Прадпрымальны і прадпрымальніцкі

Усе мы, педагогі, канечне, разумеем, што дзяржаве, грамадству неабходны прафесіяналы, якія могуць актыўна і эфектыўна працаваць дзеля ўстойлівага развіцця эканомікі і паляпшэння агульнага дабрабыту. Цяпер, у час вялікіх эканамічных зрухаў, гэта асабліва актуальна, таму фарміраванне прадпрымальніцкай кампетэнтнасці прадстаўнікоў сучаснага маладога пакалення з’яўляецца адной з найважнейшых задач адукацыі.

Школа ў гімназіі

Не так даўно наша гімназія ўпершыню стала ўдзельніцай рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі “Прадпрымальная школа” ў дзейнасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”. Што заахвоціла ўключыцца ў гэты працэс? Мы разумелі, што сённяшні выпускнік школы павінен валодаць сукупнасцю асабістых і дзелавых якасцей, навыкаў, ведаў, праяўляць сацыяльную актыўнасць, умець знаходзіць выйсце з нестандартных сітуацый, дасягаць пастаўленых мэт і несці адказнасць за вынікі, гэта значыць, валодаць прадпрымальніцкай кампетэнтнасцю. А вось засвойваць усе гэтыя сакрэты лепш праз адкрытае адукацыйнае асяроддзе. Умовамі стварэння такога асяроддзя выступаюць метады адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця, прынцып “роўны навучае роўнага”, удзел усіх суб’ектаў у канструяванні і аптымізацыі адукацыйнага працэсу. Усе гэтыя метады прыводзяць да неабходнасці трансфармацыі пазіцыі педагогаў гімназіі. Педагог не дае гатовых адказаў, ліквідуе ўласную фінансавую і эканамічную недасведчанасць, займаецца дадатковай падрыхтоўкай арганізатараў навучання, выхоўвае здольнасць паставіць уласнае “Я” на іншую пазіцыю, будуе партнёрскія адносіны не толькі з дзецьмі, але і з іншымі членамі супольнасці.
Рэсурсамі трансфармацыі педагагічнай пазіцыі як фактару развіцця прадпрымальніцкай кампетэнтнасці выступілі арганізаваныя ў гімназіі “прадпрымальныя заняткі”, прадпрымальніцкая падрыхтоўка навучэнцаў і педагогаў, сацыяльна-прадпрымальніцкая дзейнасць усіх удзельнікаў адукацыйнай прасторы гімназіі як у навучальнай установе, так і за яе межамі, развіццё сістэмы самакіравання гімназіі.
“Прадпрымальныя заняткі” — гэта ўрокі, факультатыўныя заняткі, аб’яднанні па інтарэсах, дзе выкарыстоўваюцца актыўныя метады навучання, пераважае прынцып “роўны навучае роўнага”, паказваецца, як веды выкарыстоўваюцца ў практычнай дзейнасці. Навучэнцы прымаюць непасрэдны ўдзел у іх арганізацыі, а педагог імкнецца зрабіць так, каб дзеці прымалі больш адказных рашэнняў і актыўна ўдзельнічалі ў вучэбным працэсе, бачылі вынікі свайго навучання і асэнсоўвалі іх.
Наступны рэсурс — прадпрымальніцкая падрыхтоўка. Другі год запар дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “Асновы эканамічнай дасведчанасці”. Навучэнцы засвойваюць асноўныя эканамічныя паняцці, законы функцыянавання гаспадаркі, набываюць першыя навыкі самастойнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Так, у рамках аб’яднання па інтарэсах “Юны лесавод” наладжана цеснае ўзаемадзеянне з Верхнядзвінскім лясгасам: хлопцы і дзяўчаты працуюць у дэндрапарку, склалі буклет аб яго ўнікальных раслінах, распрацоўваюць сайт, дапамагаюць з афармленнем рэкламнай прадукцыі. Таксама заключаны дагаворы на выраб шпакоўняў і сінічнікаў, летам праводзіцца лагер працы і адпачынку.
Урокі фінансавай дасведчанасці ад Беларусбанка і Белаграпрамбанка сталі звыклымі як для гімназістаў, так і для педагогаў. Як пралічыць даход па ўкладзе, колькі неабходна заплаціць працэнтаў па крэдыце, перавагі банкаўскай карткі — гэта толькі некаторыя пытанні, на якія ўдзельнікі ўрокаў фінансавай дасведчанасці атрымалі адказы. У мінулым навучальным годзе ў нас упершыню прайшоў тыдзень фінансавай дасведчанасці, прысвечаны Міжнароднаму дню фінансаў дзяцей і моладзі. Акрамя тэарэтычных заняткаў, былі арганізаваны экскурсіі ў аддзяленне Беларусбанка, дыстанцыйная віктарына па фінансавай дасведчанасці для хлопчыкаў і дзяўчынак партнёрскай сеткі “Прадпрымальная школа” і школ Верхнядзвінскага раёна.Зроблены першыя крокі да стварэння новага аб’яднання (“Школьная бізнес-кампанія”), асноўная ідэя якога — фарміраванне ў навучэнцаў прадпрымальнасці, развіццё крэатыўнасці, набыццё першапачатковых эканамічных ведаў. Пры гэтым настаўнікамі з’яўляюцца не толькі педагогі гімназіі, але і мясцовыя прадпрымальнікі, супрацоўнікі Беларусбанка.
Педагогам таксама трэба даведацца, як функцыянуе бізнес-кампанія. Верхнядзвінская гімназія стала ўдзельніцай міжнароднага праекта “Школьныя бізнес-кампаніі: патэнцыял бізнес-адукацыі школьнікаў”, які рэалізоўвае Віцебскі бізнес-цэнтр.

Бяром адказнасць на сябе

У гімназіі традыцыйна праходзіць кірмаш “А ў нас — Дажынкі”. Прычым калі раней на кірмашы ў асноўным прадавалася хатняя выпечка, то апошнім часам з’явіліся іншыя тавары, вырабленыя ў гімназіі: дрэвы з бісеру, гліняныя падкоўкі, чахлы для тэлефонаў, вышытыя беларускім арнаментам. Кошт тавару дакладна разлічваецца, а заняткі па разліку правяла Таццяна Мікалаеўна Найдзёнак, галоўны бухгалтар ТАА “Спети”. Штогод у гімназіі праходзіць і конкурс дзіцячых ініцыятыў “Будуем, будуем новы дом!”, які арыентаваны на сацыяльна значныя праекты.
Навучэнцы 9 “Б” класа працягнулі традыцыі валанцёрскага руху ў гімназіі. Валанцёрскі атрад “Добрае сэрца” супрацоўнічае з выхаванцамі аддзялення дзённага знаходжання дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў Верхнядзвінскага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Для малых з цэнтра такія сустрэчы — гэта пашырэнне кола зносін, дапамога ў адаптацыі, павышэнне самаацэнкі, а для хлопчыкаў і дзяўчынак з гімназіі — новыя знаёмствы, пазітыўныя зносіны, набыццё ўпэўненасці ў сваіх сілах, магчымасць навучыць іншых таму, што ўмеюць самі, і самім павучыцца.
Удзел у міжнародных інтэрнэт-праектах павышае ўзровень практычнага валодання англійскай мовай і камп’ютарам, а галоўнае — фарміруе навыкі самастойнай дзейнасці, ініцыятыўнасць вучняў. Сярод іх — праект Where I live (“Свет, дзе я жыву”). Навучэнцы 6-х класаў пісалі лісты іншым удзельнікам праекта, афармлялі індывідуальныя творчыя работы (малюнкі, калажы) аб Радзіме, рабілі постар аб Беларусі, выраблялі навагоднія сувеніры, здымалі відэафільм аб гімназіі, праводзілі відэаканферэнцыі.
У праекце The Teddy Bear Project (“Плюшавы мішка”) гімназісты абменьваюцца цацачнымі мядзведзямі, якія шлюць лісты з апісаннем жыцця кожнага з іх у новай краіне, перасылаюць матэрыялы, што асвятляюць падзеі і мерапрыемствы, у якіх прымае ўдзел мядзведзь. У мінулым навучальным годзе гімназісты перапісваліся з аднагодкамі з Японіі, а сёлета — з юнымі грамадзянамі з Кітая і Пакістана.Гэта толькі невялікі пералік праектаў, якія рэалізаваны і рэалізоўваюцца ў гімназіі. Прычым сацыяльна значныя праекты і ініцыятывы, на думку педагогаў-інаватараў, маюць свае перавагі, паколькі практычна ўсе навучэнцы ў розныя часавыя перыяды актыўна ўдзельнічаюць у кіраванні жыццём гімназіі. Акрамя таго, рэалізоўваючы свае праекты, гімназісты ўдасканальваюць карысныя сацыяльныя навыкі і ўменні: планаванне будучай дзейнасці, разлік неабходных рэсурсаў, аналіз вынікаў, замацаванне навыкаў каманднай работы.
Навучэнцы самі фарміруюць і развіваюць пэўную сітуацыю. Яны спрабуюць сябе ў розных відах дзейнасці і вызначаюць свае моцныя бакі і інтарэсы. Яны набываюць самастойнасць, не працуючы пад наглядам настаўніка, свядома выбіраюць і прымяняюць розныя метады навучання, прымаюць на сябе адказнасць за канчатковы вынік.
Яркім прыкладам каманднай работы стаў удзел каманды навучэнцаў 7-х класаў у VII Рэспубліканскім асабіста-камандным турніры “Планета Крэатыў”. Падчас яго правядзення было вырашана распрацаваць чатырохбаковы праектар для хатняга карыстання. У кожнага навучэнца была свая роля: маркетолаг, патэнтазнавец, вынаходнік, рэкламны агент, дызайнер, канструктар-тэхнолаг, фінансіст. На працягу месяца навучэнцы разам думалі, як будзе выглядаць праектар, якія элементы ў яго будуць уваходзіць, прыдумвалі эмблему і назву. У выніку каманда атрымала першае месца.
А што да педагогаў гімназіі, то для іх арганізоўваюцца семінары-практыкумы, дзе кожны чалавек не пасіўны слухач, а актыўны ўдзельнік. Педагогі наведваюць семінары, якія праходзяць у школах-партнёрах — Браслаўскай гімназіі, сярэдняй школе № 10 Барысава, Касцюковіцкай гімназіі. Два нашы педагогі атрымалі сертыфікаты дыстанцыйнага курса прафесійнага развіцця педагогаў — удзельнікаў праграмы Adobe Youth Voices.

***

На базе гімназіі прайшоў рэспубліканскі семінар-практыкум “Прадпрымальная школа”: умовы і метады ўкаранення мадэлі ў дзейнасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”, мы падзяліліся вопытам, расказалі аб зробленым. Скажу шчыра: за нядоўгі час рэалізацыі праекта мы бачым змены, навучэнцы больш актыўна прапаноўваюць ініцыятывы, распрацоўваюць план іх увасаблення ў жыццё, прыцягваюць да агульнай справы хлопчыкаў і дзяўчынак не толькі з гімназіі, але і з іншых школ раёна, актыўнымі ўдзельнікамі праектаў становяцца дарослыя. Пры гэтым з боку розных арганізацый Верхнядзвінскага раёна паступаюць прапановы па рэалізацыі сумесных праектаў з гімназіяй. Значыць, усё атрымалася.

Наталля ЛАБЕЙКА,
намеснік дырэктара Верхнядзвінскай гімназіі.
Фота з архіва ўстановы адукацыі.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

Пожалуйста напечатайте буквы/цифры изображенные на картинке

Увядзiце лiтары, якiя вы бачыце на малюнку. Гэта засцярога ад спама.

*