“Пакаранне само па сабе не перавыхоўвае”

Дзеці ў канфлікце з законам, выхаванцы спецыяльных устаноў закрытага тыпу — хто яны: злачынцы ці ахвяры? Для многіх адказ на гэтае пытанне адназначны: канечне ж, злачынцы. На працягу многіх гадоў погляд грамадства на дзяцей і падлеткаў, якія ўступілі ў канфлікт з законам, носіць абмежавальны характар — пакараць і ізаляваць. “Хоць на год-два пазбавіцца клопатаў з гэтым нязносным падлеткам…”, “Лепш бы пайшоў куды вучыцца…” — у каго з сацыяльных педагогаў не ўзнікала такіх думак, калі ў школьным асяроддзі з’яўляўся падлетак, у якога былі праблемы з законам? Між тым усе мы добра разумеем, што перакладванне праблемы на іншыя плечы яе не вырашыць. І з такімі падлеткамі неабходна працаваць тут і зараз. Калі не з пазіцыі гуманізму — усё ж такі гэта дзеці, і часта такія паводзіны не іх віна, а іх бяда, то з пазіцыі абароны саміх сабе — побач з гэтымі людзьмі нам жыць у будучыні. Але як працаваць з гэтай катэгорыяй дзяцей? Дзе шукаць дадатковыя рэсурсы для штодзённай работы з імі? Пра гэта ў нашай сённяшняй гутарцы з Аляксеем Аляксандравічам АНАНЕНКАМ, намеснікам старшыні дабрачыннага грамадскага аб’яднання “Свет без межаў”, якое з 2006 года праводзіць работу па развіцці альтэрнатыўных форм работы з дзецьмі ў канфлікце з законам і выхаванцамі ўстаноў закрытага тыпу.

— Аляксей Аляксандравіч, наколькі я ведаю, з гэтай катэгорыяй — выхаванцы ўстаноў закрытага тыпу — мала хто працуе на дабрачыннай аснове…
— Так, на сёння мы ледзьве не адзіныя, хто на дабрачыннай аснове займаецца з выхаванцамі гэтых устаноў. Мы і рады былі б канкурэнцыі. Але нават у рабоце з донарамі і спонсарамі, якія фінансуюць такую дзейнасць, заўсёды вельмі складана знайсці разуменне. Многія гатовы даваць грошы тым, хто не мае бацькоў, тым, хто пакутуе ад нейкіх захворванняў. Гэта, безумоўна, вельмі важна. Але калі гаворыш пра дзіця, якое ўступіла ў канфлікт з законам, што яму таксама патрэбна дапамога, рэакцыя амаль заўсёды аднолькавая — “бандыты, самі вінаватыя”. Хоць у большасці выпадкаў такія паводзіны, стыль жыцця дзіцяці абумоўлены тым, што ён не атрымаў у свой час штосьці ад нас, дарослых. Трэба працаваць з такімі дзецьмі, але не таму, што яны такія бедныя і няшчасныя, а таму, што гэта дзеці, яны яшчэ могуць змяніць сваё жыццё.
Дзеці, з якімі мы працуем, выдатна ўмеюць вырашаць свае жыццёвыя праблемы за кошт парушэння закону, ім прасцей украсці, чым зарабіць, пабіць, чым дамаўляцца. Наша пазіцыя ў тым, каб паказаць дзіцяці, як працуе пазітыўная мадэль вырашэння праблем. Прычым не толькі паказаць, а менавіта праз мадэляванне канкрэтных сітуацый трэніравацца ў рашэнні пэўных задач, а потым спрабаваць укараніць гэта ў жыццё. І, шчыра кажучы, часта такія дзеці прызнаюць: на трэнінгах усё намнога прасцей, чым у жыцці. Зноў-такі часам ім прасцей парушыць закон. У такім выпадку неабходна данесці праз розныя трэнінгавыя формы, што ў любым выпадку прыйдзе расплата. У нас ёсць валанцёры, якія мелі ў жыцці дэструктыўны вопыт. Яны на ўласным прыкладзе могуць расказаць, што магчыма накіраваць сваё жыццё ў пазітыўную плынь, што насамрэч было складана, але гэта таго варта.

— На такую ж мэту — навучыць жыць у гармоніі з сабой і законам — працуюць і закрытыя выхаваўчыя ўстановы краіны?
— Так, гэтыя ўстановы даўно накіраваны менавіта на дапамогу, а не на пакаранне. Сёння часта дзеці з гэтых устаноў нават не жадаюць выходзіць. Безумоўна, яны адчу-ваюць пэўны дыскамфорт: існуюць абмежаванні, строгі парадак дня. Але пры гэтым ва ўстановах ёсць людзі, якія добра да іх адносяцца, ёсць выхавальнікі, якія дапамагаюць малым вырашаць іх праблемы.

— Але да таго, каб трапіць у закрытую выхаваўчую ўстанову, дзіця ідзе не адзін дзень. Якія службы павінны працаваць з ім на месцах?
— Першая служба, якая прызвана дапамагаць, — гэта сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба школы і класны кіраўнік. Але, шчыра кажучы, гэтая катэгорыя дзяцей часта займае не першараднае месца ў рабоце спецыялістаў. На гэтым узроўні, як мне здаецца, ёсць сур’ёзны прабел ва ўменні і ў магчымасці аказаць неабходную дапамогу. Спецыялісты ёсць, але ў іх вельмі шырокі функцыянал — ад адораных дзяцей да замяшчальных сем’яў. А работа сацыяльнага педагога, псіхолага, асабліва з цяжкімі падлеткамі, штучная, павінна мець індывідуальны характар.

— Накіраванне ў закрытую выхаваўчую ўстанову сістэмы Міністэрства адукацыі — гэта не адзінае магчымае рашэнне, якое можа быць прынята ў адносінах да падлетка, які парушае закон?
— У адносінах да дзяцей, якія здзяйсняюць правапарушэнні, могуць быць прыняты тры рашэнні. Калі гэтыя дзеці не ўступілі ва ўзрост адміністратыўнай ці крымінальнай адказнасці, пры гэтым выяўлена, што бацькі ім не ўдзяляюць неабходнай увагі, дзеці могуць быць прызнаны асобамі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, потым, пры адсутнасці станоўчай дынамікі, можа прымацца рашэнне аб прызнанні асобай, якая мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне, і адабранне з сям’і. І, нарэшце, можа ставіцца пытанне аб пазбаўленні бацькоў іх правоў.
У іншых выпадках выяўляецца, што бацькі ажыццяўляюць неабходны догляд, школа таксама прымае пэўныя меры, але дзіця ніяк не ідзе на кантакт у сілу розных прычын: звычкі, злоўжывання нейкімі рэчамі, кампаніі і г.д. У такім выпадку камісія па справах непаўналетніх хадайнічае перад судом, і суд, разгледзеўшы ўсе гэтыя аспекты, можа прыняць рашэнне аб змяшчэнні дзіцяці ў спецыльную лячэбна-выхаваўчую ці спецыяльную вучэбна-выхаваўчую ўстанову.
Трэці шлях: дзіця здзейсніла злачынства, яму ўжо ёсць 14—16 гадоў. У выніку распачынаецца крымінальная справа і дзіця атрымлівае пакаранне, звязанае ці не з пазбаўленнем волі. У любым выпадку яно нясе за сабой пэўныя абмежаванні.

— А наколькі дзейсныя такія меры пакарання ў выхаваўчым плане?
— Многім дзецям меры, не звязаныя з пазбаўленнем волі, дапамагаюць. Ім гэтага дастаткова, каб напалохацца магчымай перспектывай і пазбавіцца дурных звычак.
Я ўпэўнены, такія меры дапамаглі б яшчэ большай колькасці падлеткаў, калі б у нас была выбудавана служба прабацыі, — калі не толькі ажыццяўляецца кантроль за тымі, каму прызначана такая мера, але калі на падлеткаў ускладваюцца і пэўныя асобасныя патрабаванні, напрыклад, па наведванні ўстановы адукацыі, працы, удзелу ў дапаможных мерапрыемствах — трэнінгах, кансультацыях у псіхолага, псіхатэрапеўта, нарколага, прычым на пастаяннай аснове, каб сфарміраваць пэўныя ўстаноўкі ў характары. У нас на сёння ў гэтай сферы пераважае кантроль.
Калі ж прымяняецца мера, звязаная з пазбаўленнем волі, то, сапраўды, там менш увагі ўдзяляецца выхаваўчым момантам. У вялікім дзіцячым калектыве дзіця само вымушана адстойваць сваё “я”. У канфліктным плане такія калектывы апрыёры вельмі дрэнна кіруемыя. Як вынік — рэцыдывы пасля такіх рашэнняў здараюцца даволі часта.

— Аднак праз пэўны час — ці то з закрытай выхаваўчай установы, ці то з калоніі — падлетак вяртаецца дамоў. Наколькі важна ў далейшым яго падтрымаць? Як спецыялістам працаваць з гэтай катэгорыяй?
— Гэта якраз тое, над чым мы зараз працуем. Два гады назад мы выбралі шэсць сацыяльна-педагагічных цэнтраў раёнаў, з якіх традыцыйна накіроўваецца шмат падлеткаў у закрытыя выхаваўчыя ўстановы. Сумесна з гэтымі цэнтрамі, чатырма спецустановамі выбудоўваем сістэму работы, каб ні на адным з этапаў перамяшчэння дзіцяці яно “не згубілася”.
Вось, напрыклад, спецыялісты разумеюць, што з дзіцем працаваць ва ўмовах адкрытага педагагічнага асяроддзя не атрымліваецца. Прымаецца рашэнне, што яго неабходна змясціць у закрытую ўстанову, — усе юрыдычныя падставы для гэтага ёсць. Дарэчы, у большасці выпадкаў гэтую меру бяздумна не прымяняюць: да апошняга імкнуцца абысціся іншымі.
Ужо на гэтым этапе імкнёмся да таго, каб сацыяльна-педагагічны цэнтр узяў на сябе функцыю каардынатара. Важна забяспечыць пераемнасць на гэтым этапе. З дзіцем жа працавалі да гэтага часу, у яго ёсць бацькі, і, напэўна, былі нейкія пазітыўныя адносіны ці з класным кіраўніком, ці з псіхолагам, ці з нейкім прадметнікам, кіраўніком секцыі — адным словам, быў важны для дзіцяці дарослы чалавек. Неабходна вызначыць гэтага спецыяліста і даць зразумець дзіцяці, што гэты важны дарослы чалавек застаецца ў яго жыцці, яму можна тэлефанаваць, пісаць. Неабходна пазнаёміцца з сям’ёй, падрыхтаваць больш-менш адэкватную “карцінку” дзіцяці — што з ім рабілі і што гэта дало. З усім гэтым дзіця павінна паступіць у закрытую ўстанову.
Далей, калі дзіця паступае ва ўстанову, сям’я таксама атрымлівае дапамогу ад СПЦ. Не скажу, што такія сем’і адрозніваюцца добранадзейнасцю (у большасці выпадкаў сям’я ўсё ж унесла свой уклад, прычым сур’ёзны, у фарміраванне такіх паводзін падлетка). Але часта атрымліваецца так, што менавіта гэтае дзіця — апошні стрымліваючы фактар для сям’і, каб не скаціцца ў бездань нядобранадзейнасці. Спачатку мама перажывае (у большасці выпадкаў гэта толькі мама), а потым разумее, што нічога больш не абцяжарвае: ніякага дакору, ніякага кантролю. У выніку здараеца так, што, калі дзіця ад’язджала, яшчэ была сям’я, а вяртацца яму ўжо няма куды.

— Важна забяспечыць падтрыманне бацькоўска-дзіцячых сувязей на працягу ўсяго часу знаходжання падлетка ў закрытай выхаваўчай установе?
— Так. Мы гаворым не толькі пра падтрымку, але і пра пэўнае абцяжарванне сям’і. Змяшчэнне дзіцяці ў спецыяльную ўстанову не з’яўляецца абмежаваннем для бацькоў у іх правах. Іншымі словамі, бацькі абавязаны выконваць свае бацькоўскія функцыі. Яны павінны цікавіцца жыццём дзіцяці, падтрымліваць з ім кантакты, забяспечваць яго тымі прадметамі, у якіх дзіця мае патрэбу ці якія проста могуць парадаваць яго. Часам мы нават рэкамендуем наступную схему: вось трацілі бацькі на дзіця пэўную суму, мэтазгодна аналагічную суму траціць на яго і ў сітуацыі, калі яно знаходзіцца ў спецыяльнай выхаваўчай установе, — на наведванне, падарункі, неабходныя рэчы. Спецыяльная ўстанова таксама вядзе ўлік таго, як бацькі кантактуюць з дзіцем, прычым не толькі ў колькасным, але і якасным выражэнні.
Задача спецыялістаў мясцовых СПЦ якраз у тым, каб забяспечыць падтрыманне кантактаў бацькоў з дзіцем. Часам жа здараецца так: мама аддае дзіця ва ўстанову ў 13 гадоў, калі яно яшчэ сапраўды дзіця (і выглядае так, і паводзіны адпаведныя), а вяртаецца ўжо юнак, якога мама проста псіхалагічна не можа прыняць, таму так важна забяспечыць нават візуальны кантакт бацькоў і дзіцяці. Дарэчы, для гэтага мы ўкаранялі прафесійную дзіцяча-бацькоўскую лінію. Ва ўсіх установах, з якімі працуем, ёсць ноўтбук, мабільны мадэм і праграма “Скайп”, якая забяспечвае візуальны кантакт з дзіцем. Спецыялісты СПЦ могуць запрасіць да сябе бацькоў ці нават выехаць да іх, каб даць магчымасць мець зносіны з дзіцем у рэжыме анлайн. Гэтай лініяй карыстаюцца і спецыялісты для аператыўнага вырашэння нейкіх пытанняў, рэагавання на інфармацыю, якую паведамляюць бацькі ці дзеці і г.д.

— А што далей, калі дзіця ўсё ж выходзіць з закрытай установы?
— Гэта сапраўды адзін з самых складаных момантаў. Неабходна, каб пры выхадзе дзіця візуальна ведала спецыяліста, напрыклад, у мясцовым СПЦ, да якога яно можа звяртацца ў далейшым.
Акрамя таго, у 2007 годзе ў рамках праекта з’явілася новая форма работы з выхаванцамі ўстаноў закрытага тыпу па прыцягненні валанцёраў — кантактных сяброў. Дзей-насць кантактнага сябра мае на ўвазе знаёмства і ўстанаўленне цёплых сяброўскіх адносін з выхаванцамі спецустаноў, перапіску, сацыяльнае суправаджэнне падлеткаў, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Працаваць з так званымі цяжкімі здольны не кожны. Неабходна сіла духу, цярплівасць, вытрымка, бясконцае жаданне растапіць у сэрцах малых калючыя льдзінкі крыўды, а то і нянавісці. Пакаранне само па сабе наўрад ці перавыхоўвае. Чалавек не павінен застацца сам-насам са сваёй бядой. Дапамагчы выхаванцам усвядоміць свае крыўды, пераадолець цяжкасці, якія ўзнікаюць, пазбегнуць нервовых зрываў і ўсяліць упэўненасць ва ўласныя магчымасці, набыць веру ў лепшае — усё гэта становіцца клопатам кантактных сяброў. Імі могуць стать студэнты, старшакласнікі і дарослыя людзі, якія прайшлі субяседаванне ў аб’яднанні, чый вобраз жыцця можа быць узорам для пераймання.
Сёння ў нас каля 40 такіх кантактных сяброў. Там, дзе яны ёсць, дзецям прасцей вяртацца дамоў. Такі кантактны сябар можа нават прыехаць за дзіцем ва ўстанову. Прапанаваць кампанію, калі дзіця вяртаецца ў школу. Знешне падлеткі “казыраюцца” і самі рэдка аб чым просяць, але прапанаваную дапамогу заўсёды прымаюць на ўра.

— І, нарэшце, як вы ацэньваеце першыя вынікі рэалізацыі праекта?
— У нашай скарбонцы — сотні гісторый падлеткаў, якія мелі праблемы з законам. Пра некаторых з іх у родных вёсках, гарадах адназначна казалі: “Нічога добрага не будзе”. Але пры падтрымцы спецыялістаў, валанцёраў яны здолелі змяніць сваё жыццё. І нават пасля выхаду з выхаваўчых устаноў пры шматлікіх неверагодных цяжкасцях і сотнях падстаў для таго, каб сарвацца, здолелі не вярнуцца на крымінальны шлях. Відавочна, чым больш мы, дарослыя, укладваем у іх на гэтым складаным для іх этапе, тым большыя шанцы, што яны выправяцца і, можа, нават дапамогуць выправіцца іншым. Калі мы пачыналі нашу работу, усе пагаджаліся, што гэта важна, але для многіх гэта была зусім новая дзейнасць. Нават тыя сацыяльна-педагагічныя цэнтры, якія ўключыліся ў праект, напачатку былі менш аптымістычныя, чым зараз. Сёння ж мы чуем ад іх: “Мы не думалі ніколі, што бацькі гэтых дзяцей захочуць з намі мець зносіны. Меркавалі, што гэта будзе чарговая беганіна, як за абавязанымі асобамі. А аказалася, што яны маюць патрэбу ў гэтай дапамозе і самі за ёй прыходзяць”.

Алена МАРКЕВІЧ.