“А воз и ныне там…” Як з перспектыўнай школы зрабіць неперспектыўную

Здарэнне з абвальваннем школы ў Крычаве, якое адбылося перад пачаткам бягучага навучальнага года, прыцягнула ўвагу кіраўнікоў самага рознага ўзроўню да тэмы матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. І ў першую чаргу — да пытання стану будынкаў навучальных устаноў. Зрэшты, чаго дзівіцца: большасць сённяшніх школ была пабудавана не адзін дзясятак гадоў назад. І калі большасць перспектыўных школ на вёсцы была адноўлена з дапамогай рэспубліканскай праграмы адраджэння вёскі, то многія гарадскія школы, асабліва раённага ўзроўню, такога шчасця, як капітальныя рамонты, у апошні час не мелі. Бо гэтыя мерапрыемствы патрабуюць істотных сродкаў, якіх многія раёны, чаго хаваць, проста не маюць.
Як жа “адчуваюць” сябе сёння такія ўстановы? На што спадзяюцца? Як вырашаюць пытанне неабходнасці правядзення рамонту? З гэтымі пытаннямі наш карэспандэнт накіраваўся ў Плешчаніцы Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Адрас быў выбраны невыпадкова. Сярэдняя школа № 2 гэтага гарадскога пасёлка — якраз адна з тых, хто мае вельмі багатую гісторыю. Праўда, з дзясятак гадоў гэтай гісторыі крыху азмрочаны нявырашаным пытаннем рамонту ўстановы. Але пра ўсё па парадку.

Старонкі гісторыі: слаўныя і не вельмі

Сярэдняя школа № 2 Плешчаніц з разраду тых устаноў, трапіўшы ў якую адчуваеш дзівосную атмасферу цеплыні і душэўнасці. І справа тут не ў нейкіх знешніх атрыбутах (забягаючы наперад — з гэтым школе яшчэ неабходна папрацаваць), а ў тых людзях, з якімі сустракаешся: адкрытых і шчырых, аднолькава ўважлівых да дарослых гасцей і кожнага маленькага вучня. Дырэктар установы Галіна Яўгенаўна Кунцэвіч на шляху ад дзвярэй школы да кабінета паспявае вырашыць не адно пытанне, з якімі да яе звяртаюцца то малодшыя школьнікі, то ўжо амаль дарослыя юнакі-старшакласнікі, — і тут жа разумееш: яна ведае не толькі імёны, але і праблемы кожнага свайго навучэнца. Зрэшты, пэўным чынам такую “сямейную” атмасферу ўстановы можна патлумачыць яе памерамі. Сёння гэтая школа — не самая буйная нават у маштабе гарадскога пасёлка. Разлічаная прыкладна на 300 навучэнцаў, сёння яна прымае 270 школьнікаў.
— А былі часы, калі ў нашай установе вучылася 800 школьнікаў, — заўважае Галіна Яўгенаўна. — У кожным класе было па 2—3 паралелі, і вучыцца прыходзілася ў дзве змены.
Сёння сітуацыя іншая. І на тое, што навучэнцаў у школе сёння значна менш, ёсць шэраг прычын. Адна з асноўных — змяншэнне агульнай колькасці жыхароў пасёлка. Так, некалькі гадоў назад была расфарміравана вайсковая часць, якая размяшчалася ў пасёлку, было рэфармавана буйное прадпрыемства — зразумела, частка сем’яў змяніла месца жыхарства. У выніку сёння навучэнцы вучацца ў адну змену — і гэта, безумоўна, толькі плюс. Але, як шчыра прызнае дырэктар установы, ёсць і іншая прычына: у мясцовых жыхароў у апошнія гады не было ўпэўненасці ў перспектыўнасці школы. І для гэтага былі пэўныя падставы.
— Школа як установа існуе аж з 1937 года, — расказвае Галіна Яўгенаўна. — А вось у гэтым будынку яна размяшчаецца з канца 50-х гадоў мінулага стагоддзя. І з таго часу тут не было капітальнага рамонту.
Зразумела, школе патрабавалася абнаўленне, прычым істотнае. Але на працягу даволі доўгага часу работы праводзіліся па мінімуме — для падтрымання будынка ў рабочым стане.
Тут варта прыгадаць яшчэ адну старонку з гісторыі ўстановы: у 90-х гадах мінулага стагоддзя мясцовыя ўлады закрылі частку будынка школы на рэканструкцыю і нават планавалі прыбудаваць новы будынак школы. Праўда, будаўніцтва скончылася амаль не пачаўшыся. Планы па будоўлі засталіся толькі на паперы. А мясцовым жыхарам і работнікам установы нагадваюць аб сабе тым самым зачыненым крылом школы — з вынятымі вокнамі і будаўнічымі сеткамі на фасадзе — і агароджанай пляцоўкай з раскіданымі камянямі-блокамі на двары школы. Вось гэтая недабудоўля і прымушае мясцовых жыхароў задавацца пытаннем: а ці ёсць будучыня ў гэтай установы, калі на працягу такога часу нічога не мяняецца?

Няма школы — няма праблемы? Наадварот…

Магчыма, сапраўды школа гэтая — неперспектыўная? І сэнсу ўкладваць у яе рамонт, а тым больш — рэканструкцыю, сродкі проста няма. Да таго ж у пасёлку ёсць яшчэ адна — сярэдняя школа № 1: больш “маладая”, буйная.
Галіна Яўгенаўна катэгарычна не згодна з гэтым меркаваннем. І справа не толькі ў слаўным мінулым гэтай навучальнай установы — а тут быў выхаваны шэраг знакамітых людзей, — але і ў перспектыўным заўтра.
Згодна з афіцыйнай статыстыкай, сёння ў гарадскім пасёлку пражывае каля 6 тысяч жыхароў, дзеці з іх складаюць каля 15%. Размясціць камфортна ўсіх школьнікаў у адной навучальнай установе — сярэдняй школе № 1 — наўрад ці магчыма. Асабліва калі ўлічыць той факт, што школы пасёлка наведваюць яшчэ і дзеці з суседніх вёсак, дзе навучальных устаноў наогул няма.
— Апошнім часам дзяцей становіцца больш. Вось 1-х класаў сёлета набралі два, у іншых — ад 22 да 29 вучняў. Толькі ў 9 класе мала навучэнцаў. І ў перспектыве бачыцца дастатковая колькасць дзяцей, — дадае Галіна Яўгенаўна. — Так адбываецца дзякуючы таму, што ў апошнія гады было пабудавана некалькі шматкватэрных дамоў, гэта прываблівае моладзь, з’яўляюцца новыя працоўныя месцы. Канкурэнцыі за дзяцей як такой у нас з 1-й школай няма. За кожнай установай замацаваны мікрараёны, але дзеці могуць наведваць любую на выбар.
Прывабіць жа навучэнцаў сярэдняй школе № 2 усё ж ёсць чым. Тут працуе зладжаны і вопытны педагагічны калектыў. Ужо трэці год на базе ўстановы дзейнічаюць міжшкольныя факультатывы, пра якасць іх работы гаворыць іх запатрабаванасць: наведваюць факультатывы не толькі свае навучэнцы, але і 1-й школы, сельскіх навучальных устаноў. У выніку платныя паслугі ў школе ў мінулыя гады выконвалі на 160% і нават на 200% ад запланаванага. А ў планах яшчэ і стварэнне профільных класаў.
Ёсць у школе і ўсё неабходнае вучэбнае абсталяванне: дастаткова камп’ютараў, дзейнічае лакальная сетка. Ёсць і інтэрактыўная дошка, якую ўжо асвоілі і настаўнікі, і дзеці.

Ад столі да падлогі

Зрэшты, варта адзначыць, што і знешне ўстанова ў апошні час мяняецца.
— Капітальнага рамонту ў нас ніколі не было — такога, каб закрылі, адсялілі і зрабілі ўсё нанова. Але ў цэлым будынак і сёння не патрабуе нейкіх тэрміновых работ. Няма трэшчын, падцёкаў. Разам з тым касметычны рамонт у школе праводзілі штогод, — заўважае дырэктар. — Глабальныя ж перамены пачаліся гадоў пяць назад. Пачалі з абнаўлення класаў. Сіламі калектыву — а ён у нас залаты — прывялі ў парадак столі, сцены. Мы іх чысцілі сваімі рукамі і за пазабюджэтныя сродкі. Я магу параўнаць, як было і стала, — розніца істотная. Вельмі прыемна, што і бацькі ішлі і ідуць насустрач у пытанні правядзення рамонту. Мы ім вельмі ўдзячныя. Такім чынам мы і прывялі кабінеты і калідоры ў прыстойны выгляд.
Разам з тым дырэктар прызнае, што школе патрабавалася больш значнае абнаўленне. І пэўным выйсцем у гэтым пытанні ў апошні год стала правядзенне работ гаспадарчым спосабам.
— Страшна было пачынаць: усё такое незразумелае — дакументацыя, справаздачы. Але навучыліся, — заўважае спецыяліст. — Апошнім часам “не распыляемся” — там падфарбавалі, там штосьці замянілі, — а імкнёмся рамантаваць кабінеты цалкам, — ад вокнаў да падлогі. Гэта дае лепшы эфект і ў плане камфортнага навучання дзяцей, і ў плане эстэтыкі. На сёння, за лета, за выдзеленыя бюджэтныя грошы ўжо поўнасцю адрамантавалі тры кабінеты. Зараз працягваецца рамонт яшчэ аднаго кабінета. У планах — яшчэ некалькі.
На адзін кабінет такім спосабам неабходна на матэрыялы каля 40 млн — з вокнамі, дзвярыма і астатнім. Акрамя таго, каля 100 млн пайшло на рамонт туалетаў. Гэтыя памяшканні таксама патрабавалі істотнага абнаўлення.
— Магчыма, некаторыя школы асвоілі і большыя сумы. Мы — тое, што рэальна маглі зрабіць, — адзначае спецыяліст. І дадае, што некаторыя работы па абнаўленні школы працягваюцца і сёння.
І ўжо зараз гэтыя ўкладанні даюць свой эфект: калі пачалі абнаўляць матэрыяльна-тэхнічную базу, стала больш навучэнцаў.
Галіна Яўгенаўна праводзіць па школе і паказвае кабінеты — як ужо адрамантаваныя, так і тыя, якія толькі чакаюць маштабных перамен. Паўсюль чыста і даволі ўтульна. Адрамантаваныя кабінеты, канечне ж, маюць больш сучасны і свежы выгляд, але і астатнія не палохаюць сваім станам: белыя, без аніякіх падцёкаў столі, пафарбаваныя і паклееныя сцены, акуратная мэбля. Выдаюць сталы ўзрост хіба што вокны — драўляныя, з некалькімі слаямі фарбы…
— Зразумела, калі б мы адразу памянялі ўсе вокны, школа адразу набыла б іншы выгляд. Аднак гэта быў бы толькі вонкавы эфект. На наш погляд, больш правільным будзе ўсё рабіць адразу. Калі для вонкавай карцінкі, то больш эфектна замяніць на тыя ж грошы, напрыклад, усе вокны. Але практычнага эфекту ад гэтага мала, ды і бюджэтныя сродкі расходуюцца неэканомна. Бо іншыя віды работ прыходзіцца праводзіць па некалькі разоў: тую ж тынкоўку і афарбоўку давядзецца праводзіць і пры замене вокнаў, і пры наступнай замене дзвярэй, і пры наступным абнаўленні сцен.
Таму сёння ў школе не гоняцца за знешнім эфектам, а найперш імкнуцца стварыць камфортныя ўмовы для навучання.
— Летась зімой на 2—3 паверхах было вельмі цёпла. На першым паверсе ў некаторых кабінетах — крыху халадней. Таму летам пачалі рамонт менавіта з іх. Калі мянялі вокны, зразумелі, чаму не трымалася цяпло: у сценах былі пустоты. Выправілі гэта, замянілі ўваходныя дзвярныя блокі — таксама гублялася цяпло. Спадзяёмся, гэта дапаможа сёлета.

* * *

Такі падрабязны будаўнічы “экскурс” тут невыпадковы: асабіста мяне ён пераканаў у тым, што школа з аптымізмам глядзіць у будучыню. Яна абнаўляецца знешне і змястоўна, набірае новых вучняў, развіваецца і ўдасканальваецца. Але варта прызнаць: далёка не ўсё ёй пад сілу. Сіламі калектыву ўстановы (а, магчыма, нават і раёна) наўрад ці вырашыцца пытанне рэканструкцыі закрытага крыла школы і тым больш будоўлі калісьці задуманай новай школы. Адзінае, што тут пад сілу ўстанове, — гэта хіба што паправіць агароджу на сталай будаўнічай пляцоўцы, абкасіць траву ды не дапускаць вучняў на гэтую тэрыторыю. Што, прынамсі, і робіцца ў апошнія гадоў дзесяць.
А між тым ва ўстанове сёння няма актавай залы, сталовая знаходзіцца ў падвальным памяшканні, а фізічнай культурай школьнікі займаюцца на трэцім паверсе будынка. Праўда, сёння там бегаюць і скачуць толькі малодшыя школьнікі, для старэйшых лепшым рашэннем палічылі арганізаваць заняткі ў суседнім фізкультурна-аздараўленчым цэнтры.
Пры такім раскладзе, пагадзіцеся, аднаўленне калісьці зачыненага крыла было б вельмі дарэчы не толькі з пункту гледжання навядзення парадку, але і арганізацыі якаснага адукацыйнага працэсу. Ды, зрэшты, і элементарнай бяспекі дзяцей.

Алена МАРКЕВІЧ.
Фота аўтара.