Спартыўная база: на першым месцы якасць і бяспека

Школьныя заняткі фізкультурай патрабуюць і наяўнасці ў кожнай навучальнай установе педагогаў па гэтым прадмеце, і адпаведнай колькасці гадзін на яго (а з бягучага года, як мы ўсе ведаем, у школах праводзяцца ўжо тры гадзіны фізкультуры на тыдзень), і адпаведнай базы: плошчаў, інвентару, абсталявання. Вучэбная праграма заснавана на занятках рознымі відамі спорту ды засваенні спартыўных і жыццёва важных навыкаў, а ўрокі з мячамі, лыжамі, скакалкамі асабліва цікавыя для дзяцей. А цікава — значыць, паспяхова, карысна для здароўя, перспектыўна. Пра тое, як сёння ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі забяспечаны адпаведным абсталяваннем, што зроблена ў апошні час у гэтым напрамку, мы папрасілі расказаць намесніка дырэктара Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Віктара Сцяпанавіча Аўчарова.

— Віктар Сцяпанавіч, скажыце, калі ласка, ці адпавядае наяўны спартыўны інвентар і абсталяванне задачам, якія стаяць перад сённяшняй школай у плане заахвочвання навучэнцаў заняткамі фізкультурай, умацавання іх здароўя?
— Лічу, што цяперашні тыпавы пералік спартыўнага і фізкультурнага абсталявання, інвентару сённяшнім задачам у цэлым адпавядае. Сёння больш за 3200 школ выкарыстоўваюць для адукацыйнага працэсу па фізічнай культуры каля 15,5 тысячы спартыўна-фізкультурных збудаванняў, а пералік фізкультурнага і спартыўнага інвентару ды абсталявання для школ налічвае амаль 100 найменняў. Іншая справа, што перыядычна пералік, як любы нарматыўны дакумент, патрабуе карэкціроўкі. Гэта залежыць ад многіх прычын, у тым ліку ад колькасці вучэбных заняткаў на тыдзень, ад накіраванасці фізкультурна-аздараўленчай работы, якую вызначае для сябе кожная школа. Вучэбныя паграмы па прадмеце “Фізічная культура і здароўе” складаюцца з дзвюх частак: базавы кампанент і варыятыўны. Базавы кампанент — гэта дзяржаўны заказ, яго кожная школа абавязана выканаць безумоўна. Варыятыўны кампанент уключае права выбару кожнай школай тых відаў спорту, якія прапаноўвае вучэбная праграма. Гэтыя віды могуць як быць працягам базавага кампанента, так і не з’яўляцца ім. Адсюль і патрэба ў інвентары. Так, скажам, адна школа выбрала футбол і робіць акцэнт на развіцці гульнявых відаў спорту. У другой школе ёсць 25-метровы басейн, зразумела, што тут акцэнт робіцца на развіццё плавання. І тлумачыць не трэба, што ў першай школе будзе запатрабаваны гульнявы інвентар, а ў другой — спецыяльнае абсталяванне для плавання.
А ў некаторых школах у нас ёсць трэнажорныя залы, і вучэбная праграма прадугледжвае для юнакоў старэйшага школьнага ўзросту заняткі атлетычнай гімнастыкай. Натуральна, для паўнацэнных урокаў патрэбна спецыяльнае, спецыфічнае абсталяванне, якое ўключае ў сябе не толькі гантэлі і штангі, але і трэнажоры. А сёння сусветная практыка паказвае, што трэнажоры вельмі запатрабаваныя, дастаткова зайсці ў любы фітнес-цэнтр. Галоўнае, каб гэта было бяспечнае абсталяванне, якое дазваляе дазіраваць фізічную нагрузку ў залежнасці ад узросту і ўзроўню падрыхтаванасці вучняў.

— Іншымі словамі, важнае значэнне маюць не толькі наяўнасць інвентару і абсталявання, але і іх якасць, бяспечнасць?
— Скажу больш: справа менавіта ў якасці абсталявання, у стварэнні бяспечных умоў для заняткаў школьнікаў фізкультурай. Вось гэта для нас пытанне нумар ад зін. Мы вельмі вялікую ўвагу звяртаем на арганізацыю траўмабяспечных заняткаў. Напрыклад, на пачатку навучальнага года рассылаем пісьмы-напаміны аб неабходнасці правядзення адпаведных мерапрыемстваў у кожнай школе. Яны ўключаюць у сябе не толькі інструктажы па ахове працы, але і семінары, практычныя заняткі па стварэнні бяспечных умоў для навучэнцаў і іншых людзей, якія трэніруюцца ў тых жа трэнажорных залах, на спартыўных пляцоўках, удзельнічаюць у спаборніцтвах. Бо, вы ведаеце, бывае, што спаборніцтвы ў школах праводзяцца з удзелам бацькоў, бывае, што настаўнікі прыходзяць займацца ў групах здароўя. А гэта ўсё патрабуе ўліку ўзроставых асаблівасцей і, адпаведна, прапрацоўкі пытанняў бяспекі. Колькасць дзіцячых траўм, атрыманых на ўроках фізкультуры, з кожным годам зніжаецца. Аднак па-ранейшаму штогод дзеці траўміруюцца. Сярод прычын траўматызму, якія сустракаюцца найбольш часта, можна назваць допуск навучэнцаў да заняткаў без наяўнасці спартыўнага адзення і абутку, парушэнне методыкі правядзення заняткаў і, самае галоўнае, выкарыстанне неправеранага траўманебяспечнага абсталявання і інвентару.
Усё спартыўнае абсталяванне ў школе павінна быць сертыфікавана, не дапускаецца выкарыстанне самаробнага абсталявання. Перад пачаткам новага навучальнага года правяраецца ўжо ўстаноўленае абсталяванне, падпісваюцца акты стану фізкультурна-спартыўнага абсталявання і гатоўнасці яго да эксплуатацыі. Правяраюць усё камісіі, куды ўваходзяць дырэктар школы, яго намеснік, настаўнік фізкультуры, магчыма, старшыня прафкама. Да гэтай работы мы прапаноўваем далучаць таксама інжынера па ахове працы. Акт складаецца на кожнае найменне абсталявання. Калі такіх актаў няма, адказнасць за магчымы траўматызм нясе дырэктар або настаўнік фізкультуры, які не паведаміў дырэктару пра адсутнасць актаў на абсталяванне.

— А калі вярнуцца да колькасці інвентару і абсталявання, то, як па апошніх даных, нашы школы імі забяспечаны?
— Зараз забяспечанасць спартыўным інвентаром і абсталяваннем у нас разлічваецца па шасці паказчыках: гімнастычны інвентар і абсталяванне, лёгкаатлетычны, лыжны інвентар, інвентар і абсталяванне для спартыўных і рухомых гульняў, турыстычнае абсталяванне і тэхнічныя сродкі навучання. Дык вось, на пачатак гэтага навучальнага года сярэдняя лічба па шасці параметрах па ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі склала 76%. З іх 82,9% — гімнастычныя інвентар і абсталяванне, 75% — лёгкаатлетычны інвентар, 66,5% — лыжны, 85,8% — інвентар і абсталяванне для спартыўных і рухомых гульняў, 68,1% — турыстычны інвентар, тэхнічныя сродкі навучання складаюць 73,7%. Нідзе, як бачыце, у нас няма стапрацэнтнай забяспечанасці ні па адным параметры, ні ў адным рэгіёне. З аднаго боку, гэта, зразумела, дрэнна, з другога — гэта стымул, ёсць куды расці, куды рухацца. І заўважу, што ў мінулым навучальным годзе ў нас сярэдняя лічба забяспечанасці была 74,5%, у пазамінулым — 71,3%, а тры гады назад — 56,1%. Станоўчая дынаміка забеспячэння інвентаром і абсталяваннем, такім чынам, назіраецца.
Нагадаю, што забеспячэннем школ спартыўным інвентаром і абсталяваннем займаюцца мясцовыя выканкамы. Ні Міністэрства адукацыі, ні Міністэрства спорту і турызму, а менавіта мясцовыя выканкамы, якія з’яўляюцца заснавальнікамі ўстаноў адукацыі. Яны не толькі займаюцца забеспячэннем, але і нясуць адказнасць за тое, каб у кожнай школе была неабходная колькасць усяго, што патрэбна для выканання вучэбных праграм. Адносіны мясцовых улад надзвычай моцна адбіваюцца на стане спартыўнай базы школ.

— Як жа складваюцца справы з забяспечанасцю спартыўнымі будынкамі і збудаваннямі?
— Дзяржаўны сацыяльны стандарт па забеспячэнні навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі неабходнай плошчай спартыўных плоскасных збудаванняў і будынкаў спартыўнага прызначэння патрабуе, каб кожная школа была забяспечана неабходнай плошчай такіх збудаванняў (адкрытымі гульнявымі і спартыўнымі пляцоўкамі, футбольнымі палямі і г.д.) не менш чым 1,62 кв. м на аднаго навучэнца і будынкамі спартыўнага прызначэння не менш чым 0,5 кв.  м на навучэнца. Сёння ў сярэднім па краіне забяспечанасць па першым паказчыку складае 19,3 кв.м. Гэта значыць, паказчык перавышаны больш чым у 10 разоў. Больш за ўсё плоскасных збудаванняў на аднаго навучэнца прыпадае ў Гомельскай вобласці — 26,4 кв.м, менш за ўсё, але ўсё роўна больш, чым патрабуе нарматыў, у Мінску — 4,2 кв.м.
Другі паказчык у сярэднім па краіне складае 1,39 кв.м на аднаго школьніка. Тут таксама наперадзе Гомельшчына — 1,9 кв.м, у Мінску паказчык зноў жа самы нізкі ў краіне (што зробіш — спецыфіка вялікага горада!) — 0,9 кв.м. Гэта ўсё роўна больш, чым патрабуе Дзяржаўны сацыяльны стандарт.
У 2010/2011 навучальным годзе забяспечанасць спартыўнымі плоскаснымі збудаваннямі ў сярэднім па краіне складала 17,78 кв.м на аднаго навучэнца, будынкамі спартыўнага прызначэння — 1,23 кв.м. Гэтыя паказчыкі вельмі залежаць, зразумела, ад колькасці навучэнцаў у кожным рэгіёне. Зараз у нас, напрыклад, 915 тысяч школьнікаў, а за некалькі гадоў да гэтага іх было 1,2-1,3 мільёна. Хаця, канечне, узводзяцца і новыя збудаванні, адкрываюцца новыя пляцоўкі. Мы цесна супрацоўнічаем з міжнароднымі федэрацыямі і арганізацыямі, якія, напрыклад, на бязвыплатнай аснове пастаўляюць штучнае сінтэтычнае пакрыццё для спартыўных пляцовак. Шмат чаго ў гэтым кірунку робіць Беларуская федэрацыя футбола, якую ўзначальвае Сяргей Мікалаевіч Румас. Дзякуючы федэрацыі, навучэнцы многіх школ нашай краіны маюць магчымасць круглы год займацца на адкрытых футбольных пляцоўках.

— Віктар Сцяпанавіч, раскажыце, калі ласка, як забяспечваюцца абсталяваннем і інвентаром класы, што спецыялізуюцца па спорце.
— Сумесна з Міністэрствам спорту і турызму распрацавана і зацверджана Палажэнне аб спецыялізаваных па спорце класах, якое дазваляе ствараць такія класы і для хлопчыкаў, і для дзяўчынак па розных відах спорту. Але ініцыятыва тут ідзе менавіта ад дзіцячых спартыўных школ. Напрыклад, у раёне культывуецца футбол, і дырэктар ДЮСШ выходзіць з ініцыятывай стварыць у пэўнай школе спецыялізаваны клас па футболе, бо ў ёй ёсць неблагі стадыён, душ, каб памыцца пасля трэніроўкі, іншыя ўмовы. Значыць, дзяцей можна далучыць ужо не толькі да адукацыйнага, але і да трэніровачнага працэсу. А гэта ўжо стварэнне алімпійскага рэзерву.
Трэніроўкі ў такіх класах могуць праводзіцца як на базе агульнаадукацыйнай, так і на базе спартыўнай школы. Натуральна, што пытанні забеспячэння трэніровачнага працэсу вырашаюць разам дырэктар звычайнай і дырэктар спартыўнай школ. Штосьці з інвентару і абсталявання выдзяляе адна школа, штосьці — іншая. Калі ж ствараюцца спецыялізаваныя класы па плаванні, то тут гаворка ідзе аб арэндзе басейна і ён часцей за ўсё ёсць у спартшколе. Школа, як правіла, аплачвае “камуналку”, дзеці, канечне, не плацяць нічога. Для вучняў спецыялізаваных па спорце класаў заняткі ў любым выпадку бясплатныя. Умовы для іх ствараюцца максімальна камфортныя.

— Як жа плануецца вырашаць пытанні забеспячэння школ спартыўным інвентаром і абсталяваннем у будучыні, так бы мовіць, у перспектыве?
— Існуе Дзяржаўная праграма развіцця фізкультуры і спорту ў Рэспубліцы Беларусь на 2011—2015 гг., у адпаведнасці з якой мясцовыя выканкамы распрацавалі планы мерапрыемстваў, што ўключаюць у тым ліку аснашчэнне ўстаноў адукацыі спартыўным абсталяваннем і інвентаром. Дзесьці гэтыя пытанні вырашаюцца лепей, дзесьці горш, але станоўчыя рухі ёсць паўсюль. Усяго на падрыхтоўку школьных фізкультурна-спартыўных збудаванняў да новага навучальнага года выдаткавана і асвоена каля 60 мільярдаў рублёў, з якіх 4 мільярды — пазабюджэтныя і 5,5 мільярда — спонсарскія сродкі. Да пачатку навучальнага года ва ўстановах адукацыі ўведзены ў эксплуатацыю 42 новыя спартыўныя аб’екты. Сярод іх 7 спартыўных залаў, 18 спартыўных пляцовак, 11 прыстасаваных для фізкультурных заняткаў памяшканняў, два басейны і інш. Няма ніводнага раёна, пра які можна сказаць, што там безнадзейнае становішча, работа вядзецца паўсюль. І вынікі гэтай работы абнадзейваюць. Варта толькі зайсці ў школы-новабудоўлі, каб убачыць, наколькі сур’ёзна сёння мясцовыя ўлады вырашаюць пытанне іх забяспечанасці спартыўным інвентаром і абсталяваннем.

Гутарыла Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Віктара АЎЧАРОВА.