Крок да паспяховай кар’еры

Калі вам не давялося блізка пазнаёміцца з тым, чаму і як навучаюць сёння на геаграфічным факультэце БДУ, то вы, напэўна, як і я, не ўяўляеце, які спектр спецыяльнасцей тут прадстаўлены. Затое гэта добра ўяўляюць шматлікія работадаўцы — дзяржаўныя і прыватныя арганізацыі. Кірмаш вакансій-2015 наведалі шмат іх прадстаўнікоў: усяго намер прыехаць пацвердзілі 16 арганізацый, хаця, як паказвае практыка, у гадзіну “ікс” факультэт не абмінаюць і тыя, хто не дасылаў пацвярджэння прысутнасці.

На зямлі, вадзе і ў небе

…У вялікім пакоі на першым паверсе геафака расстаўлены сталы, на кожным — па некалькі таблічак з назвай арганізацыі ці прадпрыемства: РУП “Белдзяржгеацэнтр”, РУП “Белкартаграфія”, УП “Праектна-вытворчае архітэктурна-планіровачнае бюро Мінаблвыканкама”, “Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства”, “Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя”, РУП “Белгіпрадор”, “Навукова-практычны цэнтр па геалогіі” і г.д. Кожны год факультэт рассылае сотні запрашэнняў на кірмаш вакансій, пастаянна пашыраючы спіс работадаўцаў, паведамляючы ім пра новыя і старыя спецыяльнасці.
У пакоі пакуль некалькі чалавек — супрацоўнікаў факультэта, прадстаўнікі ж работадаўцаў запрошаны да 12-ці гадзін. Студэнты-пяцікурснікі (а іх на фаультэце сёлета больш за 140 чалавек) пакуль праходзяць субяседаванне з дэканам і спецыялістамі дэканата па пытаннях размеркавання і афармлення дакументаў. Затым у іх запланавана сустрэча з псіхолагамі: семінар-трэнінг “Першыя крокі да кар’еры”.
— Кірмаш вакансій — традыцыйнае мерапрыемства, якое праводзіцца на геаграфічным факультэце з 2008 года, — расказвае арганізатар сёлетняга кірмашу загадчыца кабінета адукацыйных тэхналогій і вучэбна-метадычнага планавання Лілія Міхайлаўна Харытонава. — Падобныя мерапрыемствы праходзяць і на агульнаўніверсітэцкім узроўні. А што да нашага факультэта, то ён, можна сказаць, універсальны. Многія і не ведаюць, што сёння геафак прадстаўляе не толькі і не столькі навукова-педагагічную дзейнасць, хаця і пра яе мы не забываемся, колькі развівае вытворчы кірунак. Таму вы бачыце вялікую колькасць разнастайных прадпрыемстваў-работадаўцаў.
Сярод кірункаў і спецыяльнасцей факультэта, напрыклад, такія як “Геаінфармацыйныя сістэмы”, “Гідраметэаралогія”, “Касмааэракартаграфія”, “Геалогія і разведка радовішчаў карысных выкапняў” і іншыя. Ёсць, канечне, і спецыяльнасць “Геаграфія”. Выпускнікі, якія абралі кірунак “Навукова-педагагічная дзейнасць”, атрымліваюць кваліфікацыю “Географ. Выкладчык геаграфіі”. А з новага навучальнага года на факультэце пачнуць навучацца будучыя спецыялісты ў галіне геадэмаграфіі (раней гэта была спецыялізацыя ў рамках спецыяльнасці “Геаграфія”).

Ад знаёмства да работы

— На кірмаш вакансій звычайна прыходзяць не толькі пяцікурснікі, — працягвае свой аповед Л.М.Харытонава. — Тут можна ўбачыць нямала студэнтаў трэцяга-чацвёртага курсаў, якія дамаўляюцца з работадаўцамі аб праходжанні практыкі, аб рабоце на чвэрць стаўкі, проста бліжэй знаёмяцца з дзейнасцю і ўмовамі работы на профільных прадпрыемствах, у розных установах. І работадаўцы ў гэтым вельмі зацікаўлены: у іх ёсць магчымасць пазнаёміцца з будучымі маладымі кадрамі яшчэ да таго, як хлопцы і дзяўчаты закончаць універсітэт.
Па словах Ліліі Міхайлаўны, большая частка тых прадпрыемстваў, чые прадстаўнікі прыходзяць на кірмашы, — базы для практык студэнтаў факультэта. Кірмаш пры гэтым праводзіцца да размеркавання, якое адбудзецца ў красавіку. “Да яго мы імкнёмся даць выпускнікам максімальныя магчымасці вызначыцца з будучым месцам работы, — дадае спецыяліст. — Размяркоўваюцца 100% выпускнікоў геафака, якія навучаюцца на бюджэтнай форме атрымання адукацыі, і я ўпэўнена, што кірмаш вакансій адыгрывае ў гэтым не апошнюю ролю”.
Дэкан геаграфічнага факультэта БДУ Дзмітрый Леанідавіч Іваноў, які пасля размовы са студэнтамі з’яўляецца ў пакоі, прадастаўленым для кірмашу, заўважае:
— Сёлета ў нас упершыню з’явіўся прадстаўнік УУС Мінскага аблвыканкама і Мінскага райвыканкама. Спадзяёмся, што гэтае супрацоўніцтва працягнецца. Па выніках мінулагодніх кірмашоў вакансій магу сказаць, што 20—25 чалавек знаходзяць работу менавіта пасля такіх сустрэч. Адна справа, калі да работадаўцы прыходзіць нейкі адзін выпускнік, іншая, калі ёсць магчымасць паразмаўляць, пазнаёміцца з вялікай колькасцю будучых маладых спецыялістаў. А студэнты ў сваю чаргу таксама праяўляюць цікавасць да вакансій, якія тут прапаноўваюцца. Гэта тычыцца і многіх маладых людзей, якія навучаюцца за ўласныя сродкі. Тым з іх, хто хоча атрымаць накіраванне на работу, мы, зразумела, заўсёды дапамагаем.

Няпросты выбар

Першым з работадаўцаў з’яўляецца прадстаўнік якраз УУС Мінабл- і Мінрайвыканкама. Намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага райвыканкама Юрый Ірыкавіч Кустаў расказвае, што адукацыя, якую сёння дае БДУ, цалкам можа дапамагчы выпускніку ўніверсітэта прэтэндаваць на тую або іншую пасаду ў органах унутраных спраў, улічваючы педагагічны складнік такой адукацыі. “Гэта можа быць работа ў інспекцыі па справах непаўналетніх, службе па грамадзянстве і міграцыі, работа ў якасці ўчастковага інспектара міліцыі, у падраздзяленнях Дзяржаўтаінспекцыі, іншых службах”, — пералічвае мой суразмовец. Затым ён называе перавагі, якія атрымаюць маладыя людзі, што прыйдуць на работу ва УУС, і пачынае з жылля — новага арэнднага дома, што пабудавала УУС аблвыканкама. Зразумела, што гэта вельмі важкі аргумент, і тое, што пасля размовы студэнты акружаюць Ю.І.Кустава вялікім натоўпам, гэтую думку пацвярджае.
А студэнтаў у пакоі з’яўляецца шмат — здаецца, тут і сапраўды ўвесь пяты курс. Кірыл Аляб’еў, напрыклад, будучы інжынер-геолаг, кажа: “Прыйшоў на кірмаш паглядзець, што пасля пяцігадовага навучання ў галоўнай установе вышэйшай адукацыі краіны маладому спецыялісту могуць прапанаваць работадаўцы”. Хлопец заўважае, што настроены даволі скептычна, больш спадзяецца на свае сілы ў пошуках дастойнага месца работы. Але заўважае: “Азнаёміцца з тым, што тут прапаноўваюць, усё роўна варта”.
Прадстаўнік інжынерна-вытворчага таварыства “Фаварыт”, што ў Маладзечне, Ігар Сцяпанавіч Тараннікаў, якраз шукае геолага. Ці сустрэўся ён з Кірылам, не ведаю, усё можа быць, на тое тут і кірмаш вакансій…
— Я сам закончыў гэты факультэт, — гаворыць І.С.Тараннікаў. — Наша кампанія існуе ўжо 22 гады і пастаянна запрашае на работу выпускнікоў геафака. Звычайна ж я знаёмлюся са студэнтамі, калі яны прыходзяць у фірму на практыку, потым, калі ўсё добра, запрашаю іх працаваць у “Фаварыце”. Хтосьці адмаўляецца, хтосьці згаджаецца — бывае па-рознаму. А вось сёння прыйшоў адшукаць кагосьці новага, пажадана, канечне, студэнта з Маладзечна, калі атрымаецца. Хаця зараз у нас працуюць дзве дзяўчыны са сталіцы, інжынеры, праўда, выпускніцы БНТУ — адна кожны дзень прыязджае з Мінска, другая выйшла замуж і засталася ў нашым горадзе.
А будучы выпускнік геафака Ігар Канановіч з Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці прызнаецца, што пасля заканчэння ўніверсітэта хацеў бы застацца ў сталіцы, таму кірмаш вакансій для яго — нядрэнная магчымасць адшукаць жаданую работу. Яго спецыяльнасць — “Геаэкалогія”. Экалогія прываблівае і Кацярыну Радчыкаву. Дзяўчына спадзяецца займацца практычна значнай, сацыяльна важнай дзейнасцю.

* * *

У гэтай віхуры людзей, галасоў, пытанняў і адказаў я сустракаю Наталлю Шпетную. На кірмашы вакансій, як я разумею, дзяўчына аказалася, хутчэй за ўсё, за кампанію з кімсьці, бо заяўка на размеркаванне ў яе ўжо ёсць: пасля атрымання дыплома Наталля пойдзе працаваць у гімназію № 12 сталіцы. Прынамсі, яна там ужо і працуе: калі збіралася праходзіць педагагічную практыку ў гэтай установе, даведалася, што тут ёсць вакансія настаўніка геаграфіі, прайшла субяседаванне і атрымала работу. Акрамя таго, дзяўчына вядзе геаграфічны гурток у мінскай школе № 21.
“Мне вельмі падабаецца калектыў гімназіі, мае вучні, а яшчэ тое, што тут размешчаны рэсурсны цэнтр па геаграфіі, — кажа Наталля. — Я і на геафак паступала асэнсавана, менавіта на кірунак “Навукова-педагагічная дзейнасць”, набрала пры паступленні трыста балаў. Любоў да геаграфіі мне прывіла яшчэ ў школе № 2 Слоніма мая настаўніца Алена Аляксандраўна Скіба. Так што выкладаць геаграфію я вырашыла зусім невыпадкова ”. І хаця пытанне з жыллём дзяўчыне пакуль давядзецца вырашаць самастойна, у выбары месца работы і яе накіраванасці яна пераканана. Наталля Шпетная, дарэчы, расказала пра сваю аднакурсніцу Наталлю Чувасаву, якая таксама вырашыла працаваць у адной з мінскіх школ. Дзяўчаты свой выбар зрабілі, удачы ім.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.