У святы і ў будні

Адна з галоўных задач прафсаюзаў — дапамагчы ўсім, каму па-сапраўднаму цяжка. І ў першую чаргу гэта тычыцца дзяцей. Прычым варта адразу заўважыць: падтрымка ім аказваецца не час ад часу, а на працягу ўсяго года.

— Дапамога сем’ям і дзецям з’яўляецца важным напрамкам работы прафсаюзных арганізацый усіх узроўняў, такая дапамога аказваецца як у выпадку неабходнасці, так і ў рамках шматлікіх акцый, — зазначае галоўны спецыяліст апарата Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Леанідаўна Каменка. — Так, ужо стала традыцыяй праводзіць дабрачынныя акцыі, прысвечаныя Міжнароднаму дню абароны дзяцей. Зноў жа традыцыйна прадстаўнікі арганізацыйных структур галіновага прафсаюза ўдзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах па падрыхтоўцы да летняй аздараўленчай кампаніі, у тым ліку ў якасці членаў камісій па падрыхтоўцы дзіцячых лагераў да сезона, па праверцы іх адпаведнасці санітарным і будаўнічым нормам, па прыёмцы гульнявых і спальных памяшканняў, гульнявых і спартыўных пляцовак, спартыўных збудаванняў і інвентару. Акрамя таго, мы адсочваем сітуацыю з бяспекай. У чэрвені — жніўні тэхнічная інспекцыя працы галінована прафсаюза абследавала 54 дзіцячыя аздараўленчыя лагеры, пасля чаго іх кіраўнікам выдадзены рэкамендацыі па ліквідацыі 227 парушэнняў заканадаўства аб ахове працы.Прафсаюзныя сродкі накіроўваюцца на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы лагераў, правядзенне культурных і спартыўных мерапрыемстваў, а яшчэ на змяншэнне кошту пуцёвак для бацькоў. У выніку адпачынак становіцца даступным для многіх дзяцей і падлеткаў з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, а таксама дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
— Не менш важна дапамагчы з падрыхтоўкай да навучальнага года, — зазначае Наталля Леанідаўна. — Так, сёлета на Брэстчыне была праведзена акцыя па падтрымцы мнагадзетных сем’яў работнікаў адукацыі, на гэтыя мэты выдаткоўваліся сродкі з фонду абласной арганізацыі галіновага прафсаюза “Салідарнасць”, уручаліся сертыфікаты і памятныя падарункі. Віцебская абласная арганізацыя наладзіла акцыю “Дзяцінства — свет радасці і шчасця”, на Гродзеншчыне аказвалася дапамога членам нашага прафсаюза, на Гомельшчыне — школьнікам, а таксама Гомельскаму гарадскому сацыяльна-педагагічнаму цэнтру і Буда-Кашалёўскаму сацыяльна-педагагічнаму прытулку, у Мінскай вобласці — мнагадзетным, няпоўным і малазабяспечаным сем’ям, на Магілёўшчыне — падшэфным установам. А ў сталіцы Мінскім гаркамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі на базе Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва праведзена гарадская сустрэча “Партфель першакласніка” для работнікаў галіны, якія выхоўваюць дзяцей у няпоўных сем’ях. Быў арганізаваны канцэрт, салодкі стол, дзеці атрымалі падарункі, а іх бацькі аднаразовыя грашовыя выплаты.
І ўсё ж асобная гаворка — аб навагодніх і калядных святах. Падчас іх Цэнтральны камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, усе арганізацыі галіновага прафсаюза прымаюць актыўны ўдзел у дабрачыннай акцыі “Прафсаюзы — дзецям”, у гэтыя дні наведваюць падшэфныя сацыяльна-педагагічныя прытулкі, цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дзіцячыя дамы, школы-інтэрнаты, у якіх выхоўваюцца дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеці з асаблівасцямі фізічнага развіцця, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Акрамя таго, ладзяцца ранішнікі, салодкія сталы, ёлкі, і ў тым ліку — для дзяцей з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў.
— Акцыя “Прафсаюзы — дзецям” мае пастаянны характар і праходзіць ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны, — адзначае Наталля Каменка. — У прыватнасці, Цэнтральны камітэт нашага прафсаюза наладзіў трывалыя сувязі з аддзяленнем дзіцячага сацыяльнага прытулку Дзяржынскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. У аддзяленні прытулку створаны добрыя ўмовы для развіцця дзяцей, аказваецца сацыяльна-педагагічная, псіхалагічная, прававая, медыцынская дапамога, вядзецца работа па ўладкаванні непаўналетніх, работа з бацькамі. Як вынік, з пачатку 2015 года 14 дзяцей вярнуліся ў родныя, а яшчэ 10 чалавек — уладкаваны ў замяшчальныя сем’і. І гэта — самае важнае. Але адначасова трэба разумець, што кожны непаўналетні ў прытулку апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі, таму мы рэгулярна наведваемся да іх, прывозім падарункі перад пачаткам навучальнага года, напярэдадні Новага года, у іншыя святы і ў будні. Бо кожнае дзіця павінна адчуваць увагу — толькі тады яно зможа паверыць, што ўсё ў яго будзе добра.

Сяргей ГРЫБ.
Фота з архіва Дзяржынскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.