Лагеры працы і адпачынку — клопат не толькі школы

Сёння далёка не кожная ўстанова адукацыі можа пахваліцца вопытам арганізацыі на сваёй базе лагера працы і адпачынку (ЛПА) для падлеткаў у летні перыяд. Звязана гэта ў першую чаргу з пошукам наймальнікаў, якія пагадзіліся б супрацоўнічаць са школай. Як паказвае практыка, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый нячаста жадаюць бачыць у якасці сваіх работнікаў непаўналетніх: адказнасць павышаецца ў разы, а час, які, згодна з заканадаўствам, дазволена працаваць школьнікам, не такі ўжо і працяглы — 4 гадзіны.

І ўсё ж станоўчы вынік не вымушае сябе доўга чакаць, калі да арганізацыі згаданых лагераў прыкладаюць намаганні ўсе зацікаўленыя бакі, надаючы гэтай справе дзяржаўны маштаб. У якасці прыкладу можна прывесці Гродзенскі раён, дзе школьнікі нават атрымліваюць узнагароды, наведваючы працоўныя летнікі. Адзін з такіх лагераў — “Энтузіяст” школы № 1 Скідаля — на працягу апошніх гадоў займае прызавыя месцы ў абласным конкурсе “Працоўны семестр” у намінацыі “Лепшы сельскагаспадарчы атрад”. А летась 9 яго наведвальнікаў былі адзначаны граматамі Скідальскага агракамбіната за актыўную работу на палях.
— У нашым раёне лагеры працы і адпачынку дзейнічаюць ужо больш за 8 гадоў, а дакладней, яны не спынялі існавання з моманту свайго стварэння, — расказвае загадчык сектара выхаваўчай і сацыяльнай работы аддзела адукацыі Гродзенскага райвыканкама Ганна Уладзіміраўна Фінагенава. — Аддзел адукацыі разумее значнасць гэтых лагераў: усе падлеткі хочуць мець кішэнныя грошы, да таго ж гэта занятасць непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы або стаяць на ўліку ў ІСН. Такім дзецям цесна ў рамках школы, а вось працаваць многія з іх умеюць добра, бо маюць залатыя рукі, і праца іх захоплівае. Ну і, канечне, арганізоўваючы такія лагеры, мы аказваем своеасаблівую дапамогу мнагадзетным сем’ям.
У ролі наймальнікаў, па словах Г.У.Фінагенавай, выступаюць СВК і лясгасы. Дзецям прапаноўваецца праполка збожжавых культур, буракоў, работа на таках. Калгас імя В.І.Крамко, напрыклад, аплаціў навучэнцам і работу па добраўпарадкаванні тэрыторыі Квасоўскай сярэдняй школы. А Путрышкаўская і Індурская школы ў мінулым годзе пачалі супрацоўнічаць з мясцовымі лясніцтвамі.
Сёлета ў Гродзенскім раёне плануецца адкрыць 5 лагераў працы і адпачынку: на базе Квасоўскай, Індурскай, Азёрскай, Путрышкаўскай сярэдніх школ і школы № 1 Скідаля. Летась функцыянавала 7 ЛПА, у якіх было занята 135 дзяцей. Што тычыцца заробку, то за 18 працоўных дзён падлеткі атрымалі больш за 300 тысяч кожны.
— Колькасць лагераў і змен залежыць ад колькасці школьнікаў ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў, — тлумачыць Ганна Уладзіміраўна. — У раёне дзяцей такога ўзросту, насамрэч, няшмат, а выпускнікі, як вядома, рыхтуюцца да экзаменаў, і лагеры працы і адпачынку не наведваюць. Між тым паралельна мы супрацоўнічаем з раённымі органамі па працы і сацыяльнай абароне — ствараем працоўныя брыгады (7—15 чалавек) з ліку непаўналетніх. Такім чынам, у летні час у нас занята 90% дзяцей.

Пасля заканчэння змены ў лагеры і адпрацоўкі ў брыгадах другаснай занятасці ўсім жадаючым падлеткам прапаноўваецца садзейнічанне ў індывідуальным працаўладкаванні. Мінулым летам такім чынам работай былі забяспечаны 905 школьнікаў. Кожны з іх за канікулы паспрабаваў свае сілы ў розных відах работ: і на праполцы, і на добраўпарадкаванні прышкольных тэрыторый, і на зборы ўраджаю клубніц і яблыкаў.
Як расказала Г.У.Фінагенава, дзецям даецца права выбару не толькі віду работы, якую яны будуць выконваць. Хлопчыкі і дзяўчынкі, параіўшыся з бацькамі, таксама вырашаюць, як яны будуць працаваць: у складзе брыгад (другасная занятасць) або як наведвальнікі лагера працы і адпачынку. Адрозненне заключаецца ў тым, што ў ЛПА дзецям прадастаўляецца харчаванне і магчымасць удзелу ў забаўляльнай праграме ў пасляабедзенны час. І, канечне, за знаходжанне ў лагеры бацькам даводзіцца даплачваць пэўную суму, чаго не робяць бацькі падлеткаў, якія задзейнічаны ў працоўных брыгадах па напрамку другаснай занятасці. Трэба адзначыць, што раённы аддзел адукацыі і кіраўнікі школ, якія арганізоўваюць лагеры працы і адпачынку, штогод клапоцяцца аб патанненні харчавання, стараючыся кампенсаваць затраты на яго за кошт сродкаў спонсараў, у ролі якіх выступаюць СВК. А дзеці з мнагадзетных сем’яў, падлеткі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і дзеці-сіроты харчуюцца бясплатна — выдаткі на іх харчаванне кампенсуюцца за кошт сродкаў раённага бюджэту.
Харчуюцца юныя працаўнікі ва ўстановах адукацыі, на базе якіх арганізоўваюцца працоўныя летнікі. Работнікі школ рыхтуюць і забаўляльную праграму для наведвальнікаў лагера.
— У кожнай школе працуюць спартыўныя пляцоўкі. Для дзяцей праводзяцца дні спорту, турызму; ладзяцца дыскатэкі, наведваць якія, дарэчы, могуць усе юныя жыхары вёскі, — заўважае Г.У.Фінагенава. — Акрамя таго, прапаноўваюцца іншыя цікавыя мерапрыемствы. У мінулым годзе, напрыклад, педагогі Верцялішкаўскай сярэдняй школы распрацавалі праграму па падрыхтоўцы падлеткаў да сямейнага жыцця: чыталі дзецям міні-лекцыі, праводзілі трэнінгі па ўзаемаадносінах паміж людзьмі і праблемах сям’і. Цікава было ўсім.

Асноўная адказнасць за бяспеку падчас работы дзяцей у лагеры працы і адпачынку кладзецца на плечы педагогаў, якія заўсёды знаходзяцца побач са сваімі выхаванцамі. Бацькам, у сваю чаргу, таксама даводзіцца інфармацыя пра тэхніку бяспекі дзяцей у ходзе іх працоўнай занятасці, падчас паходаў і купання. Разам з дзецьмі яны распісваюцца ў адмысловых журналах аб праходжанні адпаведнага інструктажу.
— Ствараць такія лагеры неабходна, — кажа Ганна Уладзіміраўна. — І не толькі таму, што праз іх дзеці атрымліваюць магчымасць падзарабіць. Падлеткі далучаюцца да працы, і гэты факт радуе многія сем’і, нават тыя, якія не адчуваюць недахопу ў грошах.
Вяртаючыся да пытання работы з наймальнікамі, спецыяліст адзначыла, што ў Гродзенскім раёне супрацоўніцтва паміж школамі і прадпрыемствамі працягвае развівацца яшчэ і дзякуючы значнай падтрымцы мясцовых улад, у прыватнасці, старшыні Гродзенскага райвыканкама Яна Янавіча Васілеўскага: ён усяляк заахвочвае СВК, якія прадастаўляюць часовыя працоўныя месцы падлеткам. І ва ўсіх бакоў, такім чынам, з’яўляецца стымул для ўзаемадзеяння.

Глафіра ЛЯТКОЎСКАЯ.