Заўтра пачынаецца ўжо сёння

Прапануйце сваім калегам ці знаёмым у вольную часіну прайсці псіхалагічны тэст — няважна на што: на наяўнасць пэўных рыс характару, падобнасць на нейкіх герояў ці нават на тое, што пра іх думаюць навакольныя. Адказ у большасці выпадкаў будзе станоўчым, нягледзячы на тое, наколькі сур’ёзным ці жартоўным будзе гэтае выпрабаванне. Нават дарослы чалавек з задавальненнем пазнае сябе. А што ўжо ў такім выпадку гаварыць пра падлеткаў? Як паказвае і практычны вопыт работы педагогаў-псіхолагаў, і навуковыя даследаванні, менавіта пазнанне сябе ў розных сферах, у тым ліку і прафарыентацыйнай, падлеткі ўспрымаюць як адну з найбольш карысных паслуг ад сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы школы. Веданне гэтага і падштурхнула спецыялістаў сталічнай гімназіі № 5 да стварэння віртуальнай гасцёўні ProfLine — рэсурсу, які не толькі дае інфармацыю аб прафесіях і іх выбары, але і дазваляе навучэнцам пазнаць сябе і нават “зрабіць сябе”.

На аснове ўласнага вопыту і навуковых даследаванняў

Віртуальную гасцёўню ProfLine — аўтарскі электронны сродак — сацыяльны педагог гімназіі Алена Лявонцьеўна Канцавенка і педагог-псіхолаг Ганна Уладзіміраўна Рамашка стварылі яшчэ ў 2009 годзе. Але і сёння гэты рэсурс не губляе сваёй актуальнасці і з поспехам выкарыстоўваецца супрацоўнікамі навучальнай установы ў прафарыентацыйнай (ды і не толькі) рабоце. Немалаважную ролю тут адыгрывае тое, што гэта менавіта віртуальная гасцёўня. А што можа быць для сучасных падлеткаў больш цікавым і прыцягальным, чым зварот да інфармацыйных тэхналогій? Да таго ж віртуальная гасцёўня значна эканоміць час для спецыялістаў: адразу можна ахапіць вялікую аўдыторыю, пры гэтым спалучаецца індывідуальная работа з калектыўнай. Але асноўная прычына запатрабаванасці гэтага рэсурсу — магчымасць для падлеткаў пазнаваць сябе і працаваць над сабой.
— Дзеці ў нашай гімназіі матываваны на вучобу. Але, нават нягледзячы на добрыя вынікі ў вучобе, у большасці сваёй губляюцца пры выбары прафесіі, — адзначае сацыяльны педагог гімназіі № 5 Мінска Алена Лявонцьеўна Канцавенка. — Усе ведаюць нашы ўстановы вышэйшай, сярэдняй адукацыі, але зрабіць дакладны выбар складана як дзецям, так і іх бацькам. І гэта пры тым, што з 9 класа ў навучэнцаў пачынаецца паглыбленая прафарыентацыя: пэўная работа праводзіцца класнымі кіраўнікамі, працуе сацыяльна-педагагічная служба, дзейнічае факультатыў “Мая прафесійная будучыня”. Мы даём інфармацыю і пра ўстановы адукацыі, і пра прахадныя балы на розныя спецыяльнасці ў той ці іншы час, запрашаем прадстаўнікоў устаноў адукацыі расказаць пра навучанне. Чым больш пачуюць падлеткі — тым лепш.
Але ў пэўны момант мы задаліся пытаннем: а наколькі эфектыўная ўся гэтая дзейнасць па прафарыентацыі — лекцыі, размовы, класныя гадзіны, наведванне гімназіі прадстаўнікамі ўстаноў вышэйшай, сярэдняй прафесійнай адукацыі, прафпробы? Мы прааналізавалі сваю работу, вывучылі навуковыя даследаванні на гэтую тэму і прыйшлі да цікавай высновы. Канечне, залішняй інфармацыі ў гэтай сферы не бывае, але найбольш запатрабаваны напрамак для саміх школьнікаў — самапазнанне. Пра многія іншыя мерапрыемствы ў гэтай сферы яны нават бацькам не расказваюць. Ад гэтага і адштурхоўваліся пры стварэнні віртуальнай гасцёўні.

Усё пачынаецца з самапазнання

Мэта гэтага праекта ў цэлым дапамагчы падлеткам вызначыцца, куды пайсці вучыцца. Але гэта, так бы мовіць, толькі вяршыня айсберга, а ў яго аснове — велізарная работа па вывучэнні падлеткамі сябе і “стварэнні” сябе.
— Пры распрацоўцы гэтага праекта мы імкнуліся да таго, каб падлеткі самі прыйшлі да высновы, што ім неабходна прафарыентацыя. Часта атрымліваецца так: дзеці добра вучацца, але пры гэтым іх матывацыяй з’яўляюцца нейкія знешнія фактары: бацькі прымушаюць, настаўнікі патрабуюць. І маладыя людзі думаюць, што з часам яны, само сабой, паступяць у прэстыжную навучальную ўстанову і будуць у далейшым выдатна ўладкаваны ў жыцці, — адзначае Алена Лявонцьеўна. — З дапамогай гэтага праекта імкнёмся данесці да падлеткаў, што нічога не бывае раптам: калі вы імкняцеся да жыццёвага поспеху, то паспяховым неабходна быць ужо сёння — у тых справах, якія выконваеш зараз, не спасылаючыся на міфічнае “Вось заўтра я… і тады…”. Неабходна разумець, для чаго вучышся, наведваеш гурткі, секцыі — гэта трэба самім падлеткам, а не бацькам. Ужо зараз неабходна добра вучыцца, задумвацца аб далейшым прафесійным лёсе.
Пры гэтым спецыяліст узгадвае, што нярэдка пры правядзенні прафарыентацыйнай работы падлеткі нібыта чакаюць, што педагогі вось тут і зараз дакладна ім скажуць, якую прафесію выбраць і куды варта ісці вучыцца.
— Прысутнічае пэўная інфантыльнасць у гэтым пытанні — традыцыйна многія падлеткі ў выбары прафесіі спадзяюцца на бацькоў. Часам неўсвядомлена спрабуюць перакласці адказнасць за гэты выбар і на спецыялістаў, таму так важна данесці да маладых людзей, што яны самі павінны ведаць і разумець, якую прафесію выбраць і, галоўнае, чаму. Гэта першы ў жыцці абавязковы, нават вымушаны, выбар, ад якога нельга адмовіцца. І адказнасць за гэты выбар кладзецца на ўласныя плечы падлетка, — адзначае сацыяльны педагог. — А для гэтага неабходна добра ведаць сябе: свае інтарэсы, схільнасці, магчымасці. У гэтым мы ім і дапамагаем, у тым ліку і праз віртуальную гасцёўню.
Гэты рэсурс распрацаваны такім чынам, што працаваць з ім можна і індывідуальна — самастойна дома ці пад кіраўніцтвам спецыяліста ў навучальнай установе, і ў складзе групы падчас спецыяльных заняткаў. Але галоўны прынцып у тым, што падлетак не проста чуе ці бачыць пэўную падрыхтаваную інфармацыю, як падчас лекцыі або прэзентацыі, а сам выбірае тое, што яму неабходна.
— Вельмі важна, што падлеткі ўсё робяць самі. Гэта намнога больш эфектыўна, чым калі ім расказваць пра неабходнасць таго ці іншага дзеяння, — адзначае Алена Лявонцьеўна. — Наведваючы віртуальную гасцёўню, падлеткі карыстаюцца магчымасцю не толькі свядома падысці да выбару будучай прафесіі, але і правесці эксперымент з часам, атрымаць рэкамендацыі, як правільна размеркаваць і захаваць час, раскрыць сакрэты планавання, правільна размяркоўваць справы па ступені іх важнасці, даведацца пра сакрэты, як дасягнуць поспеху ў вучобе, вывучыць свае інтарэсы і схільнасці, пабудаваць “лесвіцу поспеху”, ставіць мэты і дасягаць іх, набыць веды пра сябе.

Выхад да спецыяліста абавязковы

У тэхнічным сэнсе віртуальная гасцёўня ProfLine — гэта асобная старонка на сайце гімназіі. Створана яна ў простай і знаёмай многім праграме Microsoft PowerPoint. Прычым поўнасцю распрацоўка праекта і яго напаўненне — гэта заслуга сацыяльнага педагога і педагога-псіхолага гімназіі. Для стварэння такога прадукту асаблівых тэхнічных навыкаў у сферы інфарматыкі не трэба. Гэта яшчэ раз пацвярджае: немагчымасць выкарыстання інфармацыйных тэхналогій з-за адсутнасці ў штаце школы кваліфікаванага праграміста — не больш чым міф.
— На старонцы віртуальнай гасцёўні змешчаны актыўныя спасылкі па розных тэмах: “Правільны старт”, “Твой час”, “Твая вучоба”, “Працуй над сабой”, “Заняткі для цябе”, і як вяршыня ўсяго — “Твая будучая прафесія”, — расказвае А.Л.Канцавенка. — Кожны раздзел, у сваю чаргу, змяшчае шэраг падраздзелаў. Напрыклад, раздзел “Правільны старт” змяшчае падраздзелы “Прыёмы захавання часу, зняцця напружання”, “Пагадзінны эксперымент”, “Твой расклад”, “Індывідуальны кантрольны ліст”. Раздзел “Працуй над сабой” утрымлівае “Карту саманазіранняў”, “Аналіз праблемы і прыняцце рашэння” і інш. Апошні раздзел, які знаходзіцца на вяршыні гэтай своеасаблівай “лесвіцы поспеху” кожнага, хто працуе ў віртуальнай гасцёўні, — “Твая будучая прафесія” — утрымлівае падраздзелы “Як правільна выбраць прафесію”, “Патрэбы рынку працы”, “Куды пайсці вучыцца”, “Навучальныя ўстановы”, “Карціна будучыні”.
Кожны падраздзел прадстаўлены ў пэўным выглядзе. Дзесьці гэта парады, дзесьці — інфармацыя па тэме, дзесьці — формы для правядзення эксперыментаў ці саманазірання.
Напрыклад, першыя раздзелы віртуальнай гасцёўні — пра тое, як арганізаваць свой вучэбны працэс так, каб быць паспяховым, як арганізаваць свой дзень, свой распарадак дня. Тут шмат магчымасцей для саманазірання, правядзення эксперыментаў і далейшых высноў.
— Напрыклад, многім падлеткам цяжка арганізаваць свой час і “ўціснуць” у рамкі дня ўсе неабходныя справы. У такім выпадку прапаноўваем правесці просты пагадзінны эксперымент: пры першай жа магчымасці рабіць тое, што звычайна робіш, у зручным тэмпе, адсочваць і запісваць, колькі часу на гэта неабходна. Для запісу гэтага ў віртуальнай гасцёўні ёсць спецыяльна распрацаваная форма. Як правіла, падлеткі здзіўляюцца, колькі часу ідзе на зусім непатрэбныя рэчы, і ў далейшым могуць арганізаваць свой час больш рацыянальна.
— Увогуле, над кожнай старонкай можна працаваць доўга. Гэта не камп’ютарны тэст, які зрабіў за 5 хвілін — і вольны. Гэта матэрыял для разваг, думак, работы над сабой, — падкрэслівае спецыяліст.
Пры гэтым важна, што пасля работы ў віртуальнай гасцёўні ў падлетка заўсёды ёсць магчымасць выйсці з вынікамі тэстаў, саманазірання, самавывучэння да спецыяліста (падчас індывідуальных кансультацый ці групавых заняткаў).
— Гэта абавязковая ўмова дзейнасці, — падкрэслівае сацыяльны педагог. — Нягледзячы на ўсю сваю прыцягальнасць, інфармацыйныя тэхналогіі не могуць поўнасцю замяніць зносіны з педагогам. Неабходна, каб малады чалавек заўсёды меў магчымасць прыйсці да спецыяліста і абмеркаваць з ім атрыманыя падчас работы ў віртуальнай рэальнасці вынікі. Часам нават самыя простыя рэчы патрабуюць тлумачэння. Напрыклад, прайшоў падлетак тэст на вызначэнне тэмпераменту, атрымаў вынік “халерык” і неверагодна засмуціўся, бо ў яго свядомасці гэта ледзьве не сінонім “правапарушальнік”. Неабходна патлумачыць, што гэта не так, расказаць пра моцныя бакі такіх людзей.

***

Напрыканцы нашага знаёмства з віртуальнай гасцёўняй Алена Лявонцьеўна заўважае: “Зварот да інфармацыйных тэхналогій у прафарыентацыйнай рабоце поўнасцю апраўдвае сябе. Штодзённая практыка паказвае: дзеці з задавальненнем (і карысцю!) працуюць з гэтым рэсурсам. Мы ж уносім змены, дабаўляем інфармацыю. Зрэшты, ProfLine — гэта не адзіны наш віртуальны сродак. Своеасаблівы працяг ён атрымаў у праектах “Мультымедыйная кніга” і “Лаўка здароўя”, якія таксама накіраваны на самапазнанне і самастварэнне”.
Да гэтага варта дадаць, што ідэі могуць быць розныя, увасабленне можа быць іншым. Але адназначна поле для дзейнасці спецыялістаў па прафарыентацыі ў віртуальнасці вельмі шырокае.

Алена МАРКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.