Чарадзеі з вялікім вопытам

З пачатку 90-х гадоў Беларускі дзіцячы фонд праводзіць навагоднюю дабрачынную акцыю “Нашы сэрцы — дзецям”, якая даўно праходзіць у рамках Рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. І кожны раз у фондзе прыдумваюць нешта новае, незвычайнае, крэатыўнае для дзяцей з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Такое, што ніхто і нідзе не прыдумаў. Канечне, акцыя ўключае і традыцыйныя мерапрыемствы, такія як прыезд Дзеда Мароза і Снягуркі ў бальніцы да хворых малых, падарункі для гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак, святочныя паказы.

Мамы і дзеці з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу Кухарэнка і Нямахавых раней былі знаёмыя толькі праз інтэрнэт, у Мінску пазнаёміліся ў рэальнасці.

Усмешка для кожнага

Чарадзеі з вялікім вопытам — члены Беларускага дзіцячага фонду і іх добрахвотныя памочнікі —  ствараюць навагоднія цуды не толькі для дзяцей, але і для іх бацькоў, як родных, так і замяшчальных. Бо як не перажываць, калі твае сын ці дачка ў самыя радасныя дні года апынуліся ў бальніцы і могуць не трапіць на сустрэчу з Дзедам Марозам? Сёлета толькі ў Мінску прадстаўнікі фонду і іх памочнікі-валанцёры прыехалі да маленькіх пацыентаў у кардыя­лагічнае аддзяленне Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай хірургіі, апёкавае аддзяленне Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, дзіцячае аддзяленне РНПЦ псіхічнага здароўя і дзіцячае траўматалагічнае аддзяленне Гарадской клінічнай бальніцы № 6.

Аддзяленні фонду ёсць у кожным раёне Беларусі, таму і адрасоў, па якіх прыйшлі і яшчэ прыйдуць сябры фонду, значна больш. І гэта, канечне, не толькі бальніцы і медыцынскія цэнтры, гэта бу­дуць таксама сем’і, дзіцячыя дамы. У мінулым годзе прадстаўнікі фонду і яго абласных аддзяленняў наведалі больш за 11 тысяч дзяцей. Нездарма з году ў год Беларускі дзіцячы фонд аказваецца ў пераліку самых актыўных удзельнікаў акцыі “Нашы дзеці”. Хоць акцыя, безумоўна, не спаборніцтва, у якім перамагае самы шчодры або самы моцны, невыпадкова ў БДФ яе назва ўтрымлівае слова “сэрца”. Яе галоўны пасыл — сардэчнасць, шчырасць, душэўнасць.

— 28 гадоў наш фонд право­дзіць навагоднюю і калядную дабрачынную акцыю, — гаворыць намеснік дырэктара Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд” Ірына Аляксандраўна Чарнякова. — Сёлета для нас гасцінна адчыніў дзверы Парк віртуальнай рэальнасці “Тэлепорт” у адным з гандлёвых цэнтраў сталіцы. Сюды мы запрасілі дзяцей, якія выхоўваюцца ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу, з усіх куточкаў Беларусі, прычым гэтых малых з 10 дамоў мы запрасілі на 3 дні. У іх ужо адбылася экскурсія па Мінску, яны наведалі музей прадпрыемства “Кока-Кола”, дзе атрымалі падарункі, былі ў вяровачным гарадку, у іншых цікавых месцах. Праграма вельмі насычаная, у ёй, напрыклад, экскурсія ў музей займальных навук “Квантум”. А дапамагаюць нам нашы пастаянныя сябры — члены валанцёрскага клуба “СЛОН” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і валанцёрскага клуба “Міласэр­насць” Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (будучыя педагогі працуюць з намі ў РНПЦ псіхічнага здароўя).

Раней БДФ наладжваў для малых з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу цікавыя святы пад Новы год: было і катанне на паўночных аленях, і “Ёлка жаданняў”, і “Каляды ў Купалавай хаце” (у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску), і шмат чаго іншага.

Сёлета БДФ пайшоў далей: хлопчыкі і дзяўчынкі са 108 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу сталі ўдзель­нікамі праграмы, разлічанай на год, “Падорым дзецям будучыню”. Беларускі дзіцячы фонд разам з кампаніяй МаsterCard  пры падтрымцы Міністэрства адукацыі запрашаюць дзяцей на экскурсійна-пазнавальныя праграмы, па большай частцы прымеркаваныя да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у Брэст, Белавежскую пушчу, на адпачынак у НДЦ “Зубраня”, цэнтр “Надзея”, сем’і таксама адпачывалі ў санаторыях. Некаторыя з тых, хто прыехаў на калядныя святы, раней паспелі пабываць і на іншых цікавых мерапрыемствах, адпачыць.

Невыпадковыя людзі

Галіна Васільеўна Нямахава — замяшчальная маці з дзіцячага дома сямейнага тыпу з Нароўлі, што на Гомельшчыне, прывезла ў Мінск траіх сваіх выхаванцаў — адзінаццацігадовага Вадзіма, дзевяцігадовага Дзяніса і васьмігадовую Дар’ю.

Якое ж свята без падарункаў ад Дзеда Мароза?

Калісьці Галіна Васільеўна і Уладзімір Піліпавіч Нямахавы выхоўвалі 14 малых, цяпер іх менш — двое родныя і трое прыёмныя. А з былых выхаванцаў некаторыя вярнуліся ў біялагічныя сем’і, кагосьці ўсынавілі або ўдачарылі, і гэта, канечне, найлепшы паварот лёсу для хлопчыкаў і дзяўчынак. У статусе прыёмнай сям’і Нямахавы жывуць ужо каля 10 гадоў, 4 гады як дзіцячы дом сямейнага тыпу. Узгадваючы, як усё пачыналася і як ператварылася ў сэнс жыцця, Г.В.Нямахава гаворыць, што варта толькі пачаць, спыніцца ўжо немагчыма.

— Калі ў доме з’явілася дзіця, хочацца яшчэ і яшчэ, — гаворыць яна. — Выхаванцы, якім зараз ужо 18–19 гадоў, нас не забываюць, прыязджаюць, як у родны дом, тэлефануюць. А мы, пакуль сілы ёсць, будзем працаваць. Мне начальнік нашага аддзела адукацыі гаво­рыць: “Галіна Васільеўна, галоўнае — не дыплом, бо ваш стаж і ёсць ваша адукацыя”. Самае важнае ў нашай рабоце — любіць дзіця, а таксама бачыць яго і чуць. У мяне, бывае, пытаюцца, як можна любіць чужое дзіця. А я ведаю, што чужых дзяцей не бывае, яны таксама хочуць і тату, і маму, мы стараемся замяніць родных.

Цуд пад Новы год, які падарыў сям’і Беларускі дзіцячы фонд, уразіў і маці, і малых. Як уразіла і мерапрыемства, на якім яны пабывалі летам (наведалі Хатынь і Лінію Сталіна).  

Людміла Іванаўна Кухарэнка прывезла на свята сваіх Сашу, Рому і Мікіту з вёскі Высокае Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Тата Анатоль Яўгенавіч застаўся дома з іншымі дзецьмі — усяго ў гэтых замяшчальных бацькоў 10 малых, з якіх 6 прыёмныя. Стаж у бацькоў-выхавальнікаў з Піншчыны — 10 гадоў, з якіх 6 іх сям’я мае статус дзіцячага дома сямейнага тыпу.

— Лічу, што дзяржава даверыла нам самае дарагое, што ў яе ёсць, — дзяцей. Я працавала закройшчыцай-краўцом, але заўсёды марыла аб прыёмных дзецях, — расказвае жанчына. — Так, марыла. Можна сказаць, з дзяцінства не магла раўнадушна прайсці міма дзяцей-сірот. Аднойчы выпадкова трапіла ў сацыяльны прытулак, так і стала прыёмнай маці. Прызванне маё такое. Калі ты замяшчальная маці толькі па прафесіі, то хутка выгарыш, бо ўсё трэба перажыць: і з дзецьмі, і на сустрэчах з іх біялагічнымі бацькамі — гэта таксама частка нашага жыцця.

Гаворачы, “выпадкова трапіла ў прытулак”, Людміла Іванаўна мае на ўвазе, што разам з сяброўкай павезла дзецям прысмакі, так што тая выпадковасць была зусім невыпадковай. Там да яе падбегла дзяўчынка са словамі: “Цёця, можа, вам дзяўчынка патрэбна?” “Цёця”, як расказвае Людміла Іванаўна, такога не чакала, разгубілася, але тая сустрэча і тая дзяўчынка не забываліся, трывожылі. “Значыць, прыйшоў наш час”, — вырашылі ў сям’і Кухарэнка. Потым аказалася, што ў кагосьці з прыёмных дзяцей ёсць сястра, у кагосьці — браты, так яно і закруцілася. Проста, зразумела, не было, у кожнага з дзяцей лёс складаны, але цяпер замяшчальныя бацькі з задавальненнем расказваюць пра поспехі сваіх выхаванцаў у спорце, бо многія з іх займаюцца лёгкай атлетыкай, мастацкай творчасцю, наведваюць іншыя творчыя заняткі.

Пакуль мы размаўляем з маці, хлопчыкі бесперапынна аглядваюцца вакол, перашэптваюцца, усміхаюцца. Людміла Іванаўна заўважае, што на святах, арганізаваных Дзіцячым фондам, яны не ўпершыню, і кожны раз гэта асаблівая радасць, асаблівы настрой не толькі для дзяцей, але і для бацькоў, бо, калі ў сям’і столькі малых, выбрацца кудысьці няпроста, а тут — цудоўная магчымасць змяніць ат­масферу.

Я і мая сям’я

Усяго на трохдзённую праграму калядных сустрэч у Мінск прыехалі 10 сем’яў з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Марыне Генадзьеў­не Бабуль і яе “камандзе” ехаць здалёк не прыйшлося: іх з мужам, Андрэем Феліксавічам, дзіцячы дом сямейнага тыпу знаходзіцца ў сталіцы. Зараз тут 10 хлопчыкаў і дзяўчынак, з якіх трое родныя. Хоць, калі я гавару так, мая суразмоўніца спрачаецца, маўляў, ну як іх раздзяляць на сваіх і чужых?

У гэтай сям’і таксама вялікі стаж. Самая старэйшая, 19-гадовая выпускніца жыве асобна. А на свята ў Парк віртуальнай рэальнасці з маці прыехалі Дзіма, Віка і Саша. Канечне, нельга было пакінуць дома і самага юнага члена сям’і, Ягора Андрэевіча, як прадставіла яго маці. Яго цудоўны настрой увасабляецца ва ўсмешках і залівістым смеху. А вось 16-гадовы Дзіма, які ўжо вучыцца ў энергетычным каледжы, гаворыць за ўсіх: “Усё класна, весела, крута”.

Ён, як і Віка з Сашам, трапілі на святочнае мерапрыемства невыпадкова: хто паедзе, вырашалі на сямейным савеце. Выбралі тых, хто больш, па агульным меркаванні, гэтага заслужыў. “Мы дома стараемся прытрымлівацца правіла, што такія асаблівыя забаўкі трэба заслужыць. Матывацыя павінна быць, як мінімум, у тым, што тычыцца вучобы”, — тлума­чыць Марына Генадзьеўна. Дзіма тут цалкам па заслугах. “Ён у нас сціплы хлопец, але пры гэтым актыўны ва ўсіх сферах жыцця, стараецца вучыцца, гуляе ў валейбол і тэніс, у каледжы ў многіх мерапрыемствах удзельнічае”, — гаворыць маці-выхавальніца.

Пра гісторыю стварэння дзіцячага дома сямейнага тыпу Марына Генадзьеўна гаворыць, што яна нетыповая, бо яны з мужам не былі, як гэта часта здараецца, прыёмнымі бацькамі. Працавала мая суразмоўніца педагогам-псіхолагам у сярэдняй школе № 157 Мінска, выкладала музыку, а яшчэ раней працавала ў школе-інтэрнаце. Мала таго — кожныя канікулы жанчына ездзіла працаваць у аздараўленчыя лагеры, і заўсёды ў яе атра­дзе былі дзеці са школ-інтэрнатаў. У сям’і тады было двое дзяцей, і сын з дачкой вырашылі, што гэта мала. Маці ж, па прафесіі, пастаянна наведвала нядобранадзейныя сем’і, бачыла пустыя халадзільнікі… Ды многа чаго бачыла. Так жыццё і прывяло да вялікай сям’і. Спачатку размова ішла толькі пра адно прыёмнае дзіця, але калі Бабулі паехалі знаёміцца з першым дзіцем, зразумелі, што адразу возьмуць і другое, а тут і да стварэння дзіцячага дома рукой падаць.

Яны, замяшчальныя бацькі, таксама чарадзеі, сапраўдныя чараўнікі для сваіх дзяцей, пра якіх абавязкова скажуць: “Яны ўсе — нашы”.

…Пасля абеду і агульнага фатаграфавання ля ёлкі ўсе дружна ідуць у Парк віртуальнай рэальнасці. Тут І.А.Чарнякова ўручае падзяку прадстаўніку парка, а ад сем’яў гаспадарам парка дорыць свае творы і творы сваіх дзяцей, а таксама зефір ручной работы маці-выхавальніца з Лепеля, што на Віцебшчыне, Наталля Мікалаеўна Міхайлава, якая ра­зам з мужам Уладзімірам Аляк­сандравічам выхоўвае семярых малых.

Потым да дзяцей выходзяць валанцёры з клуба “СЛОН”, сярод якіх Снягурка — першакурсніца Ка­­ця­рына Марук, якая і раней займалася валанцёрскай дзейнасцю. Дзед Мароз, таксама першакурснік, будучы арганізатар культурна-забаўляльнай дзейнасці, хаваецца пакуль у асобным пакоі. І ён таксама незвычайны для гэтых незвычайных сем’яў, якія сабраў Беларускі дзіцячы фонд. У ролі галоўнага навагодняга персанажа — Аляксандр Лауберт, які сам калісьці быў выхаванцам дзіцячага дома, затым жыў у апякунскай сям’і. Дзедам Марозам ён неаднойчы быў і раней на ранішніках у школах і дзіцячых садах, арганізацыях Гомельшчыны, адкуль і прыехаў вучыцца ў сталіцу.

— У “СЛОН” я, зразумела, трапіў невыпадкова, — гаворыць Саша. — Хачу дапамагаць дзецям, якія апынуліся ў складанай сітуацыі, у якіх ёсць асаблівасці псіхафізічнага развіцця.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.