Свая дарога, або Пазабюджэтная дзейнасць з улікам абставін

Сродкі ад пазабюджэтнай дзейнасці даўно сталі для многіх устаноў адукацыі надзейнай дапамогай у вырашэнні пытанняў матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння. Праўда, магчымасці для разгортвання такой дзейнасці неаднолькавыя. Адна справа — гаспадарыць на значных зямельных плошчах установе, скажам, сельскагаспадарчага профілю, маючы пры гэтым вялікую колькасць пабудоў і збудаванняў, іншая — размяшчацца ў невялікім будынку на тэрыторыі, акружанай іншымі ўстановамі. Пры гэтым план застаецца планам, патрэбы застаюцца патрэбамі, і пазабюджэтныя сродкі зарабляць неабходна. Як спраўляюцца з гэтай задачай у Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы чыгуначнага транспарту імя Я.П.Юшкевіча?

Свае асаблівасці

Каледж, бадай, адна з самых старых навучальных устаноў Беларусі, яму ўжо 93 гады. Зараз тут вучыцца 731 чалавек па спецыяльнасцях, звязаных выключна з чыгункай: “Памочнік машыніста цеплавоза”, “Слесар па рамонце рухомага саставу”, “Праваднік пасажырскага вагона”, некаторыя іншыя. Зусім нядаўна, зрэшты, навучэнцаў у каледжы было больш, але адбыўся чарговы выпуск маладых спецыялістаў, хутка будзе наступны. Звязана гэта з патрэбамі чыгункі, якой зручней атрымліваць свежыя сілы не толькі ў канцы навучальнага года, але і ў яго сярэдзіне.
Чалавек, які больш за іншых у каледжы ведае пра пазабюджэтную дзейнасць, — гэта намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Дзмітрый Зігмунтавіч Стурліс. Ён і расказаў, што пазабюджэтная дзейнасць у каледжы вядзецца вельмі даўно і не была звязана з нейкімі часовымі павевамі і рашэннямі. Проста так патрабавала жыццё.— Працую ў каледжы з 1986 года, — гаворыць мой суразмовец, — і добра ведаю, што як мінімум з гэтай пары мы займаемся пазабюджэтам, проста віды дзейнасці за працяглы час існавалі розныя. Але гэты напрамак работы ў нас мае свае асаблівасці, якіх няма ў многіх іншых установах прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
Па словах Дзмітрыя Зігмунтавіча, першая асаблівасць заключаецца ў тым, што каледж рыхтуе спецыялістаў выключна для чыгункі, ніякіх шырокафарматных спецыяльнасцей тут няма. А ў Савецкім Саюзе ў свой час была пабудавана дасканалая сістэма падрыхтоўкі чыгуначных кадраў, якая ў цэлым захавалася да гэтага часу. Значыць, амаль кожная з былых рэспублік СССР мае свае навучальныя ўстановы і цэнтры падрыхтоўкі кадраў — рынак строга рэгламентаваны. Нават у Беларусі, акрамя мінскага, працуюць яшчэ некалькі такіх каледжаў — у Оршы, Гомелі (каледж і ліцэй), Брэсце (каледж і ліцэй). З аднаго боку, гэта зручна для навучэнцаў і заказчыкаў кадраў, з другога — навучальныя ўстановы не могуць заахвоціць да навучання шмат пазабюджэтнікаў не са сваіх рэгіёнаў. Тым больш што кожная ўстанова рыхтуе спецыялістаў для свайго аддзялення Беларускай чыгункі, а гэта таксама накладвае абмежаванні па колькасці навучэнцаў.
Каледж спрабаваў наладзіць супрацоўніцтва з прыбалтыйскімі краінамі, але там, па-першае, іншая чыгуначная тэхніка, якой няма ў Беларусі. Па-другое, працэдура сертыфікацыі для беларускага каледжа ў адпаведнасці з еўрапейскімі патрабаваннямі настолькі складаная і дарагая, што наўрад ці можа быць апраўдана ў цяперашні час.
Наступная асаблівасць каледжа чыгуначнага транспарту — тут не вучаць выпускаць якую-небудзь прадукцыю, тут вучаць абслугоўваць працэс перавозкі пасажыраў і грузаў. Такім чынам, вырабіць нешта ў вучэбных майстэрнях і рэалізаваць гэта навучальная ўстанова не можа. Незанятых памяшканняў, якія можна было б здаць у арэнду, таксама няма, зараз назіраецца нават пэўны дэфіцыт плошчаў для сваіх патрэб, у тым ліку плошчаў у інтэрнаце, які размешчаны побач з вучэбным корпусам.

Свае рашэнні

Што ж можна зрабіць у такіх даволі сціслых умовах? Не будзем хітрыць, большую частку пазабюджэтных сродкаў установа атрымлівае дзякуючы вытворчай практыцы навучэнцаў. 25% заработку практыкантаў — гэта камісійныя адлічэнні каледжа. Зарплата ж саміх навучэнцаў такая: прыкладна 5—6 млн для памочніка машыніста, 3—4 млн для правадніка. Столькі практыканты атрымліваюць на рукі.
Канечне, ёсць і іншыя крыніцы папаўнення грашовых сродкаў.
— У нас склаліся вельмі добрыя адносіны з нашым прадпрыемствам-заказчыкам — Мінскім аддзяленнем Беларускай чыгункі, — тлумачыць Д.З.Стурліс. — І на дагаворнай аснове мы праводзім для аддзялення курсы павышэння кваліфікацыі. Для гэтага ў нас ёсць і база, і выкладчыкі.Працуюць такія курсы на заказ, па меры неабходнасці. Так, тут рыхтуюць начальнікаў цягнікоў. Большасць навучэнцаў гэтых курсаў — былыя выпускнікі каледжа, так што вяртаюцца яны ў родныя сцены і паспяхова павышаюць сваю кваліфікацыю. Праграму такой перападрыхтоўкі, канечне ж, узгаднілі з заказчыкам, выкладаюць на курсах практыкі, сярод якіх многа людзей, якія самі працавалі начальнікамі цягнікоў. А з’явіліся курсы для названых спецыялістаў (як правіла, імі становяцца вопытныя праваднікі) нядаўна — у мінулым годзе.
Курсы павышэння кваліфікацыі былі арганізаваны для брыгадзіраў пуці. У каледжы па агульнай праграме вучаць манцёраў пуці, а затым частка гэтых спецыялістаў становіцца брыгадзірамі. Пакуль перападрыхтаваных брыгадзіраў Мінскаму аддзяленню чыгункі хапае, а пры неабходнасці каледж гатовы ў любы момант арганізаваць новыя курсы.
Пасезонна (у ацяпляльны перыяд) чыгунцы патрэбны такія кадры, як машыністы-качагары кацельных. Каледж рыхтуе і гэтыя кадры. Сістэма падрыхтоўкі ўжо дасканала адпрацавана, прычым заняткі могуць праводзіцца як на базе навучальнай установы, так і на саміх прадпрыемствах, выкладчыкі і майстры выязджаюць на месцы, дзе арганізоўваюць навучанне і па гэтай, і па іншых спецыяльнасцях.
Так, нядаўна курсы перападрыхтоўкі для манцёраў пуці пачаліся ў Радашковічах. Кіраўніцтва пуцявой машыннай станцыі № 71 справядліва вырашыла, што нерацыянальна і безгаспадарча было б пакідаць людзей без работы не ў сезон, таму варта арганізаваць навучанне для іх па другой запатрабаванай у арганізацыі спецыяльнасці. Напрыклад, кранаўшчык або вадзіцель можа не быць патрэбны станцыі круглы год. Але прыйдзе сезон — і такі работнік спатрэбіцца. А вось калі работы для яго як для кранаўшчыка няма, ён можа займацца чымсьці іншым, атрымліваць зарплату, не горшую за тую, што была, не пакідаць прадпрыемства. Вось ён і працуе сезонна манцёрам пуці.
Акрамя таго, добрыя сувязі наладжаны ў каледжы чыгуначнага транспарту з Мінскім метрапалітэнам.
— Амаль усе машыністы метро — нашы выпускнікі, — гаворыць Дзмітрый Зігмунтавіч. — Зараз у нас займаецца група будучых машыністаў метрапалітэна, якія трапілі на курсы праз цэнтры занятасці насельніцтва. З такімі групамі мы працуем у кааперацыі са спецыялістамі метро: частку прадметаў выкладаюць яны, частку — нашы педагогі.
Курсы для машыністаў праводзяцца на працягу дзевяці месяцаў, а трапіць на іх могуць не ўсе, бо тут прад’яўляюцца вельмі высокія патрабаванні да здароўя і псіхалагічных асаблівасцей прэтэндэнтаў, з імі праводзіцца спецыяльнае псіхалагічнае тэсціраванне, як, дарэчы, і з супрацоўнікамі любой лакаматыўнай брыгады, як і з усімі абітурыентамі каледжа, якія выбіраюць спецыяльнасць “Памочнік машыніста”.
Спецыяльная адукацыя для такіх навучэнцаў — будучых машыністаў метро — не абавязковая, у цяперашняй групе вучыцца, напрыклад, былы праваднік, трапляюць на такія курсы людзі як з сярэдняй, так і з вышэйшай адукацыяй.
— Падобныя курсы арганізаваны ў нас практычна на пастаяннай аснове, — адзначае намеснік дырэктара каледжа. — У хуткім часе плануецца адкрыць трэцюю ветку метрапалітэна, значыць, яго кіраўніцтва клапоціцца пра будучыя кадры, якія мы і рыхтуем.
А яшчэ ўстанове ўсё ж удаецца арганізоўваць навучанне замежных грамадзян. Не атрымалася арганізаваць яго па сваіх, вузкіх, спецыяльнасцях — стварылі курсы навучання па рускай мове для замежнікаў. Апошняя па часе такая група была сфарміравана з грамадзян Турцыі.
Вось так, не маючы вытворчай базы, каледж і арганізоўвае сваю пазабюджэтную дзейнасць. Летась даходы ад яе ў цэлым (і дзякуючы практыцы, і дзякуючы курсам) склалі 5 млрд 815 млн рублёў. Пры гэтым усе гурткі па інтарэсах, сярод якіх шмат спартыўных і музычных, для навучэнцаў бясплатныя. Вырашылі так, каб заахвоціць заняткамі ў іх як мага большую колькасць навучэнцаў, умацаваць іх здароўе.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва каледжа.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

Пожалуйста напечатайте буквы/цифры изображенные на картинке

Увядзiце лiтары, якiя вы бачыце на малюнку. Гэта засцярога ад спама.

*