Без варыянта “за кампанію”

Рэалізаваць сябе ў жыцці без па-сапраўднаму любімай справы немагчыма, таму пытанне выбару прафесіі было актуальным заўсёды. Аднак прыняць канчатковае рашэнне няпроста. Варыянтаў шмат, і, каб не зрабіць памылку, важна правесці неабходную падрыхтоўку — атрымаць аб’ектыўную інфармацыю аб спецыфіцы будучай прафесіі, а таксама рэальна супаставіць свае магчымасці і жаданні.

— Павышаны інтарэс да выбару будучай прафесіі ў большай ступені назіраецца ў старшакласнікаў, аднак за даволі абмежаваны адрэзак часу пазнаёміцца з дэталямі той або іншай дзейнасці, зразумець яе асаблівасці, вызначыць адпаведнасць уласных якасцей і пэўных патрабаванняў бывае вельмі праблематычна. Адпаведна, пачынаць займацца прафарыентацыяй трэба раней, і, каб стварыць эфектыўную сістэму суправаджэння вучняў ад малодшага ўзросту да выпускнікоў, мы сталі адной з пляцовак рэалізацыі рэспубліканскага праекта “Укараненне мадэлі паглыбленай дыферэнцыяцыі навучання на другой і трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі”, — зазначае намеснік дырэктара сярэдняй школы № 126 Мінска Алена Арнольдаўна Мельнікава. — Прычым фактычна работа вядзецца ўжо з першай ступені. У прыватнасці, малодшыя школьнікі гуляюць у прафесіі, рыхтуюць іх тэматычныя прадстаўленні, а яшчэ мы запрашаем на сустрэчы з вучнямі 1—4 класаў іх бацькоў, каб яны расказалі дзецям аб нюансах сваёй працы. А далей з’яўляюцца і іншыя напрамкі. У рамках праекта праводзяцца дэкады прафарыентацыі, падчас якіх у тым ліку былі арганізаваны гульні “Угадай прафесію” і “Ланцужок прафесій”. На базе сярэдняй школы № 126 адбыўся прафарыентацыйны семінар для вучняў 10—11 класаў з удзелам прадстаўнікоў Акадэміі МУС, Камітэта дзяржкантролю, а таксама Інстытута кіравання і прадпрымальніцтва. Школа была пляцоўкай для рэалізацыі прафарыентацыйнай праграмы “Шлях поспеху” з удзелам псіхолагаў Цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна сталіцы. У навучальнай установе праводзяцца штогадовыя семінары “Мой выбар”, тэматычныя інфармацыйныя і класныя гадзіны, а ў бібліятэцы была арганізавана выстава даведачнай і навукова-папулярнай прафарыентацыйнай літаратуры. У школу запрашаюцца прадстаўнікі розных навучальных устаноў, якія знаёмяць вучняў з умовамі паступлення і сітуацыяй на рынку працы краіны. Нарэшце стала практыкай наведванне вучнямі дзён адкрытых дзвярэй ва ўстановах вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі і правядзенне экскурсій на прадпрыемствы, што дапамагае сфарміраваць адэкватнае ўяўленне аб пэўных прафесіях і спецыяльнасцях.
— Арганізацыя педагагічных проб, прадастаўленне магчымасці паспрабаваць сябе ў ролі пекара, раслінавода, прадстаўнікоў іншых прафесій дазваляюць школьнікам зразумець, што ім падабаецца, ці валодаюць яны неабходнымі прафесійнымі якасцямі. Да таго ж так хлопцы і дзяўчаты могуць вызначыць уласныя прыярытэты ў навучанні, прадметы, якім неабходна ўдзяляць асаблівую ўвагу, — працягвае Алена Мельнікава. — У гэтым плане вельмі важна задзейнічанне сістэмы мультыпрофільнага навучання. Школьнікі ў залежнасці ад інтарэсаў выбіраюць для сябе профільныя падгрупы для вывучэння на павышаным узроўні рускай і англійскай мовы, матэматыкі і біялогіі, што таксама з’яўляецца важным крокам да будучай прафесіі. Цяперашні навучальны год стаў асаблівым. У сярэдняй школе № 126 адкрыты профільны педагагічны клас, у якім тэорыя шчыльна звязана з практыкай. Вучні педагагічнага класа не толькі наведваюць факультатыўныя заняткі па ўводзінах у прафесію, але і самі вядуць урокі. Традыцыйным стала правядзенне ва ўстанове адукацыі дзён самакіравання, у межах якіх кожны навучэнец старшых класаў мае магчымасць праверыць свае настаўніцкія і арганізатарскія здольнасці.
— Хлопцы і дзяўчаты, якія наведаюць факультатыўныя заняткі, будуць мець бал атэстата 7 і вышэй, а таксама атрымаюць рэкамендацыі педагагічнага савета, змогуць без экзаменаў паступіць у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, з якім мы наладзілі супрацоўніцтва, — заўважае Алена Мельнікава. — Аднак падчас правядзення прафарыентацыйнай работы падрыхтоўка да паступлення ў канкрэтную ўстанову выйшэйшай ці сярэдняй спецыяльнай адукацыі не мэта. Галоўнае — вучні павінны атрымаць уяўленні аб як мага большай колькасці прафесій, што ў рэшце рэшт і дапаможа прыняць цалкам асэнсаванае рашэнне.
Кім плануюць стаць школьнікі? Даць адназначны адказ на гэтае пытанне цяжка. Падчас апытанняў вучняў варыянтаў можна пачуць шмат: настаўнік і будаўнік, кветкавод і вадзіцель, інжынер і супрацоўнік МНС, археолаг і ўрач, праграміст і менеджар, рыэлтар і эканаміст, візажыст-касметолаг і фатограф, дызайнер-стыліст і футбаліст. Аднак, сцвярджае педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 126 Вольга Уладзіміраўна Каробчыц, аднаго жадання вельмі мала.
— Умовай для аптымальнага выбару з’яўляецца супадзенне трох фактараў, якія можна ўмоўна назваць “хачу”, “магу” і “трэба”, — кажа Вольга Уладзіміраўна. — Так, “хачу” — гэта нашы жаданні, інтарэсы, схільнасці і ідэалы. “Магу” залежыць ад стану нашага здароўя, здольнасцей, узроўню ведаў, характару і тэмпераменту. А “трэба” вызначаецца попытам на канкрэтныя прафесіі ці спецыяльнасці на рынку працы, а таксама асэнсаваннем неабходнасці прыкладаць намаганні для дасягнення сваёй мэты. Веданне медыцынскіх проціпаказанняў — справа неабходная. Скажам, чалавек з хваробамі сардэчна-сасудзістай сістэмы не павінен выбіраць заняткі, звязаныя з неспрыяльнымі кліматычнымі і метэаралагічнымі фактарамі, з фізічным і эмацыянальным напружаннем, працяглай хадзьбой, з неабходнасцю знаходзіцца на вышыні. Хваробы органаў дыхання — гэта забарона працаваць з таксічнымі рэчывамі, ва ўмовах запыленасці, паніжанай і павышанай тэмпературы, вільготнага паветра. Праблемы з органамі стрававання з’яўляюцца падставай для адмовы ад дзейнасці, звязанай з таксічнымі рэчывамі, шумам, вібрацыяй, з напружаннем брушнога прэса, ад заняткаў, падчас якіх немагчыма прытрымлівацца рэжыму харчавання. Захворванні касцёва-мышачнай сістэмы выключаюць работы па пад’ёме і пераносе грузаў, работы, пры якіх патрабуецца працяглае знаходжанне на нагах і пры якіх немагчыма мяняць становішча тулава для зняцця напружання з мышцаў спіны. А пры слабым зроку варта пазбягаць работы, звязанай з пастаяннай нагрузкай на вочы, работы, пры выкананні якой немагчыма выкарыстоўваць карэкціруючыя акуляры.
— Гаворка аб неабходнасці памятаць аб асаблівасцях уласнага здароўя, неабходнасці лічыцца з санітарна-гігіенічнай спецыфікай работы па розных, у тым ліку найбольш масавых, прафесіях ідзе падчас тэматычных класных гадзін, патрэбныя тлумачэнні дае наш медыцынскі работнік, — зазначае Вольга Каробчыц. — І паралельна ўдзяляецца значная ўвага прафарыентацыйнай дыягностыцы, якая праводзіцца як праз тэсціраванне, так і праз штогадовае запаўненне прафарыентацыйных карт навучэнцаў.
Падчас запаўнення прафарыентацыйнай карты школьнікам 7—11 класаў штогод прапаноўваецца адказаць на шэраг пытанняў: якія вучэбныя прадметы падабаюцца, засваенне якіх прадметаў ідзе больш лёгка, якія прадметы даюцца з цяжкасцю, які прымаецца ўдзел у пазашкольнай рабоце, якія ёсць інтарэсы і захапленні, якія прафесіі падабаюцца і кім вучань хацеў бы стаць. У выніку з’яўляецца матэрыял для роздуму, пачынаецца індывідуальная работа.
— Тэсціраванне і прафарыентацыйныя карты дазваляюць высветліць, да якога віду дзейнасці больш схільны вучань: “чалавек — чалавек” (у такім разе ёсць верагоднасць праявіць сябе, напрыклад, у сферы паслуг); “чалавек — тэхніка” (вытворчасць і аўтатранспарт); “чалавек — знакавая сістэма” (праграмаванне, матэматыка, вылічальная тэхніка); “чалавек — прырода” (лясная і сельская гаспадарка, лячэнне і догляд жывёл); “чалавек — мастацкі вобраз” (усе творчыя прафесіі), — адзначае Вольга Каробчыц. — Адпаведна, з’яўляецца магчымасць звузіць кола выбару, даць канкрэтныя парады. Запаўненне прафарыентацыйнай карты карысна і непасрэдна для школьнікаў, якія задумваюцца, наколькі супадаюць іх намеры і магчымасці. Скажам, сітуацыя, калі вучні сярэдніх класаў паведамляюць аб жаданні стаць футбалістам, не такая і рэдкая. Аднак прафкарты падштурхоўваюць да самааналізу. Хлопцы пачынаюць разважаць, разбірацца ў сваіх інтарэсах, схільнасцях і асаблівасцях уласнага характару, а затым паступова прыходзяць да высновы, што шансаў стаць другім Крышціяну Раналду на самай справе ў іх мала. А значыць, у жыцці трэба выбіраць зусім іншы шлях.

Як адзначаюць спецыялісты, падчас выбару прафесіі адначасова з іншымі фактарамі неабходна ўлічваць тып тэмпераменту, які даецца кожнаму з нас ад нараджэння і змяніць які практычна немагчыма. Ад асаблівасцей тэмпераменту залежыць, наколькі любімай ці, наадварот, нелюбімай акажацца будучая работа.

У прыватнасці, сангвініку падыходзіць амаль любы від заняткаў, акрамя аднастайных і марудных. Ён здольны да жывой, рухомай дзейнасці, якая патрабуе кемлівасці і актыўнасці. Аднак пры гэтым важная ўмова для паспяховай работы сангвініка — бачанне рэальных вынікаў. Калі іх доўга няма, прадстаўнік гэтага тыпу тэмпераменту можа апусціць рукі і праяўляць абыякавасць.
Аптымальным варыянтам для халерыка з’яўляецца цыклічная дзейнасць, калі перыяды максімальнага напружання сіл змяняюцца спакоем. Прадстаўнікі гэтага тыпу тэмпераменту паспяхова спраўляюцца з небяспечнымі і адказнымі даручэннямі, падчас якіх дапускаюцца пэўныя недакладнасці. У выпадку няўдач схільны да прыняцця паспешлівых і неабачлівых рашэнняў. Як правіла, халерыку не падыходзіць сядзячая работа.
Флегматык добра адчувае сябе падчас заняткаў, якія не патрабуюць хуткіх і разнастайных дзеянняў. Падыходзіць да справы грунтоўна, з улікам усіх дэталей і акалічнасцей. Тэмп работы невысокі, але выконваецца яна якасна.
Тэмп работы меланхоліка непастаянны. Прадукцыйнасць працы можа быць вельмі высокай пры прыўзнятым і вельмі нізкай пры дрэнным настроі. Любіць дзейнічаць у адзіноце. Лёгка разумее нюансы паводзін людзей, часта знаходзіць сябе ў творчых прафесіях. Меланхоліку падыходзяць заняткі, якія патрабуюць увагі і ўмення прапрацаваць самыя дробныя дэталі. Не падыходзіць дзейнасць, звязаная са значным напружаннем і нечаканымі ўскладненнямі.

Выбар прафесіі, зыходзячы з прыкладу таго або іншага чалавека, выключна ў залежнасці ад яе прэстыжнасці ці статусу ўстановы адукацыі, ад магчымасці атрымліваць высокую зарплату — памылкі тыповыя. Як, дарэчы, і спробы паступлення за кампанію з сябрамі ці адназначная арыентацыя на меркаванне бацькоў. Безумоўна, апошнія ніколі не жадаюць нічога дрэннага. Аднак пры гэтым бацькоўскія спадзяванні і памкненні дзяцей часта могуць не супадаць.
— Скідваць з рахункаў кансультаванне бацькоў на аснове вынікаў прафесійнай дыягностыкі вучняў ні ў якім разе нельга, — заўважае Вольга Каробчыц. — Як немагчыма пакідаць па-за ўвагай яшчэ адзін момант — адназначнае настройванне на поспех, што асабліва тычыцца хлопцаў і дзяўчат з невысокай самаацэнкай. Калі выпускнік думае, што пасля заканчэння школы паступіць не атрымаецца, то верагоднасць, што так і здарыцца на самай справе, на жаль, вялікая. Трэба верыць у свае сілы і ў рэалізацыю ўласнага прафесійнага плана, праяўляць настойлівасць, а таксама разумець, што нават у выпадку няўдачы нічога страшнага не здарыцца і што другая спроба ёсць заўсёды.

Сяргей ГРЫБ.
Фота з архіва сярэдняй школы № 126 Мінска.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

Пожалуйста напечатайте буквы/цифры изображенные на картинке

Увядзiце лiтары, якiя вы бачыце на малюнку. Гэта засцярога ад спама.

*