Чатыры правілы бяспекі

З грашамі не жартуюць, а без іх — тым больш. З гэтым крыху іранічным назіраннем можна цалкам пагадзіцца, бо недахоп грашовых сродкаў заўсёды цягне за сабой шматлікія праблемы, тады як фінансавая “падушка бяспекі” здольная ў значнай ступені забяспечыць кожнаму з нас жыццёвую самастойнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Між тым атрымліваць прыстойныя даходы — яшчэ не значыць мець высокі ўзровень дабрабыту. Сваімі сродкамі трэба рацыянальна распараджацца, а рабіць гэта зможа толькі па-сапраўднаму фінансава адукаваны чалавек.

За апошнія гады ў сталічнай сярэдняй школе № 137 імя П.М.Машэрава былі зроблены капітальныя рамонты двух вучэбных корпусаў, а ў планах на перспектыву — правядзенне рамонту школьнага спартыўнага комплексу. Дарэчы, у комплекс, які не без падстаў лічыцца адным з лепшых у краіне, уваходзяць трэнажорная і дзве спартыўныя залы, басейн, лыжная база, стадыён і тэнісны корт. Аднак школа адметная не толькі гэтым. Цікавы факт: у навучальнай установе працуюць адразу два народныя музеі — П.М.Машэрава і “Дзеці вайны”, фонды якіх налічваюць звыш тысячы экспанатаў. Школа з’яўляецца рэсурсным цэнтрам па навучанні дзяцей з асаблівасцямі развіцця. А яшчэ тут наладжана профільнае навучанне і, у прыватнасці, навучанне на павышаным узроўні такіх прадметаў, як “Грамадазнаўства”, “Сусветная гісторыя”, “Гісторыя Беларусі”, “Фізіка” і “Матэматыка”. — Нашы кабінеты абсталяваны сучаснымі сродкамі навучання, у школе працуюць творчыя, адданыя сваёй справе педагогі, і гэта прыносіць вынікі, — адзначае дырэктар навучальнай установы, доктар філасофіі ў галіне інфармацыйных тэхналогій, член Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій Ніна Анатольеўна Шылава. — Пацвярджэннем паспяховай даследчай дзейнасці школьнікаў з’яўляецца атрыманне дыпломаў розных ступеней на раённым і гарадскім этапах конкурсу даследчых работ у секцыях “Геаграфія ХХІ стагоддзя: погляд юнага даследчыка”, “Матэматыка”, “Гісторыя — культурная спадчына і сучаснасць”, “Астраномія”. За выніковы ўдзел у рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару па прадметах “Фізіка” і “Геаграфія” двое нашых вучняў адзначаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Плюс да таго на рахунку вучняў дыпломы розных ступеней і пахвальныя лісты другога этапу рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, сусветнай гісторыі, гісторыі Беларусі, грамадазнаўстве, геаграфіі, беларускай мове і літаратуры і, што не менш адметна, перамога ў раённым, а таксама ўдзел у гарадскім этапе алімпіяды па фінансавай дасведчанасці.
Між тым апошняе не стала выпадковасцю. Фінансавай адукацыі ў школе ўдзяляецца асаблівая ўвага, пры гэтым днямі ў рамках плана мерапрыемстваў Міністэрства адукацыі і Нацыянальнага банка па супрацоўніцтве ў павышэнні фінансавай дасведчанасці навучэнцаў устаноў адукацыі на адкрытую класную гадзіну да вучняў 10 “А” і 11 “А” сярэдняй школы № 137 завіталі прадстаўнікі ЗАТ “Плацежная сістэма БЕЛКАРТ”. Гаворка, зразумела, ішла аб тым, як трэба правільна і, галоўнае, бяспечна карыстацца плацежнай банкаўскай карткай.
— Ёсць некалькі відаў плацежных банкаўскіх картак, у прыватнасці, яны могуць быць ашчаднымі, крэдытнымі, зарплатнымі, студэнцкімі, пенсіённымі, дзіцячымі, — нагадала падчас сустрэчы начальнік аддзела па сувязях з грамадскасцю ЗАТ “Плацежная сістэма БЕЛКАРТ” Марына Валяр’янаўна Роман. — Карыстанне карткамі дае некалькі пераваг. Скажам, дзякуючы такой функцыі, як інтэрнэт-банкінг, знікае неабходнасць стаяць у чэргах у аддзяленнях банкаў ці на пошце — здзейсніць неабходныя плацяжы, перавесці грошы з карткі на картку, пагасіць крэдыт ці атрымаць выпіску са свайго рахунку можна непасрэдна з дому, дастаткова мець камп’ютар і інтэрнэт. Аднак галоўнае ў тым, што картка з’яўляецца больш надзейным спосабам захоўвання зберажэнняў. Наяўныя сродкі можна згубіць, іх могуць украсці, і тады шансы на вяртанне грошай становяцца амаль нулявымі. У сітуацыі з банкаўскімі карткамі малюнак іншы. Здзейсніць незаконнае спісанне з іх грошай больш складана. Для гэтага, як мінімум, трэба ведаць пін-код.
Аднак рызыка ўсё ж ёсць. З распаўсюджваннем банкаўскіх картак з’явілася новая катэгорыя махляроў — кардары. Таму задача кожнага з нас зрабіць усё, каб не трапіць у іх пасткі. А для гэтага неабходна памятаць аб чатырох асноўных правілах бяспекі.
— Дзяржавы, якія клапоцяцца аб уласным эканамічным суверэнітэце, ствараюць нацыянальныя плацежныя сістэмы, у прыватнасці, у Беларусі гэта сістэма БЕЛКАРТ, — заўважыла Марына Роман. — Адпаведна, краіны, якія нацыянальнай сістэмы не маюць, залежаць ад знешніх фактараў. Напрыклад, да 2014 года на тэрыторыі Расіі былі вельмі папулярнымі міжнародныя карткі Visa і MasterCard, аднак у выніку эканамічных санкцый заходніх краін гэтыя карткі былі заблакіраваны, і расіяне, якія фактычна пазбавіліся магчымасці карыстацца сваімі грашамі, прынялі рашэнне аб паскораным стварэнні ўласнай нацыянальнай плацежнай сістэмы. Прычым заўважу, што такая сістэма забяспечвае дадатковыя гарантыі захавання сродкаў не толькі ў выпадках падобных глабальных форс-мажорных акалічнасцей.
Паводле апошніх статыстычных даных, на тэрыторыі Беларусі пражывае амаль 9,5 млн чалавек. І адначасова ў карыстанні грамадзян нашай краіны маецца 12,7 млн картак. Гэта многа або мала? Зрэшты, адказ на гэтае пытанне варта шукаць зноў жа зыходзячы з меркаванняў бяспекі.
— У Беларусі таксама працуюць сістэмы Visa і MasterCard, многія з нас аддаюць ім перавагу і пры гэтым лічаць, што лепш мець адну міжнародную картку, — адзначыла Марына Роман. — На першы погляд, гэта сапраўды зручна, у тым ліку з прычыны неабходнасці запамінаць толькі адзін пін-код. Аднак такі падыход адназначна памылковы. Карткі павінны быць дзве. Адной з іх, з міжнародным статусам, варта карыстацца падчас паездак за мяжу, а таксама пры аплаце тавараў і паслуг праз іншаземныя сайты. А вось унутры нашай краіны трэба карыстацца нацыянальнай карткай у беларускіх рублях. Бо ў выпадку раптоўнай страты яна будзе абсалютна бескарыснай у плане разлікаў праз іншаземныя сайты, а гэта значыць, што змяншаецца верагоднасць негатыўных наступстваў.
Адна з магчымасцей банкаўскай плацежнай карткі — зняцце наяўных грошай. Аднак тут ёсць свае нюансы. Падчас здзяйснення гэтай аперацыі праз банкамат не свайго банка можа спаганяцца камісія, таму пры афармленні карткі трэба адразу ж удакладніць, пры карыстанні паслугамі якіх канкрэтна банкаўскіх устаноў гэта будзе рабіцца. Таксама, каб пазбегнуць лішніх выдаткаў на канвертацыю, варта вызначыцца з валютай па міжнародных картках. Пры планах паехаць у ЗША пажадана, каб такой валютай былі долары, а пры намеры наведаць большасць краін Еўропы, адпаведна, еўра.
— Афармленне дзвюх картак з’яўляецца правілам бяспекі нумар адзін, а правіла нумар два — усе тыпы картак павінны быць падключаны да паслугі смс-паведамленне, што дазваляе аператыўна адсочваць інфармацыю аб паступленнях, плацяжах і рэшце на рахунку, — працягнула Марына Роман. — Пры гэтым, калі на мабільны тэлефон прыходзіць паведамленне аб спісанні грошай, а вы ніякай аперацыі не здзяйснялі, то неабходна неадкладна звярнуцца ў банк для блакіроўкі карткі. Бо, як правіла, кардары страхуюцца і спачатку спісваюць невялікую суму. Аднак калі першы плацеж праходзіць, то пасля другога грошай на картцы ўжо не застаецца.
Наступнае, трэцяе, правіла бяспекі такое: банкаўскую картку нельга перадаваць трэцім асобам, у тым ліку мужу, жонцы ці дзецям. Калі сын спрабуе разлічыцца ў магазіне карткай маці, а касір адмаўляецца гэта рабіць, то касір мае рацыю. Карыстацца карткай можа толькі той, чыё імя на ёй напісана.
— Пад трэцяй асобай таксама маецца на ўвазе гандляр, — дадала Марына Роман. — Таму ў нас прынята рашэнне аб паступовай адмове ад картак з магнітнай паласой і пераходзе на карткі з чыпам. Устаўляць чыпаваную картку ў тэрмінал будзе не супрацоўнік магазіна, а непасрэдна пакупнік.
Нарэшце, правіла нумар чатыры: быць уважлівымі пры атрыманні любых электронных пісем ці смс з просьбай паведаміць даныя карткі. Падобныя просьбы трэба ігнараваць, нават калі махляры звяртаюцца ад імя банка. Банкі так не зробяць ніколі, і калі ім спатрэбіцца інфармацыя, то вас выклічуць асабіста.
— Захаванне грошай на банкаўскай картцы з’яўляецца справай іх трымальніка, — падкрэсліла Марына Роман. — Так, летась Нацыянальны банк увёў прынцып нулявой адказнасці, які прадугледжвае магчымасць вяртання банкамі сродкаў, незаконна спісаных з рахунку іх кліентаў. Аднак гэта доўгая і вельмі складаная працэдура. А плюс да таго вяртанне можа не адбыцца, калі высветліцца, што кліент не падключыў паслугу смс-паведамлення ці не выконваў іншыя патрабаванні бяспекі.
— Старшакласнікі з’яўляюцца амаль дарослымі людзьмі, зусім хутка яны пачнуць самастойнае жыццё, будуць мець банкаўскія карткі, распараджацца ўласнымі грашамі, планаваць свой бюджэт, таму падобныя гутаркі, а таксама магчымасць задаць канкрэтныя пытанні і атрымаць на іх кампетэнтныя адказы заўсёды карысныя, яны дапамагаюць сацыялізацыі падлеткаў, — зазначыла пасля сустрэчы з прадстаўнікамі ЗАТ “Плацежная сістэма БЕЛКАРТ” настаўніца матэматыкі і класны кіраўнік 10 “А”класа сярэдняй школы № 137 Алена Васільеўна Сіндарава. — І галоўная задача школы — падрыхтаваць чалавека, які ўмее арыентавацца ў сучасным жыцці, і ў тым ліку фінансава дасведчаную асобу.

У сакавіку ў Беларусі правядзеннем адукацыйных мерапрыемстваў чацвёрты раз будзе адзначацца Міжнародны дзень фінансаў дзяцей і моладзі, а таксама Тыдзень фінансавай дасведчанасці (Global money week).
Некамерцыйная Міжнародная арганізацыя фінансавай адукацыі дзяцей і моладзі CYFI (Children Youth Finance International) была створана ў Амстэрдаме ў ліпені 2011 года. Асноўнымі мэтамі CYFI з’яўляюцца выпрацоўка пагаднення аб комплексным падыходзе да стварэння даступных для дзіцяці банкаўскіх паслуг, фінансавая адукацыя дзяцей і моладзі ва ўсім свеце, распаўсюджванне інфармацыі, як зарабляюцца, трацяцца і зберагаюцца грошы, якія існуюць магчымасці атрымання даходу, навучанне прыняццю правільных фінансавых рашэнняў.
У 2012 годзе па ініцыятыве CYFI быў упершыню праведзены Міжнародны дзень фінансаў дзяцей і моладзі. Ён адзначаўся ў 26 краінах свету з мэтай прыцягнення ўвагі да фінансавых праблем дзяцей і моладзі, чаму, на жаль, не заўсёды ўдзяляецца належная ўвага. У наступным, 2013, годзе Тыдзень фінансавай дасведчанасці адзначаўся ўжо ў 80 краінах (агульны ахоп адукацыйнымі мерапрыемствамі склаў 1 млн дзяцей і моладзі), у 2014 годзе — у 118 краінах (3 млн дзяцей і моладзі), а ў 2015 годзе — у 124 краінах (5,6 млн маладых людзей).
Пры гэтым штогод Міжнародная арганізацыя фінансавай адукацыі дзяцей і моладзі зацвярджае спецыяльную прэмію для дзяржаў, якія ўкараняюць нестандартныя падыходы ў пытаннях павышэння фінансавай кампетэнтнасці моладзі і прыкладаюць значныя намаганні для матывацыі маладога пакалення да атрымання фінансавых ведаў. Летась у Беларусі ў рамках Тыдня фінансавай дасведчанасці мерапрыемствамі было ахоплена 55 тысяч дзяцей, а наша краіна аказалася ў ліку фіналістаў гэтага конкурсу CYFI.
Чарговы Тыдзень фінансавай дасведчанасці пройдзе з 14 па 20 сакавіка 2016 года. У рамках акцыі запланавана правядзенне шэрага мерапрыемстваў па рознай тэматыцы — ад правіл вядзення штодзённага індывідуальнага фінансавага плана і кіравання асабістымі фінансамі да прадпрымальніцкай дзейнасці і навучання карыстанню эканамічным інструментарыем.

Сяргей ГРЫБ.
Фота прадастаўлена аддзелам па сувязях з грамадскасцю
ЗАТ “Плацежная сістэма БЕЛКАРТ”.