“Паслізнуўся, упаў, ачуўся — гіпс!”, ці Бяда, якую можна прадухіліць

Разгойдаўся на арэлях, скокнуў з іх, упаў — дыягназ: закрыты пералом касцей левага перадплечча. Бойка падчас дзённай прагулкі — дыягназ: выцятая рана правага перадплечча, закрыты пералом носа. Падчас гульні з мячом атрымаў траўму — дыягназ: пералом правай рукі. Падчас дыскатэкі атрымаў траўму — дыягназ: закрыты пералом правай ключыцы. Усё гэта — тыповыя прыклады атрымання траўм падчас аздараўленчай кампаніі мінулага года. Прычым выпадкі гэтыя далёка не адзінкавыя. Штогод у летніках дзясяткі дзяцей атрымліваюць цяжкія траўмы. Дзесьці гэта сапраўды збег акалічнасцей, а дзесьці — сур’ёзная недапрацоўка арганізатараў адпачынку. На што варта звярнуць увагу педагогам, каб лета было бяспечным для дзяцей, нашаму выданню расказала галоўны тэхнічны інспектар працы Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Марына Леанідаўна Лясун. 

Ад праверкі стану абсталявання да правядзення прафілактычных размоў

Зварот менавіта ў галіновы прафсаюз невыпадковы. Штогод прадстаўнікі гэтага аб’яднання нараўне з іншымі службамі праводзяць маніторынг дзейнасці аздараўленчых лагераў. Прычым пытанні аховы працы, гарантавання бяспекі дзяцей для спецыялістаў ведамства — адны з галоўных. Прафсаюзны актыў, тэхнічныя інспектары працы прымаюць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы аздараўленчых устаноў і баз адпачынку, рабоце камісій па прыёмцы гульнявых і спальных памяшканняў, спартыўных і гульнявых пляцовак, спартыўных збудаванняў і інвентару. Увогуле, за апошнія гады тэхнічнымі інспектарамі працы было абследавана больш за дзве сотні аздараўленчых лагераў, пры гэтым было выдадзена больш за 1200 рэкамендацый па ўстараненні парушэнняў аб ахове працы.
— У цэлым стан аховы працы і гарантавання бяспекі выхаваўча-аздараўленчага працэсу на наведаных аб’ектах здавальняючы, — адзначыла Марына Леанідаўна. — Разам з тым тэхнічнымі інспектарамі быў выказаны і шэраг істотных заўваг.
Калі казаць пра траўматызм дзяцей падчас аздараўлення, то, як правіла, ён мае некалькі ключавых прычын: стан гульнявога і спартыўнага абсталявання, арганізацыя купання, турыстычных паходаў і выкананне педагогамі сваіх прафесійных функцый, прасцей кажучы — арганізацыя належнага догляду дзяцей.
— Мінімізаваць магчымасць здарэння траўм пры выкарыстанні гульнявога і спартыўнага абсталявання магчыма, — упэўнена спецыяліст. — Для гэтага перад пачаткам аздараўлення і падчас яго правядзення варта выконваць некалькі няхітрых правіл. Найперш для пастаяннага назірання за спраўнасцю, прадухілення траўматызму пры карыстанні спартыўным і гульнявым абсталяваннем і для своечасовага яго рамонту неабходна назначыць загадам асобу, адказную за спраўны стан спартыўнага і гульнявога абсталявання (кіравацца п.8.1.2 СТБ ЕН 1176-7-2006 “Абсталяванне дзіцячых гульнявых пляцовак”). Усё гульнявое і спартыўнае абсталяванне на тэрыторыі лагера неабходна надзейна замацаваць і выпрабаваць (Санітарныя нормы і правілы, зацверджаныя пастановай Міністэрства аховы здароўя № 205 ад 26 снежня 2012 года, пп. 5.1-5.7 СТБ ЕН 1176-7-2006). Варта звярнуць увагу і на наступны момант: неабходна надзейна замацаваць вялікія футбольныя вароты на стадыёне. Каб пазбегнуць перакульвання металічных варот для гульні ў міні-футбол, неабходна замацоўваць ніжнюю перакладзіну металічнымі скобамі (Санітарныя нормы і правілы, зацверджаныя пастановай Міністэрства аховы здароўя № 127 ад 16 снежня 2013 года).
Для мінімізацыі рызык пры арганізацыі купання і турыстычных паходаў неабходна дасканала выконваць патрабаванні Інструкцыі аб арганізацыі ўдзелу навучэнцаў устаноў адукацыі ў турыстычных паходах і экскурсіях (пастанова Міністэрства адукацыі ад 17 ліпеня 2007 года № 35а).
— Два гады назад падчас аднаго з турыстычных паходаў загінуў школьнік — яго забіла маланкай. Гэты выпадак як нішто іншае пераконвае: дробязей пры арганізацыі адпачынку дзяцей не бывае. Таму карысным будзе і вывучэнне педработнікамі і дзецьмі распрацаваных у 2009 годзе Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Рэкамендацый насельніцтву аб правілах паводзін у экстрэмальных умовах надвор’я. А там, дзе арганізавана наведванне пляжа або басейна, — пп. 12-37 Правілаў аховы жыцця людзей на водах Рэспублікі Беларусь, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 снежня 2009 года № 1623.
Што ж да “чалавечага фактару” — выканання сваіх абавязкаў педагогамі, то, як вынікае з рэкамендацый Міністэрства адукацыі, для гарантавання бяспекі дзяцей усім педагагічным работнікам лагераў неабходна правесці навучанне правілам бяспечных паводзін дзяцей пры правядзенні масавых мерапрыемстваў (экскурсій, паходаў, вечароў, конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў і інш.), правілам пажарнай бяспекі, дарожнага руху, паводзін на вуліцы, вадзе. Прычым — з рэгістрацыяй у спецыяльным журнале.
— Таксама неабходна арганізаваць праверку ведаў дзяцей па гэтых пытаннях з абавязковым афармленнем пратаколаў праверкі ведаў. Форму пратаколаў рэкамендуем браць з Правіл бяспекі пры арганізацыі агульнаадукацыйнага працэсу па вучэбных прадметах (дысцыплінах “Хімія” і “Фізіка” ва ўстановах адукацыі краіны), зацверджаных пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 2008 года № 26.
Рэкамендуецца таксама правесці прафілактычныя гутаркі пра бяспечныя паводзіны на дарогах, на вадаёмах, у лесе, аб захаванні этычных норм паводзін у грамадскіх месцах. Прафілактычныя мерапрыемствы павінны быць накіраваны на павышэнне ўзроўню інфармаванасці дзяцей і засваенне імі неабходных навыкаў бяспечных паводзін.

Штатны расклад і службовыя інструкцыі — абавязковыя

Зрэшты, усе гэтыя патрабаванні наўрад ці з’яўляюцца адкрыццём для педагогаў. У той ці іншай форме такая прафілактычная работа праводзіцца з дзецьмі круглы год. Тым не менш падчас работы летнікаў часта менавіта недапрацоўкі педагога — у арганізацыі мерапрыемства, належным доглядзе дзяцей — становяцца прамой ці ўскоснай прычынай траўматызму дзяцей. Чаму так?
Па меркаванні М.Л.Лясун, у гэтым пытанні вялікую ролю адыгрывае той факт, хто і на якіх заканадаўчых асновах прыняты на работу ў летнік.
— Спытаеце, у чым тут сувязь? Усё проста: ад таго, на якіх заканадаўчых асновах працуе ў лагеры спецыяліст, залежыць і правядзенне з ім мерапрыемстваў па ахове працы і гарантаванні бяспекі дзяцей.
Сёння ў краіне не існуе адзінага механізма прыцягнення педагогаў, якія не знаходзяцца ў працоўным адпачынку, да работы ў лагерах. Розныя рэгіёны выкарыстоўваюць розныя схемы. У мінулым годзе Міністэрствам адукацыі быў распрацаваны праект пастановы па ўрэгуляванні гэтага пытання і ўстанаўленні адзіных падыходаў да прыцягнення педагогаў да работы ў лагерах, але да гэтага часу дакумент не прыняты.
У выніку сёння нярэдка да работы выхавальнікамі ў лагеры прыцягваюцца настаўнікі нават без засяроджвання ўвагі на тым факце, што ў летніку ў іх іншыя, адрозныя ад асноўнага месца працы, службовыя абавязкі.
— Для ўрэгулявання гэтай сітуацыі з пункту гледжання аховы працы ва ўсіх лагерах з кругласутачным і дзённым знаходжаннем дзяцей павінен быць зацверджаны штатны расклад. Разлік штатнай колькасці работнікаў аздараўленчых лагераў з кругласутачным знаходжаннем дзяцей праводзіцца на падставе прыкладных штатных нарматываў колькасці, зацверджаных загадам Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва ад 25 красавіка 2007 года № 22, — падкрэсліла Марына Леанідаўна Лясун. — Штат работнікаў аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем вызначаецца іх заснавальнікам. Далей, у адпаведнасці са штатным раскладам, павінны быць распрацаваны службовыя інструкцыі для кіраўнікоў і спецыялістаў з унясеннем у іх службовых абавязкаў па ахове працы, а для рабочых прафесій — рабочыя інструкцыі з вызначэннем іх функцыянальных абавязкаў.
Пры накіраванні педагагічных работнікаў установамі адукацыі для работы з дзецьмі ў месцы аздараўлення ў перыяд, які не супадае з іх працоўным водпускам па асноўным месцы працы, у лагеры з імі праводзіцца ўводны інструктаж па ахове працы (п. 46 Інструкцыі № 175). А калі ўстановы адукацыі накіроўваюць на іншы аб’ект для выканання работ па сваіх прафесіях рабочых, то акрамя ўводнага праводзіцца яшчэ першасны інструктаж па ахове працы. Для гэтага ў лагеры павінны быць распрацаваны і зацверджаны ва ўстаноўленым парадку неабходныя інструкцыі па ахове працы для прафесій (згодна са штатным раскладам) і відаў работ (п. 49 Інструкцыі № 175).
Кіраўнікі і спецыялісты лагера (дырэктар, выхавальнікі, педагог-псіхолаг і інш.) пры іх прызначэнні на пасаду, а з-за спецыфікі працы тут ім неабходны дадатковыя веды па ахове працы, праходзяць навучанне і пазачарговую праверку ведаў па пытаннях аховы працы ў камісіі заснавальніка выхаваўча-аздараўленчай установы (п. 43 Інструкцыі № 175). Пры гэтым пералік пытанняў для названай праверкі павінен быць складзены з улікам спецыфікі мерапрыемстваў, якія праводзяцца з дзецьмі: экскурсій, паходаў, спартыўных спаборніцтваў і інш.

Алена МАРКЕВІЧ.