную атмасферу. Адной з абавязковых умоў правільнага развіцця з’яўляецца наяўнасць на кювезах спецыяльных чахлоў, якія абараняюць дзіцятка ад яркага святла. На жаль, не ўсе радзільныя дамы з-за высокага кошту могуць закупіць адпаведныя вырабы для сваіх рэанімацый. Тым не менш выйсце з гэтай сітуацыі таксама ёсць.

Праблему недахопу чахлоў на кювезы ў рэанімацыях радзільных дамоў паспрабавала вырашыць рамесніца Марына Бегункова, аўтар аднайменнага рэспубліканскага сацыяльнага праекта “Чахлы на кювезы для неданошаных дзяцей”.

Пра фінскую каробку і аўтарскі пупс-бокс

2 гады назад муж Марыны прывёз са Скандынавіі цікавую ідэю. У Фінляндыі ўжо амаль на працягу 70 гадоў усім мамам, у якіх нараджаецца дзіця, незалежна ад сацыяльнага статусу і фінансавага становішча сям’і, выдаецца каробка, у якой знаходзяцца рэчы першай неабходнасці для немаўляці. Бясспрэчным плюсам каробкі з’яўляецца тое, што яе можна выкарыстоўваць як першую люльку дзіцяці.

— Муж вярнуўся з чарговай рабочай паездкі і сказаў, што бачыў каробку для дзіцяці, — узгадвае Марына. — Я калісьці чытала пра такі праект, але асаблівай увагі яму не ўдзяліла. Аказваецца, у Фінляндыі праграма па раздачы такіх каробак жанчынам, якія нарадзілі дзіця, дзейнічае з 1949 года. Спачатку бэбі-боксы прызначаліся для бедных сем’яў, а пасля ідэя вырасла.

Унутры фінскага бокса знаходзіцца ўсё тое, што можа спатрэбіцца нованароджанаму малышу ў першыя дні жыцця: сродкі гігіены, памперсы, распашонкі, коўдра. Калі ўлічыць той факт, што многія не купляюць рэчы загадзя, а ў некаторых сем’ях дзеці нараджаюцца раней за вызначаны тэрмін, бэбі-бокс з’яўляецца проста знаходкай. Маладым бацькам не трэба ламаць галаву, як паспець сабраць усё неабходнае для малыша, таму што яны ведаюць, што ў іх будзе каробка.

Прааналізаваўшы беларускі рынак паслуг, Марына ўпэўнілася, што падобных прапаноў у Беларусі няма. Дзяўчына вырашыла запусціць уласны праект, стварыць эксклюзіўныя аўтарскія каробкі — пупс-боксы.

— Вельмі цудоўна, што ў нашых маладых мам таксама могуць быць каробкі, падобныя да фінскіх, — расказвае пра рэалізацыю праекта Марына Бегункова. — Сабраць у іх я вырашыла ўсё толькі самае арыгінальнае і функцыянальнае. Ідэальным варыянтам сталі рэчы хэнд-мэйд. Такое рашэнне з’явілася таму, што сёння маладых мам цяжка здзівіць. У магазінах можна знайсці што заўгодна, а паўтарацца з рынкам не хацелася. Так, дзякуючы сацыяльным сеткам, знайшла ў Гродне майстра, які вырабляе цацкі з дрэва. Спецыяльна для нашага праекта мужчына робіць драўляных грызункоў — цацкі, якія можна даваць дзіцяці ў той перыяд, калі лезуць зубкі. Акрамя гэтага, у Мінску знайшла майстроў па пашыве дзіцячага адзення.

Сёння ў майстэрні Марыны ёсць чатыры віды каробак. Гэта значыць, што, калі майстру патэлефануюць, яна зможа прапанаваць на выбар любы ўжо сабраны набор. Самымі папулярнымі, дарэчы, з’яўляюцца боксы з базавай камплектацыяй. Тут ёсць коўдра-канверт, шапачка, драпкі ці шкарпэткі.

— Склад каробкі залежыць ад таго, якая пара года за акном, — тлумачыць рамесніца. — Калі дзіця нарадзілася зімой, рэчы будуць зроблены з іншага матэрыялу. У каробцы ёсць і набор пялёнак — 3 тонкія з паркалю і 3 фланелевыя. У дадатак да гэтага ў кожным боксе ляжыць грызунок, а таксама цацка-развівайка, якую можна павесіць на каляску ці дзіцячы ложак. Абавязкова ў наборы будуць мелавая дошка, на якой пазначаюцца метрыкі дзіцяці. Дошка, дарэчы, таксама даволі ўніверсальная рэч. Калі дзіця падрасце, зможа самастойна на ёй маляваць. Яшчэ можна заказваць больш поўны па камплектацыі бокс. У яго ўваходзіць адзенне для малыша.

Кювезы засцерагаюць ад яркага святла, якое з’яўляецца небяспечным для яшчэ не да канца развітой сятчаткі вачэй. Калі не абараніць вочы неданошанага дзіцяці ад празмернай яркасці сонца, яно можа часткова ці поўнасцю страціць зрок.

У планах Марыны — папоўніць каробкі беларускай доглядавай касметыкай і падгузнікамі. Як заўважыла дзяўчына, многія маладыя мамы скептычна ставяцца да касметыкі, якая вырабляецца ў нас у краіне. Але некаторыя сродкі гігіены не ўступаюць па сваёй якасці прадуктам замежных вытворцаў.

— Усё, што прапаноўваю маладым мамам, праверана на сабе, — прыводзіць аргумент рамесніца. — У мяне расце 4-гадовая дачка, таму ўсё тое, што раю сваім кліентам, прайшло выпрабаванні ў нас дома. Напрыклад, на касметыку вядомай замежнай маркі ў дзіцяці была алергія, затое беларускія сродкі, кошт якіх у разы меншы, для дзіцячай скуры падышлі ідэальна. Безумоўна, усё індывідуальна. І тое, што прыжылося ў маім ванным пакоі, можа не знайсці месца ў кагосьці іншага. Тым не менш усё трэба спрабаваць. Таму пробнікамі касметыкі, а таксама падгузнікамі планую даўкамплектаваць боксы. Сёння пупс-боксы карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў якасці падарунка будучай маме. Вельмі часта, калі жанчына збіраецца ў перадродавы адпачынак, калегі на рабоце дораць ёй падарункі, выбіраць якія вельмі цяжка. Мая каробка ўжо не раз выратоўвала сітуацыю. Я падтрымліваю зносіны з многімі сваімі пакупнікамі і ведаю, што яшчэ нікога пупс-бокс не пакінуў раўнадушным.

Дапамагчы, каб выратаваць

Самым маштабным, сацыяльна значным і неабходным праектам Марыны Бегунковай, да якога далучылася ўся краіна, з’яўляюцца “Чахлы на кювезы для неданошаных дзяцей”. Дзякуючы сваёй дзейнасці — пашыву тэкстылю, дзяўчына кантактуе з маладымі мамамі. Яшчэ ў час чакання дзіцяці бацькі прыязджаюць у майстэрню і падбіраюць тканіны для канвертаў на выпіску, коўдры ў ложак, пялёнкі.

— Пасля таго як дзіця народзіцца, мамы дасылаюць здымкі, дзе іх дочкі-сыночкі спя ць на тэкстыльных вырабах, якія шыю, — канстатуе рамесніца. — Безумоўна, часта бацькі заказвалі неабходныя рэчы на пэўную дату, бліжэй да чаканага дня нараджэння дзіцяці. Але настаў такі перыяд, калі мамы тэлефанавалі і прасілі пашыць канверт на выпіску ў найбліжэйшы час, таму што дзіця нарадзілася раней за вызначаны тэрмін. Даводзілася экстранна ноччу дашываць канверты. І такіх выпадкаў было некалькі. Тым не менш вырашальнай стала адна сумная гісторыя. Памятаю, як будучыя мама і тата доўга выбіралі тканіну для пасцельнай бялізны, кансультаваліся са мной, якія матэрыялы неалергенныя, якое адценне лепш падабраць для дзіцяці. Жанчына, дарэчы, павінна была нарадзіць з дня на дзень. Мы ўсё падабралі, агаварылі тэрміны выканання работы, заказалі тканіну. Праз некаторы час будучую маму паклалі ў бальніцу на захаванне цяжарнасці, дзе падчас чарговага УГД урачы канстатавалі, што дзіця яшчэ тыдзень назад памерла. Я доўга не магла адысці ад шоку, гэта мяне вельмі ўзрушыла. Мама, у якой здарылася такое гора, мне яшчэ доўга пісала. У той момант я падумала, што трэба заканчваць з гэтай работай. А потым мне на вочы трапілася інфармацыя пра конкурс сацыяльных праектаў Social Weekend. Гэта была цудоўная магчымасць паспрабаваць сябе ў сацыяльным прадпрымальніцтве. Прапаноўваць, безумоўна, хацела праект, накіраваны на дапамогу дзецям і мамам.

Каб вызначыцца з праектным кірункам, Марына пачала маніторыць інфармацыю па доглядзе неданошаных дзяцей. У рэанімацыях радзільных дамоў, бальніцах Еўропы і Расіі распаўсюджана практыка выкарыстання чахлоў на кювезы для неданошаных дзяцей. Кювезы дапамагаюць дзеткам адаптавацца да навакольнага асяроддзя, ствараюць атмасферу абароненасці і засцерагаюць ад яркага святла, якое з’яўляецца небяспечным для яшчэ не да канца развітой сятчаткі вачэй. Калі не абараніць вочы неданошанага дзіцяці ад празмернай яркасці сонца, яно можа часткова ці поўнасцю страціць зрок.

Даведка

17 лістапада ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень неданошаных дзяцей.

На Захадзе часта выкарыстоўваюць не проста медыцынскія чахлы, а чахлы, пашытыя з дзіцячых тканін. Гэта зроблена для таго, каб бацькі, гледзячы на маленькага чалавечка, які ляжыць у кювезе, не ўпадалі ў паніку, каб было псіхалагічна лягчэй успрымаць сваё маленькае неданошанае дзіця, да якога падключаны жыццёва неабходныя медыцынскія апараты.

— Мама, у якой нараджаецца неданошанае дзіця, наогул не ведае, што ёй рабіць, — дзеліцца назіраннямі Марына. — І калі яна прыходзіць у рэанімацыю і бачыць чахол з прыгожымі дзіцячымі прынтамі, унутрана супакойваецца. Чахлы неабходны для таго, каб не толькі кантраляваць узровень святла і цяпла, але і ствараць імітацыю ўлоння маці. Для таго каб зразумець, наколькі вострай для нашых радзільных дамоў з’яўляецца праблема недахопу чахлоў, я правяла невялікае расследаванне. Аказваецца, толькі каля 10% рэанімацый маюць такія чахлы. Чым ратуюцца? Коўдрамі, пялёнкамі або зусім не накрываюць кювез. Ад зін чахол у рэанімацыю, які выкананы з медыцынскіх тканін, каштуе 1 тысячу еўра. Тканіна шчыльная, але не дыхае. Мне расказалі, што ў Віцебскі раддом закупілі і кювезы, і чахлы ад вытворцы. Але іх нельга было мыць разам з астатняй бялізнай, таму што яны не вытрымаюць высокай тэмпературы. Менавіта з-за гэтага ўрачам даводзілася кожныя 3—4 дні бра ць чахлы дадому і мыць рукамі. Згадзіцеся, не ўсе беларускія радзільныя дамы могуць сабе дазволіць патраціць лішнюю тысячу нават на ад зін чахол. А калі ў рэанімацыі 8—10 кювезаў, дзе на ўсе ўзяць грошы? У нас у краіне 110 радзільных дамоў, і для большасці з іх тэма недахопу чахлоў на кювезы з’яўляецца актуальнай. Каб на свае вочы ўбачыць, якім павінен быць чахол, я паехала ў 2-гі мінскі радзільны дом, у якім мне ўсё паказалі і расказалі. Вялікую дапамогу аказала РНПЦ “Маці і дзіця”. Яны мне на суткі далі чахол дадому. І мы разам з мамай, якая працуе швачкай, зрабілі выкрайку і пашылі першы выраб. Такім чынам, сабекошт аднаго майго чахла складае 30—35 рублёў. Тканіны, з якіх яны пашыты, зносаўстойлівыя, дыхаюць, створаны з якаснай бавоўны.

Чахлы ў раддом, кокан — у дом

Такім чынам, Марына прыдумала свой дабрачынны праект і падала заяўку для ўдзелу ў VIII Рэспубліканскім конкурсе Social Weekend з надзеяй атрымаць грант. Рамесніца з самага пачатку ведала, што ў любым выпадку, нават калі не атрымае падтрымкі мецэнатаў, чахлы пашые.

— Для гэтага праекта з самага пачатку, як толькі з’явілася ідэя, пачала адкладваць грошы. Мае кліенты таксама ведалі, што палова сумы, якую выручала за выкананыя заказы, адкладвалася на чахлы. Калі аб’явілі збор сродкаў на платформе “Мае Сэнс”, 60% ад усяго кошту чахлоў сабралі звычайныя людзі, — дадае Марына. — Дарэчы, я дакладна ведаю, што сярод людзей, якія фінансава падтрымалі праект, ёсць і мае мамы.

Праект “Чахлы на кювезы для неданошаных дзяцей” выйшаў у фінал Social Weekend, на які дзяўчына прыйшла з першай партыяй адшытай прадукцыі. Пасля галасавання на конкурсе праект Марыны Бегунковай быў заўважаны адным з мецэнатаў, а значыць, тэма кювезаў была прызнана актуальнай.

— У выніку мы атрымалі суму, якой хапіла для таго, каб пашыць 72 чахлы для 12 рэанімацый, хаця спачатку планавалася, што будзем шыць 60 вырабаў для 10 спецыялізаваных устаноў, — падсумавала таленавітая рамесніца. — На сёння ў рамках Social Weekend праект лічыцца завершаным.

Сёння “Чахлы на кювезы для неданошаных дзяцей” — гэта сацыяльны дабрачынны праект. Але ў планах Марыны ёсць яшчэ адна карысная задума: дзяўчына хоча запусціць ініцыятыву па стварэнні коканаў-гнёздаў, у якія кладуць малышоў.

— Нашы ўрачы ведаюць аб коканах, шмат гавораць, але фінансаў для рэалізацыі гэтай ідэі няма, — падкрэслівае Марына. — Коканы-гнёзды становяцца папулярнымі і сярод маладых бацькоў, а значыць, праект мае права на жыццё. Безумоўна, ёсць у планах і пашыў адзення для неданошаных дзетак. І гэта таксама вельмі актуальная праблема, таму што на тых, хто нараджаецца раней за вызначаны тэрмін, у магазінах адзення няма зусім.

Паступова рамесніца плануе выйсці на новы ўзровень развіцця, заняцца сацыяльным прадпрымальніцтвам. Марына Бегункова ўпэўнена, што сацыяльныя праекты павінны быць накіраваны на тое, каб аблегчыць жыццё людзей. І гэта насамрэч так. Толькі правільныя ініцыятывы змогуць змяніць звыклы ўклад жыцця і падтрымаць тых, каму неабходна дапамога.

Наталля САХНО.
Фота з архіва Марыны БЕГУНКОВАЙ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*