“Плануй і паспявай сёння, бо заўтра не належыць нам”

Гэта толькі на першы погляд быць добрым — лёгка. Але сапраўдная дабрыня заключаецца не толькі ў спачуваннях, але і ва ўменні дапамагаць. Своечасова, шчыра і ад усяго сэрца. Менавіта такой — своечасовай і шчырай — з’яўляецца дзейнасць “Клуба 5000”. Ужо на працягу 5 гадоў “пяцітысячнікі” дапамагаюць сем’ям тых дзяцей, якія знаходзяцца на лячэнні ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі.
Тым не менш сёння рух, які дасягнуў росквіту і стаў папулярным, можа спыніцца. А гэта значыць, што ў тых, каму патрэбен шанс на жыццё, яго можа не стаць.
З чаго пачыналася дзейнасць клуба? З якімі праблемамі сутыкнуліся “пяцітысячнікі”? Як іх вырашаць? Сёння пра ўсё гэта мы размаўляем з заснавальнікам “Клуба 5000” Таццянай НЕМЧАНІНАВАЙ.

— Таццяна, на жаль, для большасці людзей дабрачыннасць — гэта ўсяго толькі моднае слова, за якім, акрамя кінутых (добра, калі раз у год) ста тысяч на рахунак хворага дзіцяці, нічога не хаваецца. Ваш клуб — прынцыпова іншая з’ява. Раскажыце, з чаго ўсё пачалося?
— “Клуб 5000” быў арганізаваны ў 2009 годзе. Да гэтага перыяду на працягу трох гадоў я дапамагала анкацэнтру ў якасці валанцёра, якім стала выпадкова. Я ўбачыла аб’яву, што цэнтру патрэбны валанцёры, і далучылася да гэтага руху. Спачатку мы ўсе разам ездзілі ў Бараўляны, а праз некаторы час я пачала туды ездзіць сама. Чаму? Таму што я не лічыла сябе валанцёрам. Тыя дзеці проста сталі маімі сябрамі. І мне вельмі хацелася ім дапамагаць. А пасля ў Бараўляны трапіла дзяўчына Люда, мая зямлячка, якой была неабходна дапамога. І я паспрабавала сабраць са сваіх знаёмых па 5 тысяч беларускіх рублёў. Люды ўжо даўно няма, але я разумею, што яна нездарма пражыла сваё жыццё. “Клуб 5000” быў створаны менавіта дзякуючы ёй. У мяне спачатку не было такіх ідэй, жадання гэтым займацца. Я не збіралася звязвацца з грашыма і нейкімі матэрыяльнымі рэчамі. Але тады, калі ў цэнтр трапіла Люда, гэта было неабходнасцю.

— У адным з інтэрв’ю вы цытуеце Шастаковіча: “Пра смерць варта памятаць заўсёды для таго, каб лепш пражыць жыццё, і варта паспець дапамагаць своечасова”. Да такіх высноў вы прыйшлі пасля таго, як пачалі сустракацца з хворымі дзецьмі?
— Скажу шчыра: раней я баялася думак пра смерць. Баялася, пакуль не сутыкнулася з рэчаіснасцю і не зразумела: як радасці не бывае без суму, так і жыцця не бывае без смерці. Думай пра смерць хаця б для таго, каб памятаць, што жывеш. Радуйся і насычай сваё жыццё, бо мы не вечныя. Плануй і паспявай сёння, бо заўтра не належыць нам. Маім першым сябрам у дзіцячым анкацэнтры быў васямнаццацігадовы Дзіма. Я наўмысна выбірала дарослых хлопцаў, бо гэта самая складаная і закрытая катэгорыя хворых. Валанцёры не імкнуцца разгаварыць іх. Прасцей падысці да малога, працягнуць цацку, і яно тут жа забудзецца пра кропельніцу і ўколы. Сталыя хлопцы і дзяўчаты разумеюць сваё становішча, замыкаюцца і не пускаюць незнаёмцаў у шэры свет хваробы. Я бралася за цяжкае заданне, але перыядычна цярпела крах і рабіла сур’ёзныя памылкі. Я тэлефанавала Дзіму, каб павесяліць яго. Але замест гэтага, дурніца, распытвала пра стан, адчуванне і наступны блок хіміі. Ён патухаў, і размова не клеілася. Аднойчы спакойны Дзімка выбухнуў: “Ды не пытайся ты пра лекі і аналізы! Я хачу гаварыць пра жыццёвае, а не бальнічнае! Ты ж для гэтага набіраеш мой нумар?” А пасля Дзіма трапіў у рэанімацыю. У нас не было сувязі. Я вырашыла пісаць СМС-кі. Пра жыццё і надвор’е, пра сустрэчы і здарэнні, пра фільмы і жарты. Штодня старанна падбірала самыя аптымістычныя словы, самыя цікавыя гісторыі і дасылала іх Дзімку. Яны павісалі ў паветры. А праз пару дзён прыходзіла справаздача, што СМС нарэшце дастаўлена. Я так радавалася, уяўляючы, як ён прыходзіць у сябе, уключае тэлефон, чытае маё пасланне і ўсміхаецца. А пасля зноў адпачывае, набіраецца сіл да новага СМС. Праз два тыдні аднабаковых паведамленняў я атрымала адказ. Ён быў не ад Дзімкі. Пісала яго маці. Гэта яна атрымлівала мае жыццесцвярджальныя СМС і не знаходзіла сіл напісаць, што яго больш няма. Я вельмі позна зразумела, чым магу парадаваць і падтрымаць хлопца. Гэты балючы ўрок я засвоіла на ўсё жыццё і навучылася паспяваць. Паспяваць своечасова.

— Вам ніколі не было цяжка, страшна ў псіхалагічным плане ездзіць у анкацэнтр?
— Спачатку я не баялася паездак у Бараўляны. І цяпер думаю, што менавіта з гэтай прычыны не была гатова да таго, што маіх сяброў можа не стаць. Я была ўпэўнена, што гэтага не здарыцца. Увогуле, першы год я ездзіла туды ў госці. Бачыла дзяцей, але не заўважала, не засяроджвала ўвагу на кропельніцах. Для мяне ўсе дзеці былі звычайнымі. Так працягвалася да таго моманту, пакуль не стала Дзімы. Пасля гэтага я ўсё пераасэнсавала. Цяпер я ведала, куды прыязджаю, але ўсё роўна не была гатова да сумнага канца. Былі нават такія моманты, калі мне хацелася ўсё кінуць. Я звярталася да псіхолага па дапамогу. А пасля, у адзін з дзён, калі вярталася з анкацэнтра, мяне збіла машына. І менавіта гэты выпадак дапамог зразумець: “Звярні ўвагу на сваё жыццё! Займіся сваім жыццём, а пасля дапамагай іншым!” І цяпер, калі ў мяне ёсць свая сям’я, муж і сын, мне стала прасцей. Я навучылася жыць сваім жыццём. Безумоўна, мы сустракаемся, падтрымліваем, вучым адно аднаго, але яны — гэта яны, а я — гэта я. І, шчыра кажучы, цяпер я рэдка бываю ў цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Стараюся працаваць на адлегласці: падтрымліваю тэлефонную і інтэрнэт-сувязь з падапечнымі і валанцёрамі, займаюся адміністрацыйнай і каардынатарскай работай. Восем гадоў працы, страты і душэўныя пакуты зрабілі свой уплыў.

— За 5 гадоў дзейнасці “Клуба 5000” вы дапамаглі 45 сем’ям. Раскажыце, калі ласка, чым, акрамя збору сродкаў на лячэнне дзіцяці, “пяцітысячнікі” дапамагаюць сваім падапечным?
— Так, за гэты час 45 сем’яў сталі падапечнымі “Клуба 5000” на пастаяннай аснове і яшчэ сотні атрымалі разавую дапамогу. У апошні час мы выйшлі на паказчык у 20—30 мільёнаў беларускіх рублёў — столькі збіраем штомесяц на дапамогу анкахворым дзецям. Мы набываем падарункі, адвозім прадукты харчавання сем’ям, шукаем за мяжой дарагія лекі, спраўджваем дзіцячыя мары. Мы банальна дапамагаем бацькам апрануць дзіця, накарміць яго, аплаціць камуналку. Дзіцячая хвароба ўскладняе матэрыяльны побыт сям’і, бо ў бацькоў няма магчымасці працаваць, а выдаткаў становіцца значна больш. Былі такія выпадкі, што ім адключалі электрычнасць, пакуль мы не пагашалі запазычанасць. Людзям банальна няма на што жыць. А мы дапамагаем зрабіць жыццё дзіцяці камфортным кожную секунду (хто ведае, колькі таго жыцця?). У яго не павінна быць патрэбы ў падгузках, сродках гігіены, ручніках, адзенні. Мы хочам забяспечыць яго цацкамі па ўзросце і рознымі дзіцячымі радасцямі. І гэта трэба рабіць сёння, бо заўтра можа не быць.

— Таццяна, час ад часу з’яўляюцца навіны пра тое, як махляры нажываюцца на выдуманых гісторыях хваробы незнаёмых або, што яшчэ страшней, родных людзей і такім чынам збіраюць немалыя грошы для ўласных патрэб. Размяркоўваючы сродкі паміж падапечнымі, вы не баіцеся памыліцца, што грошы могуць пайсці не па прызначэнні?
— Я кожны раз баюся памыліцца, калі размяркоўваю дапамогу падапечным. Вагаюся нават у тых выпадках, калі перадаюць абутак, а ў нас, напрыклад, ёсць двое падапечных з такім памерам. Каму больш падыдуць туфлі? Хто будзе насіць, а ў каго будуць прастойваць? Для каго найбольш актуальна, а хто даносіць старыя? Я баюся падвесці тых, хто ахвяруе дапамогу, і тых, ад каго забіраю, каб даць іншым. Памятаю, як да нас звярнулася маці ўкраінскага хлопчыка Дзяніса. Яны лячыліся ў Беларусі платна, і грошай катастрафічна не хапала. Мы сабралі добрую суму і пералічылі на рахунак тысячу долараў, астатнім падапечным — па сто. Дзяніса ў хуткім часе выпісалі, бо лячэнне не давала вынікаў. Па інтэрнэце мы сачылі за навінамі пра яго. Праз інтэрнэт і даведаліся, што хлопчыка не стала. І ў інтэрнэце ж прачыталі, што на сабраныя ахвяраванні бацькі набылі новую кватэру і пераехалі ў іншы горад, бо ў старым ім усё нагадвала пра сына. Я добра памятаю, як напісалі валанцёры: “Мы не падзяляем іх поглядаў адносна распараджэння грашыма, але не бяромся асуджаць”. Мы не былі на іх месцы, і не дай бог трапіць. Мы не можам загадзя ведаць, дапамогуць нашы намаганні і ахвяраванні ці пойдуць не па прызначэнні. Не можам ведаць, якім будзе гэтае “непрызначэнне”: новай кватэрай, машынай ці дапамогай іншым дзецям. Ды і не адказваем мы за гэта. Вырашылі дапамагчы — смела дапамагайце. Ахвяруйце і адпусціце: грошы ўжо не вашы. А далей дазвольце распараджацца імі таму, да каго яны трапілі. І вам, і ім залічыцца.

— У вас, акрамя “Клуба 5000”, які даўно стаў родным, ёсць муж, маленькі сын. Напэўна, жыць на “дзве сям’і” не вельмі лёгка?
— Муж заўсёды дапамагаў мне па справе дабрачыннасці. Мы разам стаялі ля вытокаў клуба. Ён шмат зрабіў для гэтага руху, робіць і сёння. Але вырас клуб — вырасла і сям’я: мы цяпер утраіх вядзём грамадскую дзейнасць, нясём сацыяльную ношу. Але яна становіцца ўсё цяжэйшай. За пяць гадоў “Клуб 5000” і сям’я сталі сапернікамі. Яны змагаюцца за маю ўвагу і месца пад дахам. Клуб выбіваецца ў лідары. Валанцёры, паплечнікі і аднадумцы — мы ўсе вялікая сям’я. Але яна не павінна замяніць сапраўдную сям’ю. Справа, якая калісьці аб’яднала нас з мужам, цяпер аддаляе. Для мяне надышоў час расставіць прыярытэты і нешта мяняць. Надышоў час, калі я вымушана пакінуць “Клуб 5000”. Цяпер мне ўжо не так балюча гаварыць пра гэта. Я нарэшце станаўлюся мамай: упершыню за год і сем месяцаў зразумела, што ніводнага дня не была ёй, увесь час спрабавала выратаваць свет. Яшчэ адной прычынай, чаму я вымушана пакінуць нашу арганізацыю, з’яўляецца тое, што я ўсё вельмі блізка прымаю да сэрца. Я перфекцыяніст. Мне складана рабіць нешта напалову. Я ці кідаюся з галавой, ці лепш зусім рабіць не буду. Увогуле, усё павінна быць камфортным, і дапамога іншым людзям не павінна шкодзіць табе самому.

— А што будзе з “Клубам 5000”? Які лёс яго чакае і ці ёсць каму перадаць абавязкі?
— Я пакуль не ведаю, што чакае “Клуб 5000”, таму не бяруся прадказваць далейшы лёс руху. Але відавочна, што мая справа вырасла. Яна патрабуе іншых умоў. Гэта ўжо немагчыма рабіць некалькі гадзін на тыдзень. Яна павінна быць асноўнай работай, займаць нават больш часу, чым стандартная работа (прынамсі, у 8 гадзін за суткі я ўжо даўно не ўкладваюся). А яшчэ вялікая роля ў дабрачыннасці належыць людзям. Вы правільна сказалі на пачатку інтэрв’ю, што дабрачыннасць для большасці — гэта даць і забыцца. І вельмі часта людзі, якія быццам хочуць дапамагчы, насамрэч замінаюць. Яны не гатовы ісці насустрач нават у прамым сэнсе гэтага слова. Валанцёры ездзяць па ўсім горадзе, забіраючы перадачы. Іх пры гэтым могуць аблаяць за спазненне ці якую-небудзь дробязь. Я мільён разоў выслухоўвала абурэнні ад “добразычліўцаў”, што валанцёр не бярэ трубку, пераносіць сустрэчу і інш. Ніхто і падумаць не хоча, што валанцёр — проста чалавек, такі ж памочнік, як і вы. У яго ёсць свая сям’я, работа, яму трэба за нешта жыць і калісьці адпачываць. Ён не жыве ў анкацэнтры, не ведае памер нагі ў сантыметрах кожнага падапечнага і часам не чуе тэлефонны рынгтон. Але, упэўнена, нягледзячы на тыя перамены, якія чакаюць “Клуб 5000”, з ім застаюцца цудоўныя валанцёры. Мы паспрабуем размеркаваць абавязкі і наладзіць работу без яўнага лідара. Мне б не хацелася ставіць кагосьці на сваё месца, каб чалавек не паўтарыў мой лёс. Хаця, магчыма, хтосьці зможа арганізаваць дзейнасць па-іншаму і не дайсці да стадыі самаразбурэння.

— Таццяна, ці лёгка далучыць людзей да дабрачыннасці?
— Я лічу, што прымушаць чалавека займацца тым, што яму нецікава, не мае сэнсу. І нават не варта траціць на гэта час, лепш яго прысвяціць тым, каму гэта насамрэч неабходна. Тое самае і з дабрачыннасцю. Былі выпадкі, калі ў клуб тэлефанавалі людзі і гаварылі, што маюць намер дапамагчы. На гэтым усё заканчвалася, добраахвотнікі знікалі. Памятаю выпадак, калі “пяцітысячнікам” патэлефанавала дзяўчына, якая выбрала падапечную і планавала пакласці на яе рахунак грошы. Наступны раз яна з’явілася праз год і сказала, што неабходнага разліковага рахунку ў банку няма. Прайшоў цэлы год. За гэты час Насці, якой яна хацела дапамагчы, не стала. Так што памятайце пра тое, што дапамагаць неабходна сёння і зараз. Разам з тым ёсць сярод нас і неабыякавыя людзі, якія проста робяць, без лішніх слоў. Дзякуючы ім, дабрачынны рух будзе жыць.

— Што можаце параіць тым, у каго ёсць магчымасць дапамагчы, але няма ўпэўненасці ў тым, што гэтая справа, акрамя душэўных пакут і перажыванняў, будзе прыносіць аддачу?
— Людзі, дапамагайце з карысцю і паважайце іншых памочнікаў: мы ўсе робім агульную справу, тут няма ворагаў, канкурэнтаў ці прыяцеляў. Яшчэ лепш — арганізуйце свой “Клуб 5000”. Каб была аддача, трэба не хацець, а дапамагаць. Скідвайцеся кампаніяй ці калегамі па рабоце раз у месяц па пяць тысяч рублёў (ці хто што можа сабе дазволіць) і аднясіце сабранае ў банк. Там знойдзеце шмат дзіцячых гісторый з рэквізітамі. Выбірайце і дапамагайце. Штомесяц. І не адкладвайце, бо заўтра можа не быць.

Наталля ДУБІК.
Фота Таццяны СТАЛЯРОВАЙ.