Свабодны інтэрактыў

Як спыніць гандаль людзьмі і не стаць ахвярай трафікінгу?

Сёння гандаль людзьмі займае першае месца ў спісе тых глабальных праблем, якія патрабуюць неадкладнага рэагавання. Маштабы гэтай з’явы нават больш шырокія, чым распаўсюджванне наркотыкаў і продаж зброі. І толькі той чалавек, чыё жыццё хаця б аднойчы было пад пагрозай рабства, разумее, чаго могуць каштаваць сацыяльная свабода і бяспека.

30 ліпеня адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з гандлем людзьмі. Напярэдадні гэтай даты з 16 па 21 ліпеня на тэрыторыі спартыўна-аздараўленчага цэнтра “Тэніс у Сонечным” у Валожынскім раёне працаваў 2-гі Маладзёжны летні лагер “Вывучай. Дзейнічай. Падзяліся”.

Лагер арганізаваны Прадстаўніцтвам міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі сумесна з Міністэрствам унутраных спраў і Міністэрствам замежных спраў, а таксама прадстаўніцтвамі UNICEF, UNAIDS і інш.

Для ўдзелу ў лагеры спецыяльнай камісіяй на конкурснай аснове былі выбраны 18 маладых людзей. Менавіта ім выпала магчымасць на працягу 6 дзён разам з экспертамі вывучаць праблему гандлю людзьмі.

Як заўважыў падчас адкрыцця лагера кіраўнік прадстаўніцтва МАМ у Беларусі Зейнал Гаджыеў, заявак для ўдзелу ў “Вывучай. Дзейнічай. Падзяліся” сёлета паступіла больш, чым у мінулым годзе.

— Чым больш інфармацыі распаўсюджваецца аб гандлі людзьмі, тым больш маладых людзей імкнуцца зразумець гэтую праблему і паспрабаваць унесці свой уклад у яе вырашэнне, — гаворыць Зейнал Гаджыеў. — Беларусь стала адной з першых краін, якая далучылася да глабальнай кампаніі “МАМ-IKC: спыні гандаль людзьмі” па супрацьдзеянні гандлю людзьмі. І прыемна, што, дзякуючы ўдзелу ў “Вывучай. Дзейнічай. Падзяліся”, маладыя людзі змогуць не толькі больш дэталёва вывучыць гэтую праблему, але і выступяць са сваімі ідэямі, прапановамі, якія накіраваны на вырашэнне таго пытання, якое сёння нас у чарговы раз сабрала разам. Падчас функцыянавання лагера калегі з МАМ прэзентуюць сваю дзейнасць, раскажуць моладзі, над якімі яшчэ праблемамі працуе наша арганізацыя. Так, гандаль людзьмі — сур’ёзная з’ява, але і праблемы, звязаныя з міграцыяй, таксама патрабуюць вырашэння і хуткага рэагавання.


У дзень адкрыцця лагера надвор’е было дажджлівым, але на настрой удзельнікаў гэта не паўплывала, таму што тут, на крытай пляцоўцы, сабралася неабыякавая моладзь, якая хацела і спрабавала знайсці рашэнне актуальных сацыяльных праблем. Дарэчы, менавіта гандаль людзьмі хавае ў сабе найбольшую небяспеку, прычым не толькі для тых, хто сутыкнуўся з такой трагедыяй асабіста, але і для краіны ў цэлым.

Такім чынам, мэта, якую ставілі перад сабой арганізатары летняга лагера — навучыць будучых маладзёжных лідараў правільна разумець праблемы трафікінгу, а таксама дапамагчы зразумець, якім чынам можна ўнесці свой уклад у барацьбу з гандлем людзьмі.

Як заўважыў падчас адкрыцця лагера намеснік начальніка ўпраўлення галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Уладзімір Емяльянаў, “сёння гандаль людзьмі з’яўляецца адной з найбольш небяспечных праяў арганізаванай транснацыянальнай злачыннасці. З 2002 года ў Беларусі выяўлена больш як 5600 ахвяр гандлю людзьмі, каля 5000 з якіх ахвяры сексуальнай эксплуатацыі. Таксама назіраліся з’явы працоўнай эксплуатацыі. Ужо многае зроблена, каб мінімізаваць маштабы гэтай з’явы. Безумоўна, самі мы не змаглі б з гэтым справіцца, у нас наладжаны добрыя сувязі з замежнымі калегамі і міжнароднымі грамадскімі арганізацыямі. І, дзякуючы сумесным намаганням, нам удаецца ліквідаваць пастаўкі людзей за мяжу. Так, мы выяўляем злачынствы і прыцягваем трафікёраў да адказнасці. Але важным з’яўляецца пытанне рэабілітацыі ахвяр, работы з імі. Многія кажуць, што лепшым інструментам з’яўляецца прафілактыка. І дзейнасць лагера “Думай. Дзейнічай. Падзяліся” шмат у чым накіравана якраз на недапушчэнне супрацьзаконных з’яў. Правядзенне такога лагера — адна з мер прафілактыкі ў маладзёжным асяроддзі тых негатыўных з’яў, якія звязаны з гандлем людзьмі. Пасля вяртання з лагера ў свае навучальныя ўстановы, на рабочыя месцы хлопцы і дзяўчаты змогуць падзяліцца набытымі ведамі, а значыць, тых, хто будзе валодаць інфармацыяй аб праблеме гандлю людзьмі, стане больш”.

Зразумела, што маладым людзям, якія прыехалі ў лагер, выпала магчымасць сумесна з экспертамі паспрабаваць знайсці аптымальныя рашэнні праблемы гандлю людзьмі, падумаць, якія яшчэ інструменты можна выкарыстаць, каб зменшыць маштабы гэтай з’явы. Як расказалі эксперты, менавіта бежанцы і мігранты часцей за ўсё становяцца ахвярамі незаконнага гандлёвага бізнесу. Чаму так адбываецца? Для таго, каб разабрацца ў гэтай праблеме, хлопцы і дзяўчаты прынялі ўдзел у ролевай гульні УВКБ ААН.

Быць інфармаваным = быць абароненым

Для вырашэння любой сацыяльнай праблемы вялікае значэнне мае своечасовае інфармаванне, а ў праблеме недапушчэння гандлю людзьмі менавіта яно з’яўляецца найбольш каштоўным інструментам. Як заўважыў Уладзімір Емяльянаў, мэта лагера якраз у тым, каб правільна данесці неабходную інфармацыю да ўдзельнікаў праекта, якія пасля змогуць распаўсюдзіць яе ў сваім акружэнні.

Для таго, каб данесці да маладых людзей як мага больш карысных і важных фактаў, якія тычацца праблемы гандлю людзьмі, усе заняткі праводзіліся ў інтэрактыўна-гульнявой форме.

Аліна Метнер працуе педагогам-арганізатарам у цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска. Заяўку на ўдзел у конкурсе дзяўчына падала мэтанакіравана.

— Я з’яўляюся валанцёрам бабруйскай арганізацыі “Маці супраць наркотыкаў”, у якой вяду кінаклуб для дзяўчат, — расказвае Аліна. — Безумоўна, усімі тымі ведамі, якія атрымаю падчас удзелу ў лагеры, буду дзяліцца са сваімі дзяўчатамі. Сітуацыі, якія разглядаем у інтэрактывах, розныя па маштабе, але кожная з іх патрабуе неадкладнага рэагавання. Калі звярнуцца да практычнай часткі, UNICEF, што займаецца правамі дзіцяці, прапанавана падчас дэбатаў правесці дыскусію і разгледзець наступнае пытанне “Ці павінны дзеці, якія сталі ахвярамі рабства, трапілі ў працоўную ці сексуальную эксплуатацыю, выконваць усё тое, што ім скажа гандляр людзьмі?”. І вось яшчэ адна сітуацыя. Дарослы чалавек паехаў працаваць за мяжу і стаў ахвярай працоўнай эксплуатацыі, трапіў у рабства. Зразумела, што вырашэннем гэтай праблемы будзе займацца міжнародная арганізацыя па міграцыі.

Праблемы, звязаныя з бяспечным выездам за мяжу, з удзельнікамі лагера разглядалі прадстаўнікі МАМ, а таксама супрацоўнікі міністэрстваў унутраных і замежных спраў. Увогуле, кожная з буйных міжнародных арганізацый давала магчымасць зразумець, чым займаюцца менавіта яны і на вырашэнне якіх праблем накіроўваюць свае рэсурсы. Няма сэнсу хаваць, большасць дарослых людзей, калі запытаць, чым адрозніваюцца UNICEF і UNAIDS, не адкажуць. А значыць, у выпадку вострай неабходнасці, калі трапляюць у крызісную сітуацыю, не змогуць правільна сарыентавацца ў тым, да каго і па якую дапамогу можна звярнуцца. Каб такіх сітуацый было як мага менш, прадстаўнікі ўсіх арганізацый, прадстаўленых у маладзёжным лагеры, разглядалі пытанні гандлю і міграцыі скрозь прызму сваёй дзейнасці, тлумачылі, якім чынам менавіта іх структура можа паўплываць на вырашэнне актуальнай праблемы. Так, калі UNICEF мадуляваў сітуацыі, звязаныя з абаронай правоў дзіцяці, то UNAIDS разглядаў праблемы распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі сярод людзей, якія выехалі за мяжу і сталі ахвярамі сексуальнага рабства. Як падчас адкрыцця лагера заўважылі прадстаўнікі UNAIDS, часта менавіта мігранты становяцца ахвярамі сексуальнай эксплуатацыі, а значыць, нясуць вялікую рызыку ў распаўсюджанні ВІЧ.

— Усе без выключэння модулі, якія з намі праводзіліся, вельмі карысныя па сваёй інфармацыйнай напоўненасці, — працягвае дзяліцца ўражаннямі Аліна Метнер. — Напрыклад, у чацвёрты дзень мы разглядалі тэму дамашняга насілля. Большасць людзей ніколі б не падумала, што такая з’ява існуе. А яна ёсць, толькі аб гэтым не прывыклі гаварыць у голас. Нам расказвалі, куды неабходна звяртацца па дапамогу, якія меры прадпрымаць. Для мяне, дарэчы, вельмі цікавай была тэма бяспечнага выезду за мяжу.

Удзельнікі модуля па бяспечным знаходжанні за мяжой даведаліся, што ў чалавека, які выязджае з краіны, павінна быць завераная копія пашпарта і адсканіраваны дакумент, які неабходна захоўваць на флэшцы ці на сваёй электроннай пошце.

— Мне пашанцавала пабываць у многіх краінах, — працягвае Аліна Метнер, — і, разглядаючы такія сітуацыі, якія прапаноўвалі эксперты, я адчуваю сябе неабароненай. Здавалася б, стандартны выпадак — укралі пашпарт. А што рабіць далей? Нас вучылі таму, што ні ў якім разе нельга нікому аддаваць свой пашпарт. Нават чалавеку, які суправаджае турыстычную групу. Кожны дарослы ў стане самастойна выйсці з аўтобуса і прад’явіць дакумент, які пацвярджае асобу. А ў рэальным жыцці ўсё адбываецца наадварот. Мы здаём уласныя дакументы аднаму чалавеку, а ён паказвае іх таму, хто патрабуе.

Трафікёры вярбуюць праз інтэрнэт

Уласная бяспека — гэта тое, аб чым павінен у першую чаргу клапаціцца кожны, хто выязджае за мяжу. Парада, на першы погляд, банальная. Але хто думае аб тым, наколькі важна мець завераную ксеракопію пашпарта, а таксама яго адсканіраваную версію, калі пакідае краіну нават на самы непрацяглы перыяд? Гэта робіцца для таго, каб у выпадку згубы пашпарта (няважна, пры якіх абставінах) можна было прыйсці ў консульства не з пустымі рукамі. Удзельнікі лагера дазналіся шмат парад, якія падчас выезду за мяжу могуць стаць своеасаблівай падушкай бяспекі. Так, неабходна мець і здымкі банкаўскіх карт, а таксама медыцынскую страхоўку.

— Важна, каб у вас было і кодавае слова, якое будзеце ведаць толькі вы і вашы родныя, — працягвае Аліна. — Калі чалавек трапляе ў рабства, становіцца ахвярай рознага віду эксплуатацыі, аб няшчасці можна паведаміць родным, толькі рабіць гэта трэба завуаліравана. Для гэтага яшчэ да выезду за мяжу неабходна дамовіцца з блізкімі, якое слова, словазлучэнне будзе сігналізаваць аб тым, што вы трапілі ў бяду. Пачуўшы сігнал бедства, родныя зразумеюць, што трэба ісці ў праваахоўныя органы. Увогуле, дзякуючы праблемам, якія абмяркоўвалі ў лагеры, я зразумела, наколькі ўсё небяспечна, і як важна ўмець правільна паступаць у той ці іншай сітуацыі, страхаваць сябе. А для таго, каб справіцца са шматлікімі глабальнымі праблемамі, у тым ліку і з гандлем людзьмі, неабходна імкнуцца да дасягнення мэт устойлівага развіцця, а іх на сёння 17. І падчас дзеяння лагера мы іх таксама разглядалі. Напрыклад, адной з мэт з’яўляецца гендарнае равенства. Аказваецца, яно таксама звязана з гандлем людзьмі. Разгледзім такую сітуацыю. Маладая жанчына выхоўвае дзіця. У арганізацыі, дзе працуе, зарплата невялікая, а ў дадатак да гэтага часта папракаюць, што яна знаходзіцца на лістку непрацаздольнасці, калі хварэе малое. Жанчына знаходзіць работу мыйшчыцы посуду ў Германіі, пакідае дзіця на бабулю і едзе за мяжу, дзе яе сустракаюць працадаўцы. Толькі, на жаль, яны аказваюцца трафікёрамі, і маладая жанчына трапляе ў сексуальнае рабства. Відавочна, адкуль растуць ногі ў гэтай праблемы.

Падчас дзейнасці лагера шмат інфармацыі было прадастаўлена аб бяспецы ў інтэрнэце. Як расказалі арганізатары, трафікёры часта займаюцца пошукам ахвяр праз глабальную сетку. А людзі, у сваю чаргу, часта шукаюць работу за мяжой менавіта праз інтэрнэт. Калі раптам вам прапаноўваюць прывабны варыянт, варта праверыць, ці насамрэч існуе тая фірма, якая гатова заключыць з вамі кантракт. Для гэтага можна патэлефанаваць на гарачую лінію па пытаннях бяспечнага выезду і знаходжання за мяжой. Так, гэта зойме пэўны час і, магчыма, нават не адзін дзень. Але, паверце, лепш 10 раз перастрахавацца і тым самым абараніць сябе, каб пасля не шкадаваць аб тым, што так недарэчна згубілі ўласную свабоду і недатыкальнасць.

Наталля САХНО.