Не падобны да ўсіх, а значыць, чужы?

Адной з найбольш цяжкіх праблем, якая стаіць перад сусветным грамадствам, з’яўляецца праблема бежанцаў і асоб, што шукаюць прытулку. Сёння па ўсім свеце адносіны да перасяленцаў неадназначныя. Ёсць тыя, хто раўнадушна ставіцца да замежнікаў, але ёсць і такія, хто з непрыкрытай агрэсіяй выказваецца ў адрас чужаземцаў.

Для больш дэталёвага вывучэння пытанняў вымушаных перасяленцаў, а таксама іх падтрымкі, грамадскія арганізацыі рэалізоўваюць шматлікія праекты. У нашай краіне гэтым займаецца МГА “Развіццё”, асноўнымі кірункамі якога з’яўляюцца інфармацыйна-аналітычная падтрымка і вырашэнне праблемы бежанцаў у Рэспубліцы Беларусь.

Больш падрабязна пра дзейнасць і праекты арганізацыі расказаў выканаўчы дырэктар Міжнароднага грамадскага аб’яднання па навукова-даследчых і інфармацыйна-адукацыйных праграмах “Развіццё” Андрэй Уладзіміравіч СЕЛІВАНАЎ.

— Андрэй Уладзіміравіч, што стала перадумовай для стварэння міжнароднай арганізацыі па падтрымцы бежанцаў? З чаго пачалася гісторыя “Развіцця”?

— “Развіццё” было створана ў 2001 годзе. Але ўсё пачалося ў 1997 годзе, калі ў БДУ быў створаны Цэнтр па вывучэнні ААН. Такім чынам, Міжнароднае грамадскае аб’яднанне па навукова-даследчых і інфармацыйна-адукацыйных праграмах “Развіццё” з’яўляецца пераемнікам Цэнтра па вывучэнні ААН, які быў сумесным праектам Праграмы развіцця ААН, Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Цэнтр працаваў на карысць мэтам і ідэалам ААН у Рэспубліцы Беларусь, садзейнічаў даследаванням і вывучэнню дзейнасці ААН, у тым ліку такіх кірункаў, як міжнародная бяспека, эканамічныя, сацыяльныя і гуманітарныя пытанні, навакольнае асяроддзе, міжнароднае права, правы чалавека, абарона бежанцаў.

Даведка

Згодна з данымі УВКБ ААН, на 1 студзеня 2018 года ў Беларусі зарэгістравана 6007 людзей без грамадзянства.

У Беларусі з 1997 года статус бежанца набылі 940 чалавек, яшчэ 2987 замежнікаў атрымалі дадатковую абарону. Згодна са статыстыкай МУС, у мінулым годзе за атрыманнем статусу бежанца ў Беларусі часцей за ўсё звярталіся ўкраінцы, на другім месцы — расіяне, сірыйцы і пакістанцы. Цікава, што ў мінулым годзе прытулку ў Беларусі прасіў 1 грамадзянін Канады, 1 прадстаўнік Егіпта, двое з Літвы і 6 чалавек з Грузіі. Дарэчы, упершыню ў гісторыі краіны прытулку ў нашай краіне папрасіў грамадзянін ЗША.

Усяго за атрыманнем прытулку ў Беларусі ў мінулым годзе звярталіся 748 асоб, большасць з якіх — прадстаўнікі Украіны. 553 чалавекі атрымалі дадатковую абарону. Дадатковая абарона — гэта амаль тое, што і статус бежанца. Розніца ў тым, што дадатковая абарона даецца на адзін год, у той час як статусам бежанца чалавек надзяляецца бестэрмінова. Атрымаць статус бежанца могуць тыя, хто па розных прычынах падвяргаецца на сваёй радзіме ганенням.

Сярод бежанцаў, якія сёння жывуць у Беларусі, самая вялікая група перасяленцаў з Афганістана.

У 1998—2000 гадах цэнтр ажыццяўляў інфармацыйна-асветніцкую і адукацыйную дзейнасць у галіне правоў чалавека і бежанцаў. А ўжо ў 2001 годзе было створана Міжнароднае грамадскае аб’яднанне па вывучэнні ААН і інфармацыйна-адукацыйных праграмах. Як і цэнтр, аб’яднанне працягвала ажыццяўляць інфармацыйна-асветніцкую і адукацыйную дзейнасць у галіне міжнароднага права, міжнародных адносін, дзейнасці ААН і іншых міжнародных арганізацый. Безумоўна, асаблівае месца ў дзейнасці арганізацыі займала і займае вывучэнне і абарона правоў чалавека і бежанцаў. Што тычыцца аб’яднання па вывучэнні ААН, яно працягвала займацца адукацыйнымі праграмамі, а таксама каардынавала дзейнасць па пытаннях бежанцаў сярод рэгіянальных грамадскіх арганізацый-партнёраў.

— Наколькі актуальнай праблема бежанцаў была і ёсць для нашай краіны?

— Калі пачыналі праводзіць першыя семінары па пытаннях бежанцаў, нас спрабавалі запэўніць, што гэтая праблема нікога не цікавіць, яна не вельмі актуальная для Беларусі. Тым не менш і “арабская вясна”, і крызіс ва Украіне, якія прывялі да таго, што ў Беларусь пачалі прыязджаць бежанцы, пацвердзілі адваротнае. Пасля гэтага ў “Развіццё” па кансультацыю пачалі звяртацца шматлікія грамадскія арганізацыі, а таксама самі бежанцы. Часцей за ўсё перасяленцы задавалі адно і тое ж пытанне: куды звярнуцца, каб дапамаглі? Безумоўна, мы давалі адказы на тыя пытанні, якімі дасканала валодалі. Акрамя гэтага, для больш поўнай інфармацыі накіроўвалі ў службу па кансультаванні бежанцаў.

Даволі часта перасяленцы і асобы без грамадзянства маюць патрэбу ў юрыдычнай кансультацыі, якую ім прадстаўляюць менавіта юрысконсульты. Безумоўна, найбольш частымі з’яўляюцца пытанні, як атрымаць статус бежанца ці дадатковую абарону, што з нядаўняга часу пачала дзейнічаць у краіне ў адносінах да бежанцаў і асоб без грамадзянства.

У пацвярджэнне таму, наколькі актуальнай праблема бежанцаў з’яўляецца для Беларусі, прывяду наступны факт. Толькі за першае паўгоддзе 2018 года 457 чалавек звярнуліся ў Беларусь, каб атрымаць статус бежанца. Акрамя гэтага, на тэрыторыі краіны жыве больш за 6000 асоб без грамадзянства. Гэта сведчыць пра тое, што праблема бежанцаў існуе і мы павінны яе кампетэнтна вырашаць. Бежанцы — звычайныя людзі, і яны маюць права на абарону сваіх правоў.

— Сёлета ўпершыню працавала летняя школа па праве бежанцаў. Чым была выклікана неабходнасць яе правядзення? І ў чым яе перавага перад іншымі метадамі работы са студэнтамі?

— Летняя школа па праве бежанцаў была арганізавана прадстаўніцтвам УВКБ ААН у Беларусі, каб прыцягнуць увагу і цікавасць студэнтаў-юрыстаў да пытанняў абароны правоў бежанцаў. “Развіццё” дапамагала ў арганізацыі школы. Яшчэ адной задачай летняй школы была падрыхтоўка маладых спецыялістаў, якія ў далейшым плануюць працаваць з правамі чалавека, а таксама будуць вырашаць шматлікія пытанні, у тым ліку гуманітарныя.

Такім чынам, на працягу трох дзён удзельнікі з усёй Беларусі разглядалі і вывучалі найбольш важныя аспекты правоў бежанцаў у кантэксце міжнароднага права, вывучалі асноўныя прынцыпы абароны падмандатных асоб УВКБ ААН, разбіраліся ў пытаннях нацыянальнай сістэмы прытулку Рэспублікі Беларусь. Для замацавання атрыманых ведаў на практыцы студэнтам было прапанавана паўдзельнічаць у ролевай гульні Moot Court. Moot Court (вучэбны судовы разбор) — гэта мадэляванне судовага пасяджэння, для выступлення ў якім студэнты загадзя рыхтуюць пісьмовыя работы — мемарандумы — ад імя абодвух бакоў, як істца, так і адказчыка (радзей — пракурора і абвінавачванага), і ў далейшым прэзентуюць свае пазіцыі падчас вусных раўндаў-дэбатаў.

Па словах прадстаўнікоў МУС, у першым паўгоддзі 2018 года колькасць замежнікаў, якія звярнуліся ў адпаведныя органы з хадайніцтвамі аб абароне, склала 456 чалавек. У параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года паток вымушаных мігрантаў вырас на 87,7%. З хадайніцтвамі аб атрыманні абароны звярнуліся выхадцы з 18 дзяржаў. Спіс краін, адкуль у Беларусь прыбывалі вымушаныя мігранты, у параўнанні з папярэднім годам, амаль не змяніўся. Заяўнікі з Украіны склалі 412 чалавек (90,4% ад агульнай колькасці). Яны, як і ў папярэднія гады, з’яўляюцца самай шматлікай групай вымушаных мігрантаў, якія звярнуліся з хадайніцтвамі аб абароне. Акрамя гэтага, у першым паўгоддзі 2018 года ў Беларусь прыбылі вымушаныя мігранты з Сірыі (14 чалавек), Узбекістана (5 чалавек), Бангладэш і Індыі (па 4 прадстаўнікі), а таксама па 2 перасяленцы з Афганістана, Кубы, Пакістана і Расіі.

Дарэчы, навучанне ў школе складалася з лекцый і гульняў-сімуляцый. Але перш чым далучыць студэнтаў да абмеркавання праблем бежанцаў, ім неабходна было дапамагчы разабрацца з гістарычнымі прычынамі вымушанай міграцыі, а таксама з такімі паняццямі, як бежанец і асоба без грамадзянства. Увогуле, кожны дзень школы быў адметным і цікавым. Мы разглядалі асноўныя інструменты ў сферы абароны правоў бежанцаў, вывучалі Нью-Ёркскую дэкларацыю і Глабальны дагавор. Акрамя гэтага, з экспертамі размаўлялі пра нацыянальную сістэму прыстанішча, працэдуру вызначэння статусу бежанца, інтэграцыі ў краіне і інш.

У апошні дзень правядзення школы ўсе ўдзельнікі атрымалі памятныя падарункі і сертыфікаты аб удзеле ў маштабным летнім мерапрыемстве. Прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў Жан-Іў Бушардзі выступіў перад удзельнікамі школы. Ён адказаў на пытанні студэнтаў і спадзяецца, што інфармацыя, атрыманая ў рамках школы, будзе карыснай для далейшага прафесійнага развіцця ўдзельнікаў.

Бежанцы, а таксама асобы без грамадзянства, якія пражываюць ці часова знаходзяцца на тэрыторыі краіны, надзелены такімі правамі і сацыяльнымі гарантыямі, якія даюць магчымасць жыць нароўні з беларусамі. Так, адным з важных правоў з’яўляецца права на ажыццяўленне працоўнай дзейнасці.

Як паведаміў намеснік начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Рэспублікі Беларусь палкоўнік міліцыі Аляксандр Ціханавіч Татура, у адпаведнасці з часткай 2 артыкула 11 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь”, парадак ажыццяўлення працоўнай дзейнасці замежнікамі, якія часова знаходзяцца ці часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, вызначаецца адпаведнымі заканадаўчымі актамі.

Працаўладкаванне і ажыццяўленне працоўнай дзейнасці замежнікамі, якія пражываюць ці часова знаходзяцца на тэрыторыі краіны, рэгулюецца Законам Рэспублікі Беларусь “Аб знешняй працоўнай міграцыі”.

Часткай другой артыкула 2 Закона “Аб знешняй працоўнай міграцыі” ўсталяваны пералік замежнікаў, на якіх не распаўсюджваецца дзеянне дадзенага дакумента. Пры прыёме на працу такіх асоб наймальнік не павінен атрымліваць дазвол на прыцягненне замежнай працоўнай сілы, а таксама спецыяльны дазвол на права займацца працоўнай дзейнасцю ў Рэспубліцы Беларусь на кожнага замежніка.

Такім чынам, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія атрымалі статус бежанца або дадатковую абарону ці прытулак у Рэспубліцы Беларусь, а таксама тыя, хто хадайнічае аб прадастаўленні статусу бежанца, дадатковай абароны ці прытулку ў Рэспубліцы Беларусь, могуць працаўладкоўвацца разам з грамадзянамі нашай краіны.

Дарэчы, удзельнікі школы выказалі меркаванне, што трох дзён для правядзення школы мала. Улічваючы цікавасць студэнтаў да ўзнятай праблемы, мяркуем, што ў наступным годзе школа будзе праходзіць на працягу пяці дзён.

Наталля САХНО.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*