Казка для Паўлінкі, або Шчасце, калі дзеці нараджаюцца ў сэрцы

Выхаванне дзяцей — працэс вельмі адказны і сур’ёзны. Няма сэнсу ўтойваць, што ёсць тыя, для каго з’яўленне дзіцяці на свет як пакаранне. У нежаданых дзяцей, як правіла, лёс несуцяшальны. Але, на шчасце, сярод нас ёсць сем’і, здольныя перапісаць такія гісторыі, бо для іх дзеці — гэта шчасце і падарунак ад Бога.
Прыкладам такой сям’і з’яўляюцца бацькі пяцярых дзяцей, вядомы кінаакцёр, акцёр Тэатра-студыі кінаакцёра, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Павел Харланчук і актрыса Драматычнага тэатра Беларускай Арміі Ганна Харланчук-Южакова. У іх, акрамя сваіх трох дачок, выхоўваюцца і двое ўсыноўленых дзяцей.
Сёння пра складанасці, тонкасці і сакрэты выхавання дзяцей нашаму выданню расказаў тата гэтага цудоўнага сямейства Павел ХАРЛАНЧУК.

— Павел, сёння рэдка знойдзеш сям’ю, якая, маючы сваіх траіх дзяцей, захоча яшчэ і ўсынавіць дзіця. Што падштурхнула вас на такі крок?
— Мы былі студэнтамі, калі планавалі сям’ю, і на той момант нічога не баяліся. Мы ведалі, што хочам вялікую сям’ю. Увогуле, і я, і Ганна вельмі любім дзяцей. Безумоўна, аб магчымасці ўсынавіць дзіця, калі ёсць свае дзеткі, задумваецца не так шмат людзей — маўляў, Бог ім ужо даў магчымасць стаць бацькамі. Але ж і тыя, хто застаўся кінутым, таксама чакаюць бацькоўскага цяпла, жадаюць мець сям’ю. Яшчэ да нараджэння нашага першага дзіцяці, дачкі Адэлькі, мы вырашылі, што калі ёй споўніцца год, усынавім пагодку нашай дзяўчынкі. У 2006 годзе нарадзілася Адэль. І тады мы пачалі ўсур’ёз задумвацца над сваім жаданнем. Прынамсі, упэўненасць у тым, што мы хочам усынавіць дзіця, увесь гэты час была з намі.

— Напэўна, выбар дзіцяці, якога захочацца бачыць часткай сваёй сям’і, быў нялёгкім.
— Што і гаварыць, выбар — гэта самае цяжкае і страшнае. І мы хацелі абысці момант выбару. На той час мая жонка Ганна супрацоўнічала з дабрачыннай арганізацыяй, часта ездзіла па дзіцячых дамах, шпіталях, якім дапамагала ў набыцці неабходных дзіцячых рэчаў. Зразумела, што ва ўсіх гэтых установах знаходзяцца кінутыя дзеці, а таксама тыя дзеткі, чые бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Пра наша жаданне ўсынавіць дзіця ведалі многія, у тым ліку кіраўнікі ўстаноў, пра якія я згадаў. І вось неяк Ганне расказалі пра адну маленькую дзяўчынку і прапанавалі з ёй пазнаёміцца. Жонка згадзілася. І дзяўчынка — мы назвалі яе Івонай — Ганне вельмі спадабалася. Мы вырашылі ўзяць менавіта яе. Дагэтуль памятаю, як першы раз прыйшоў да Івоны пазнаёміцца. У тым пакоі, дзе яна ляжала, было яшчэ пяцёра дзяцей. І, калі б я туды трапіў упершыню, не ведаючы, што наш выбар ужо, па сутнасці, зроблены, я б разгубіўся. Ну як можна з гэтых маленькіх анёлаў кагосьці выбраць? Зрабіць гэта немагчыма. Усе яны аднолькавыя, усім ім для шчасця не хапае сям’і. І толькі мы, дарослыя, можам даць ім гэтае шчасце.

— Але, наколькі мне вядома, урэшце вы ўсынавілі не адну дзяўчынку, а дваіх дзяцей.
— Так, гэта праўда. Пасля, калі мы пачалі збіраць неабходныя дакументы, даведаліся, што ў Івоны ёсць старэйшы брат. Пачуўшы гэтую інфармацыю, мы знаходзіліся ў стане разгубленасці. Што рабіць? Як лепш дзейнічаць? Скажу шчыра, мы былі не гатовы да гэтай інфармацыі. Як аказалася, маці дзяцей пазбавілі бацькоўскіх правоў, а таты ў Філіпа і Івоны розныя. Але ж мы першапачаткова хацелі адно дзіця ўсынавіць. Аднак мяркуйце самі, няўжо можна разлучаць брата з сястрой? Не, нельга. Безумоўна, можна было пакінуць гэтую ідэю, пашукаць іншую дзяўчынку для ўсынаўлення, але ж нам патрэбна была менавіта Івона. Мы ўжо лічылі яе сваёй дачкой. Нам прапанавалі падумаць, ці гатовы мы, ці зможам адразу ўзя ць у сям’ю дваіх дзяцей. Тым больш што Філіпу на той момант было 5 гадоў. У гэтым узросце дзеці ўжо дарослыя, са сваім характарам, меркаваннямі. 5-гадовыя дзеці ўсё разумеюць і памятаюць. Але ж пытанне было ў тым, наколькі мы ўпэўнены ў сабе, у сваіх сілах. Ці зможам, ці здолеем даць дзецям усё тое, чаго ім не хапае? Наколькі правільна будзе праходзіць працэс выхавання? І мы думалі, як зрабіць.
Праўда, думалі мы нядоўга, хвілін 20. І вырашылі ўсынавіць дваіх дзяцей. Вось так у нашай Адэлькі, якой на той момант быў роўна год, з’явіліся сястра, літаральна на паўгода старэйшая, і амаль дарослы брат. І дзякуй Богу, што ў нас усё так атрымалася. Што гэтую страшную з’яву — выбар — мы змаглі абысці.

— Перш чым усынавіць дзяцей, неабходна прайсці шмат інстанцый. У тым ліку трэба быць гатовым псіхалагічна. Магчыма, быў у гэтым працэсе нейкі пераломны момант, калі вы бачылі свае слабасці, былі гатовы павярнуць назад?
— Не, адмаўляцца ад сваёй ідэі мы не хацелі і ведалі, што гэтага не здарыцца. З намі вельмі доўга працавалі спецыялісты, псіхолагі. Нас рыхтавалі да таго, што наперадзе будзе шмат цяжкасцей. І цяжкасці, безумоўна, былі. Увогуле, важным было тое, што ў сям’і стане адразу трое дзяцей, а не двое, як планавалася. Складаным было і тое, што, акрамя дзвюх дзяўчынак-пагодак, будзе старэйшы хлопчык. Вось і атрымалася, што як выхоўваць малых, мы, здаецца, ведаем, а што рабіць з амаль дарослым чалавекам, у якога, як я ўжо ўзгадваў, свой характар і жыццёвы вопыт, невядома. У выхаванні мы павінны былі забегчы наперад ажно на 4 гады. І тыя цяжкасці, якія ўзніклі падчас збірання дакументаў, праходжання камісіі, псіхалагічнага субяседавання, — гэта ўсё дробязі ў параўнанні з тым, што было пасля. Жаданне ўсынавіць дзяцей — гэта адно. Сутыкнуцца, прывыкаць, жыць з гэтымі дзецьмі — гэта іншае. Але самае складанае, з чым сутыкнуліся я і Ганна, — гэта палюбіць гэтага чалавека. Акрамя таго, мы хацелі ведаць, што Філіп будзе не супраць жыць з намі. І гэта, вядома, з’яўляецца абавязковай умовай ва ўсынаўленні. Нішто не павінна рабіцца супраць волі дзіцяці. Улічваючы той факт, што Філіп дарослы 5-гадовы чалавек, усе яго пажаданні мы хацелі пачуць і пачулі. Перш чым мы запыталі ў яго, ці хоча ён пайсці жыць да нас, некалькі разоў сустракаліся з хлопчыкам. Згадзіцеся, са сваім родным дзіцем ты не кантралюеш свае эмоцыі, не ўдзяляеш вялікай увагі паводзінам. Калі тваё дзіця ідзе міма, можна яго, ні пра што не думаючы, абняць, пацалаваць. Калі побач роднае дзіця, момант прыняцця рашэння наконт таго, што рабіць, не праходзіць праз галаву. Гэты момант праходзіць праз сэрца, праз эмоцыі. А з усыноўленым дзіцем ты пачынаеш сябе кантраляваць. Неаднаразова ўзнікалі думкі, а ці магу я, ці маю права асудзіць дзіця за няправільны ўчынак? Ці магу я абвінаваціць дзіця і ў якой форме данесці да яго гэтую інфармацыю? Карацей кажучы, пра ўсё, аб усім трэба думаць. І такі кантроль — гэта няёмка і нялёгка. Таму што сцен паміж бацькамі і дзецьмі быць не павінна. А тады гэта было. І гэта была галоўная цяжкасць.

— Але ж, напэўна, і хлопчыку было няёмка і нялёгка жыць, прывыкаць да новага жыцця, іншых парадкаў, характараў…
— Безумоўна, Філіпу таксама было цяжка. І ў той момант, калі хлопчык толькі прыйшоў да нас жыць, і цяпер, калі гляджу на Філіпа, бачу, што ён заўсёды на сваёй хвалі. Я разумею, што Філіп як асоба сфарміраваўся даўно. І цяпер, нягледзячы на ўсе змены ў жыцці, у ім засталося нешта з мінулага. Калі хлопчык яшчэ жыў у сваёй біялагічнай сям’і, ён быў прадастаўлены сам сабе. Ён ніколі ні перад кім не рабіў справаздачу, увесь час недзе бадзяўся. Самым блізкім чалавекам, які быў побач і мог хаця б неяк паклапаціцца аб ім, была бабуля. Як Філіп пасля расказваў, за ім ніхто не глядзеў, ніхто не кантраляваў яго. Ён мог увесь дзень ездзіць на веласіпедзе, знаходзіў сабе ежу. Хлопчык ні разу за пяць гадоў так і не зведаў, што значыць чысціць зубы. Пра ўсё гэта сын расказвае як аб сваіх прыгодах. У дзяцей няма такога паняцця, як асуджэнне. У іх не існуе крытэрыяў, якія размяжоўваюць паняцці, што такое добра, а што такое дрэнна. І цяпер я лічу, што тады, калі Філіп прыйшоў да нас у дом, калі наша сям’я “вырасла”, ён прыняў гэта як прыгоду. І, магчыма, ён не ўсведамляў усёй сур’ёзнасці моманту.
Прывыканне, працэс прыціркі праходзіў вельмі цяжка. Ведаеце, гэта можна параўнаць з працэсам нараджэння дзіцяці. Вядома, калі нараджаецца дзіця, тонкая ўзаемасувязь паміж мамай і дзіцем часам з’яўляецца не адразу. І для таго каб прывыкнуць адно да аднаго, мама дапамагае малому адчуць сябе неабходным, важным, і дзіця, у сваю чаргу, дапамагае маме. Гэтыя механізмы вельмі складаныя, і зразумець усе іх тонкасці вельмі цяжка. Так адбывалася і ў нас. Мы прыціраліся да Філіпа, ён — да нас. Увогуле, неяк настаў момант, калі сын сказаў, што не хоча з намі жыць. Зноў жа ў яго спрацаваў “прыгодніцкі” механізм. Ён падумаў, што ўсё, пажыў тут і хопіць, трэба ехаць да бабулі. І мы зрабілі вялікую памылку, што паехалі туды.

— Але ж гэта цяпер ваша дзіця, і адпускаць яго нельга.
— Так, гэта наш сын. І пасля нам псіхолаг сказаў, што мы дапусцілі памылку, калі вось так згадзіліся на яго ўмовы. Але ж мы і самі ў той момант разгубіліся. Мы баяліся дапусціць яшчэ адну памылку — ісці супраць жадання хлопчыка. Тым не менш, калі гэта мой сын і ён заяўляе, што хоча ад нас сысці, я што, павінен яго так лёгка ўзяць і адпусціць? Безумоўна, не. Зараз вельмі часта ўзгадваюць, што “любіць” — гэта дзеяслоў, які адказвае на пытанне “што рабіць?”. І калі ты любіш, ты павінен любіць, а значыць, нешта рабіць і не чакаць, што хлопчык палюбіць цябе ні за што, проста ад удзячнасці. Любоў дзіцяці з неба не падае. І любы бацька павінен нешта рабіць, нешта ўкласці ў свае дзеянні, каб атрымаць узамен гэтую любоў. Я пра гэта часта гавару і буду гаварыць, таму што іншай формулы не бачу.
Увогуле, любоў да дзіцяці шмат церпіць. Калі ты пачаў прыслухоўвацца, прабачаць нейкія хібы, усё пачне станавіцца на свае месцы. Але прыцірка ў нас была цяжкай. Хаця напачатку падавалася, што ўсё будзе наадварот. З Філіпам пасля было намнога цяжэй, чым з Івонай, якой на той момант было амаль 2 гады.

— Як вы лічыце, ці з’яўляецца памылкай у адносінах паміж усыноўленымі дзецьмі і бацькамі тое, калі апошнія прапануюць дзецям з пэўнай жыццёвай гісторыяй называць іх мамай і татам?
— Безумоўна, дзяцей да гэтага нельга прымушаць. Яны самі да гэтага прыйдуць. І мы гэтага не рабілі. Спачатку, калі толькі дзеці ў нас з’явіліся, мы не забаранялі (і зараз не забараняем) узгадваць мінулую сям’ю, а таксама называць нас мамай і татам. Што тычыцца Філіпа, які ў адрозненне ад Івоны памятае сваю біялагічную маці, спачатку ён узгадваў яе як маму. Пасля ён пачаў называць яе па імені. А калі яшчэ больш часу пражыў з намі, калі нешта ўзгадваў, пачаў гаварыць “тады, калі я там жыў, у той жанчыны”. Цяпер Філіп, калі ўспаміны прыйдуцца дарэчы, расказвае Івоне, што памятае, як яна ляжала на канапе, яе ніхто не карміў. Карацей кажучы, сын сам кантралюе свае эмоцыі, сам выбірае, што і калі гаварыць. Дарэчы, днямі мы з Ганнай былі на адным з сімпозіумаў, які прысвячаўся тэме сям’і. І менавіта там адзін з бацькаў выказаў сваё меркаванне наконт таго, як з дзецьмі трэба размаўляць на тэму той сям’і, у якой яны раней жылі. Мужчына сказаў, што варта гаварыць дзецям пра тое, што “яны жывуць і ў жывоціку, і ў сэрцы. Таму што бывае такое, што малое ў жывоціку нарадзілася, а ў сэрцы — не. І менавіта Бог шукае чалавека, у сэрцы якога народзіцца дзіця. Пасля гэтага Бог перадае дзіця ў сям’ю, у сэрцы якой яно нарадзілася”. Гэта вельмі прыгожае меркаванне. І калі б яго ведалі раней, так бы і гаварылі. Але ў нас усё адбылося крыху прасцей. Мы сказалі, што так здараецца, калі адна жанчына нарадзіла, а мама пасля выхавала.

— Павел, калі Філіп ці Івона ў будучым захочуць убачыць тых, хто іх нарадзіў, ці дазволіце ім гэта зрабіць?
— Мы ўжо абмяркоўвалі гэтае пытанне і ведаем, што не будзем забараняць. Гэта будзе рашэннем нашых дзяцей. Хаця, безумоўна, будзе цяжка думаць аб гэтым. І зараз гаварыць і думаць пра гэта таксама нялёгка. Але забараняць шукаць біялагічных бацькоў мы не будзем. Дзіця мае права ведаць і гэтую частку свайго жыцця, але гэта адбудзецца не раней за 16 гадоў. І думаю, што калі б я быў у такой сітуацыі, я таксама хацеў бы даведацца, хто мае біялагічныя бацькі. Я не ведаю, для чаго я шукаў бы гэтых людзей. Але гэта тыя сувязі, якія ніхто не можа патлумачыць. Любы чалавек захоча ведаць пра сябе больш, і калі ў душы будзе нешта свярбець, чалавек пачне капацца, ён будзе ўстанаўліваць усе сувязі. Так, мы як бацькі будзем раўнаваць, калі такое жаданне з’явіцца ў нашых дзяцей. І мне як бацьку будзе няёмка ў гэтай сітуацыі.

— Калі я вас правільна разумею, вы лічыце, што ад усыноўленых дзяцей нельга хаваць той факт, што іх нарадзілі іншыя бацькі.
— Я лічу, што дзеці ў любым выпадку рана ці позна даведаюцца пра тое, што яны ўсыноўленыя. Безумоўна, будзе правільна, калі ім пра гэта скажуць самі бацькі, у сэрцы якіх яны нарадзіліся, а не суседзі ці яшчэ хто-небудзь. Чалавек павінен ведаць пра сябе праўду.

— Павел, у вас мнагадзетная сям’я. Нядаўна ў вас нарадзілася яшчэ адна дачка. Ці лёгка быць бацькам пяцярых дзяцей?
— Так, у нас пяцёра дзяцей — Філіп, Івона, Адэль, Алівія і Паўлінка. Яны ўсе вельмі чаканыя і любімыя. З Паўлінкай любяць вазіцца ўсе дзеці, асабліва Філіп. Напэўна, таму што ён самы старэйшы, разумее, што ў сям’і з’явіўся яшчэ адзін маленькі, але вельмі важны чалавечак. Любяць Паўлінку і дзяўчынкі, але ў малодшай, Аліўкі, прачынаецца рэўнасць. Яна да нараджэння Паўлінкі была самай маленькай, а значыць, мела права патрабаваць да сябе больш увагі. Зараз усё памянялася, больш увагі ўдзяляецца Паўлінцы, але і астатнія дзеці гэтага не пазбаўлены. Яны ведаюць, што ўсіх іх мы аднолькава моцна любім.

— У краіне ёсць тэндэнцыя, што для большасці двое дзяцей — гэта ўжо многа. І адносіны да мнагадзетных сем’яў у грамадстве таксама неадназначныя.
— Так, апошнім часам людзі пачалі прытрымлівацца таго меркавання, што калі ў чалавека шмат дзяцей, значыць, нешта тут не так. А чаму такія адносіны? Чаму многія лічаць, што ў тых, у каго трое і больш дзетак, малыя даношваюць усё адно пасля аднаго? Чаму пайшла такая тэндэнцыя — не мець шмат дзяцей? Увогуле, нашых людзей зразумець немагчыма. Калісьці было гонарам мець некалькіх дзетак, а зараз гэта адышло на другі план. А шкада. Калі ёсць магчымасць, жаданне, сіла і вера ў тое, што выхаваць некалькіх дзяцей у вас атрымаецца, значыць, не варта баяцца яшчэ раз ста ць мамай і татам.

Гутарыла Наталля ДУБІК.