Бізнес-урокі на практыцы

Можна многа расказваць аб правілах вядзення бізнесу, але больш эфектыўна непасрэдна паспрабаваць сябе ў новай справе. Прычым у тым, што прыклад сапраўды лепш за правіла, яшчэ раз пераканаліся ў Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці.

Рабіць тое, што ўмееш

— У нас традыцыйна займаюцца сувенірамі, таму самі дзеці і ўнеслі прапанову: гэтую прадукцыю можна не толькі вырабляць, але і прадаваць, — расказвае загадчык аддзела дэкаратыўна-прыкладной творчасці Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Дзяржынскага раёна Любоў Аляксандраўна Чарняўская. — Так узнікла ідэя арганізаваць бізнес-кампанію “Пазітыў”. Падлічылі выдаткі на матэрыялы, упакоўку і рэкламу, склалі бізнес-план, а затым пачалі працаваць. Пры гэтым дзецям падабаецца як вытворчасць, так і продаж. Бо гэта — сапраўдны бізнес.
Фларыстычныя кампазіцыі і букеты, мяккія цацкі і вырабы з салёнага цеста, біжутэрыя і мыла ручной работы, шкатулкі і банбаньеркі, магніты, свечкі і дэкаратыўныя талеркі, падарункавыя наборы — вось асноўныя напрамкі вытворчасці “Пазітыву”. Такая прадукцыя карыстаецца попытам, як і вышываныя імянныя закладкі і закладкі-абярэгі, канверты, флікеры-абярэгі, куфэркі, вымпелы і ручнікі, упрыгажэнні для вясельнага стала яшчэ адной бізнес-кампаніі — “БелАрт”. — Мы працуем у традыцыйнай беларускай тэхніцы вышыўкі процяг, якая найбольш распаўсюджана на Палессі і ў Валожынскім раёне Міншчыны, — зазначае настаўніца матэматыкі і кіраўнік школьнай бізнес-кампаніі “БелАрт” Петкавіцкага ясляў-сада — сярэдняй школы Галіна Іванаўна Цалагуз. — Асвойваць гэтую тэхніку дзяўчынкі пачынаюць на ўроках абслуговай працы, таму асаблівых пытанняў з выбарам сферы дзейнасці не было, адразу ж вызначыліся: будзем рабіць тое, што ўмеем. І, як высветлілася, разлік аказаўся правільным. Вышываныя ручнікі і сувеніры карыстаюцца папулярнасцю ў людзей, пры правядзенні ўрачыстасцей ці сустрэч дэлегацый да нас звяртаюцца райвыканкам і прафсаюзы, мы выстаўлялі і рэалізоўвалі вырабы падчас абласных, рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемстваў, у тым ліку такіх, як чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску, Дзень беларускага пісьменства ў Заслаўі, абласныя “Дажынкі”. Пры гэтым для планавання работы праводзяцца даследаванні рынку сувенірнай прадукцыі. А плюс да таго звяртаем увагу на культуралагічны аспект, вывучаем сімволіку вышыванак. У народнай творчасці кожны малюнак мае свой сэнс, і забывацца аб гэтым ніколі нельга.
З урокаў абслуговай працы пачалася дзейнасць бізнес-кампаніі “Велес” сярэдняй школы № 2 Дзяржынска. Праўда, яе спецыфіка ўжо іншая. Настаўнік абслуговай працы сярэдняй школы Сяргей Уладзіміравіч Шчапко — сапраўдны майстар і да таго ж ініцыятыўны чалавек. Таму яшчэ да стварэння кампаніі ва ўстанове адукацыі на высокім узроўні вялася работа па развіцці тэхнічнай творчасці: тут была аснашчана ўсім неабходным абсталяваннем майстэрня, існавалі гурткі для вучняў, якія з цікавасцю займаліся стварэннем вырабаў з дрэва.
— Мы робім драўляныя сувенірныя талеркі, лыжкі, кубкі, лапаткі, вязальныя пруткі, аўтаручкі, дэкаратыўныя яблыкі і многія іншыя рэчы, прызначаныя як для ўпрыгажэння інтэр’ера, так і для выкарыстання ў побыце, — кажа кіраўнік вытворчага аддзела бізнес-кампаніі “Велес” навучэнец 10 класа сярэдняй школы № 2 Мацвей Анісовіч. — Мадэлі вырабаў распрацоўваем самі, самі рыхтуем адпаведную дакументацыю, а пасля пачынаем серыйную вытворчасць. Што ж да прадукцыі, то яна паспяхова прэзентавалася на выставах рознага ўзроўню, але, напэўна, самая важная адзнака нашай рабоце — інтарэс з боку пакупнікоў.
Калі напрамак “Велеса” больш мужчынскі, то профіль бізнес-кампаніі “Крыніца” сярэдняй школы № 4 Дзяржынска, наадварот, жаночы. У кампаніі шыюць камплекты пасцельнай бялізны, ручнікі, сурвэткі, насоўкі і ў тым ліку для дзіцячых садоў і іншых устаноў адукацыі раёна.
— Нашы вырабы добра ведаюць, яны якасныя і недарагія, а таму ўжо склалася кола пастаянных кліентаў, — заўважае кіраўнік бізнес-кампаніі “Крыніца” Наталля Пятроўна Прыкота. — Цяпер мы імкнёмся працаваць на індывідуальны заказ, з улікам патрабаванняў да матэрыялу, колеру і памеру прадукцыі, якія, зразумела, могуць быць самымі рознымі.

Вучыцца канкурэнцыі

Па колькасці школьных бізнес-кампаній Дзяржыншчына не без падстаў лічыцца адным з лідараў у краіне. На сёння ва ўстановах адукацыі раёна такіх кампаній ужо 25, і кожная мае свае асаблівасці. Адны спецыялізуюцца на сувенірах, вырабах з дрэва ці швейнай прадукцыі. Другія вырошчваюць расаду кветак і агароднінных культур. Трэція прапануюць патэнцыяльным пакупнікам інвентар для саду і агарода. Іншыя ж займаюцца арганізацыяй экскурсій, выпускам турыстычных буклетаў, краязнаўчых кніг.— Віды дзейнасці вельмі разнастайныя, пры іх выбары ўстановы адукацыі маюць поўную самастойнасць, але, як паказвае практыка, канчатковае рашэнне прымаецца зыходзячы з інтарэсаў непасрэдна вучняў, — адзначае намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама Галіна Уладзіміраўна Гапанькова. — Так, заняць свой сегмент рынку важна. Але нічога страшнага, калі ў гэтым сегменце будуць прысутнічаць дзве ці тры ўстановы. У рэшце рэшт канкурэнцыя — гэта таксама вопыт, які можа спатрэбіцца ў жыцці. Адно, што мы настройваем дзяцей: саперніцтва ў любой сітуацыі павінна быць сумленным, на аснове трох галоўных фактараў — арыгінальнасць, якасць і цана прадукцыі. Таму школьныя бізнес-кампаніі не варагуюць, а дзеляцца напрацоўкамі. У прыватнасці, шэраг устаноў удзельнічае ў рэспубліканскім інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі дзейнасці вучнёўскіх бізнес-кампаній ва ўмовах сеткавага ўзаемадзеяння”, практыка нашай работы неаднаразова трансліравалася ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”.
Заняць сваю нішу на рынку — умова першая. Аднак для паспяховага ажыццяўлення дзейнасці неабходна, каб любая арганізацыя мела эфектыўную структуру. І школьныя бізнес-кампаніі не з’яўляюцца выключэннем. Звычайна ў іх склад уваходзяць вытворчы, фінансавы, маркетынгавы і рэкламны аддзелы, кожны з членаў якіх мае свае абавязкі і адказнасць.
— Прасоўванне прадукцыі мае асаблівае значэнне, — працягвае Галіна Гапанькова. — Бізнес-кампаніі арыентуюцца на шырокае кола пакупнікоў, пляцоўкі для рэалізацыі прадастаўляюцца падчас правядзення масавых свят з нагоды 1 Мая, 9 Мая, Міжнароднага дня абароны дзяцей, Дня Незалежнасці і інш., кожную восень у раёне арганізуецца кірмаш “Установы адукацыі прапануюць”. Для распаўсюджвання інфармацыі і рэкламы таксама выкарыстоўваюцца рэгіянальныя СМІ і інтэрнэт-рэсурсы, сайты ўстаноў адукацыі.

Пазбегнуць ураўнілаўкі

Алгарытм стварэння школьнай бізнес-кампаніі нескладаны. Распрацоўваецца бізнес-план, выбіраецца назва і кіраўнік кампаніі, вызначаецца яе склад і структура. А фактычны старт для работы на Дзяржыншчыне дае атрыманне спецыяльнага дазволу на вядзенне дзейнасці за подпісамі намесніка старшыні райвыканкама па эканоміцы, начальнікаў райфінаддзела, раённай інспекцыі па падатках і зборах, раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму.
Вельмі істотны нюанс. Паколькі з вучнямі — ўдзельнікамі кампаній падпісваюцца грамадзянска-прававыя дагаворы, неабходна афармляць акты выкананых работ. Павінны фіксавацца выдаткі, выручка і, зразумела, сумы выплат вучням. Дарэчы, пасля заканчэння фінансавага перыяду, які супадае з заканчэннем навучальнага года, кіраўніцтва вучнёўскай бізнес-кампаніі рыхтуе справаздачу аб дзейнасці, якая прадастаўляецца ў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. У справаздачы ў тым ліку паведамляецца, якая прадукцыя выраблялася і прадавалася, аб’ём заробленых сродкаў, памеры выплат навучэнцам.
— На выплаты членам бізнес-кампаній накіроўваецца 20% ад сумы рэалізаванай прадукцыі, і заўважу, што ў гэтым выпадку ніякай ураўнілаўкі няма: кожны вучань атрымлівае грошы менавіта за свой выраб, — падкрэслівае Галіна Гапанькова. — У сваю чаргу прыкладна 60% выручкі ідзе на матэрыялаў, а астатняе — на іншыя патрэбы кампаній, скажам, на набыццё абсталявання, рэкламную ці маркетынгавую дзейнасць.

Грошы, веды, дапамога ў выбары

Стаць членамі бізнес-кампаній могуць вучні, якім споўнілася 14 гадоў. Паводле патрабавання працоўнага заканадаўства, заключаць грамадзянска-прававыя дагаворы з гэтай катэгорыяй падлеткаў можна толькі з пісьмовай згоды іх бацькоў. І гэтая ўмова не адзіная. Трэба памятаць, што работа непаўналетніх не можа быць цяжкай або шкоднай, што працягласць такой работы абмяжоўваецца па часе, што да заняткаў пэўнай дзейнасцю могуць існаваць індывідуальныя медыцынскія супрацьпаказанні, нарэшце, што ў такім выпадку павінна ўдзяляцца асаблівая ўвага выкананню норм па ахове працы, санітарных і супрацьпажарных правіл. Варта таксама зазначыць, што на асоб, занятых на ўмовах грамадзянска-прававых дагавораў, працоўныя кніжкі не запаўняюцца. Аднак на такіх асоб распаўсюджваецца дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне, такім чынам, кіраўнік установы адукацыі ці цэнтралізаваная бухгалтэрыя аддзела адукацыі павінны ва ўстаноўленым парадку арганізаваць адлічэнне страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
— Дзеці зарабляюць грошы, але заробак усё ж не галоўнае, — адзначае Галіна Гапанькова. — Бізнес-кампанія — гэта цікавы занятак у свабодны ад вучобы час, непасрэднае знаёмства з асновамі прадпрымальніцкай дзейнасці, павышэнне фінансавай дасведчанасці, а таксама падрыхтоўка да свядомага выбару прафесіі.
Прыкладаў, калі выпускнікі школ — былыя члены вучнёўскіх прадпрымальніцкіх праектаў затым звязалі свой лёс з эканомікай, ужо нямала. Аднак асабліва запомніліся словы цяперашняга дырэктара бізнес-кампаніі “БелАрт” Петкавіцкага ясляў-сада — сярэдняй школы навучэнкі 11 класа Настассі Дубоўскай. Дзяўчына марыць стаць настаўніцай і тлумачыць гэта так:
— Спачатку бізнес-кампанія была проста захапленнем, але дзякуючы ёй, паступова прыйшло разуменне, што мне падабаецца працаваць са сваімі аднагодкамі і вучнямі іншых класаў. Гэта маё, а значыць, сумненняў быць не павінна — трэба паступаць у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.

Сяргей ГРЫБ.
Фота з архіваў устаноў адукацыі Дзяржынскага раёна.