Адкрытасць — аснова дыялогу з папячыцелем

Любы кіраўнік навучальнай установы ведае, наколькі папячыцельства — тонкая справа, наколькі непрыкметная мяжа аддзяляе гатоўнасць бацькоў навучэнцаў дапамагчы школе ад іх незадаволенасці “паборамі”. Безумоўна, разумее гэта і дырэктар сярэдняй школы № 72 Мінска Алена Станіславаўна Талмачова. Яна пераканана, што менавіта дзякуючы адкрытасці, а таксама некаторым падыходам да работы з бацькамі ў невялікай школе паспяхова наладжана работа папячыцельскага савета.

Будынак 72-й школы ўзведзены яшчэ ў 1961 годзе. Нават толькі з гэтага пункту гледжання ўстанове неабходна пастаянная работа па падтрымцы яго ў належным стане, а значыць, пастаянна патрабуюцца грошы. Вядома, немалыя сродкі на гэта выдаткоўваюцца з бюджэту. Так, за тры апошнія гады за іх кошт у школе замянілі палову вокнаў, адрамантавалі ганак, паставілі новую агароджу. Але ж гэта далёка не ўсе неабходныя для школы работы.
— Мы без бацькоў нашых навучэнцаў як без рук, — прызнаецца дырэктар установы. — У нас ёсць і базавае прадпрыемства — маторны завод, але ён пакуль не мае магчымасці дапамагчы школе.
Папячыцельскі савет тут створаны адносна нядаўна — ён дзейнічае чацвёрты год. Адным з актыўных яго стваральнікаў была маці на той час двух вучняў школы (зараз старэйшае дзіця тут ужо не вучыцца) Наталля Аляксандраўна Каратчэня. Яна ж стала першым і пакуль адзіным старшынёй савета. А працуе Наталля Аляксандраўна метролагам на Мінскім трактарным заводзе.
У многіх навучэнцаў, дарэчы, адзін або абое бацькоў працуюць ці на МТЗ, ці на Мінскім маторным заводзе, 40% сем’яў навучэнцаў жывуць у інтэрнатах. Такая вось спецыфіка. У пэўным сэнсе гэта спрашчае работу педагогаў па ўзаемадзеянні з бацькамі навучэнцаў — прыйсці ў інтэрнат і адразу пагутарыць з некалькімі, калі яны самі не могуць наведаць школу.
Другая асаблівая рыса гэтай школы — невялікая колькасць навучэнцаў, іх на сёння 371, тут працуе 41 педагог. Але гэта мае свае перавагі, бо педагогі добра ведаюць і кожнага свайго вучня, і кожную сям’ю.
— Нам прасцей выбудоўваць дыялог і з дзецьмі, і з іх бацькамі, — кажа яна. — Бацькам заўсёды даспадобы, калі педагог цалкам валодае сітуацыяй па кожным дзіцяці, дасканала ведае праблемы кожнага вучня. Таму і ў рабоце папячыцельскага савета бацькі ўдзельнічаюць актыўна. Членства не накладвае вялікіх абавязацельстваў, тым больш што грошы здаюць далёка не ўсе бацькі. Той, хто не мае магчымасці зрабіць гэта, можа, напрыклад, папрацаваць на рамонце школы ці пры жаданні выканаць іншую працу. А паколькі многія бацькі маюць рабочыя спецыяльнасці, якасць іх работы не выклікае ніякіх нараканняў.
Хаця і сума штогадовага папячыцельскага ўзносу зусім, здаецца, невялікая — адна базавая велічыня, зараз гэта 210 тысяч рублёў. Вельмі, на мой погляд, разумны падыход да арганізацыі гэтай справы, бо людзі ў большасці сваёй не лічаць такую суму празмернай. Тым не менш пры невялікіх узносах за тры гады ў школе за кошт сродкаў папячыцельскага савета ўдалося зрабіць даволі многа для развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы: тут набылі мэблю для кабінета сацыяльнага педагога, вучэбных кабінетаў матэматыкі, інфарматыкі, хіміі, гісторыі, англійскай мовы, пачатковых класаў. Абнаўляецца спартыўная база; закуплена сучаснае ІТ-абсталяванне (камп’ютары, ноўтбук, інтэрактыўная дошка). Абнавіўся інтэр’ер холаў.
Папячыцельскі савет збіраецца не менш за два разы на год. На пачатку верасня савет плануе, што неабходна набыць для школы ў гэтым навучальным годзе. Адзін раз на год праводзіцца сход для ўсіх бацькоў, на якім іх увазе прапаноўваецца справаздача папячыцельскага савета.
І, канечне, мам, татаў, дзядуляў і бабуль на першым агульнашкольным бацькоўскім сходзе запрашаюць на экскурсію, каб паказаць, што зроблена за іх узносы, у якіх умовах вучацца дзеці. Пастаянная поўная справаздачнасць перад усімі бацькамі таксама адзін з важных складнікаў паспяховай работы з імі, як і ўпэўненасць дарослых, што педагогі зацікаўлены ў развіцці іх дзяцей. Для школы, якая добра вучыць, не шкада зрабіць тое, што ў тваіх сілах.
Акрамя грошай папячыцельскага савета, сродкі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы дае пазабюджэтная дзейнасць. У школе створана сетка платных адукацыйных паслуг на аснове апытанняў і інтарэсаў законных прадстаўнікоў вучняў. Сярод іх вельмі папулярная секцыя каратэ, якая працуе і для дарослых, і для дзяцей, гурток па падрыхтоўцы да школы, інтэлектуальныя гурткі “Познай-ка” для пачаткоўцаў, гурткі для адзінаццацікласнікаў па падрыхтоўцы да экзаменаў па розных прадметах. Адны заняткі для будучага выпускніка каштуюць 25 тысяч рублёў, атрымліваецца 200 тысяч рублёў у месяц. А секцыя каратэ за дзевяць месяцаў дае ў даход школы каля 27 млн рублёў. За 2015 год установа адукацыі зарабіла на аказанні платных адукацыйных паслуг 166 млн рублёў. Частка гэтых грошай ідзе на аплату працы педагогаў, значная частка — на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.
— Пры граматным планаванні расходаў за ўсе гэтыя сродкі можна зрабіць вельмі многае, — упэўнена Алена Станіславаўна. — Сёння кіраўнік ўстановы адукацыі ў кантакце з бацькамі мае магчымасць значна ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу школы, стварыць максімальна камфортныя ўмовы для атрымання сучаснай якаснай адукацыі.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.