Урок бяспекі, ахова працы і экзамен для педагогаў

Для таго каб арганізацыя летняй аздараўленчай кампаніі прыносіла менш праблем не толькі педагогам, але і дзецям, паклапаціцца аб гэтым трэба загадзя. Безумоўна, адным з галоўных пытанняў у летніках з’яўляецца ахова працы работнікаў. Акрамя гэтага, начальнікі і арганізатары летнікаў павінны ведаць, да якіх дакументаў звяртацца, каб не дапусціць парушэнняў падчас функцыянавання летніх аздараўленчых устаноў. На што яшчэ варта звярнуць увагу і як у летніку засцерагчы дзяцей ад няшчасных выпадкаў, расказала галоўны тэхнічны інспектар працы ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Марына Леанідаўна ЛЯСУН.

— Марына Леанідаўна, вядома, што падчас арганізацыі летняй аздараўленчай кампаніі адказнасць за навучэнцаў трымаюць педагогі. Якім дакументам рэгламентуецца іх дзейнасць?
— Функцыянаванне аздараўленчых летнікаў рэгулюецца Палажэннем аб выхаваўча-аздараўленчай дзейнасці ва ўстановах адукацыі. Гэты дакумент быў зацверджаны пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 19.07.2011 № 89. Безумоўна, у канікулярны перыяд трэба больш пільна сачыць за дзецьмі, а таксама ўмацоўваць кантроль за выкананнем правіл бяспекі. І тут варта адзначыць галоўнае. Штогод Нацыянальны дзіцячы цэнтр “Зубраня” распрацоўвае метадычныя рэкамендацыі, якія тычацца арганізацыі летніх аздараўленчых кампаній. Так, вартай увагі з’яўляецца глава 4 “Аб арганізацыі работы па забеспячэнні бяспечных умоў знаходжання дзяцей у выхаваўча-аздараўленчай установе”. На аснове гэтага дакумента павінны дзейнічаць усе педагогі, начальнікі летнікаў. Пытанні аховы працы да выхаванцаў не маюць ніякага дачынення. А вось навучыць дзяцей патрабаванням бяспекі пры правядзенні разнастайных мерапрыемстваў у аздараўленчым лагеры, а таксама правілам паводзін мы абавязаны.

— Такім чынам, як навучыць дзяцей бяспецы?
— Для гэтага трэба праводзіць з дзецьмі ўрокі па мерах бяспекі. І гэта, між іншым, рабіць у любым выпадку неабходна. Правесці ўрок па бяспецы дастаткова ўсяго адзін раз. Згодна з метадычнымі рэкамендацыямі і праграмай мер бяспекі наконт правядзення мерапрыемстваў, размова з дзецьмі проста так закончыцца не павінна. Запіс аб тым, што з навучэнцамі быў праведзены адпаведны дыялог, неабходна рэгістраваць у спецыяльных дакументах, журналах. Настаўнік павінен расказаць дзецям пра правілы паводзін не толькі, напрыклад, на тэрыторыі лагера, але і на вадзе, а таксама ў месцах, куды плануецца арганізаваць экскурсіі. У многіх можа ўзнікнуць пытанне, як жа ў журнале рэгістраваць правядзенне ўрокаў бяспекі. Усё вельмі проста. Настаўнік, як і ў школьным журнале, складае спіс вучняў. І насупраць прозвішча кожнага навучэнца пазначае, праслухаў ён урок ці, наадварот, адсутнічаў у гэты момант. Прымушаць дзяцей распісвацца не мае сэнсу, таму што подпіс непаўналетніх не мае юрыдычнай сілы. А вось настаўнік павінен распісацца і такім чынам пацвердзіць, што ўрокі па бяспецы ён правёў. Увогуле, усё, што тычыцца дзяцей, іх бяспекі, павінна быць дакументальна зацверджана.

— Ці мае настаўнік права праводзіць апытанні сярод дзяцей, каб даведацца, наколькі поўна яны засвоілі інфармацыю?
— Так, выхавальнік мае на гэта права. Я нават магу сказаць, што гэта з’яўляецца неабходнай мерай. Па-першае, дзеці павінны разумець, наколькі важнымі з’яўляюцца падобныя мерапрыемствы. Па-другое, настаўнік, праводзячы апытанне, зможа ўбачыць, што дзеці добра засвоілі, а на якія моманты варта яшчэ раз звярнуць увагу. Безумоўна, тых дзяцей, якія адсутнічалі падчас правядзення ўрока, у пытаннях бяспекі ўсё роўна трэба пракансультаваць. Што тычыцца часу, у які лепш праводзіць урок, ідэальна, калі гэта будзе пачатак змены, калі большасць дзяцей ужо знаходзіцца ў лагеры. Увогуле, у кожным аздараўленчым лагеры дзейнічаюць свае правілы, і менавіта кіраўніцтва вырашае, якія мерапрыемствы і калі лепш праводзіць.

— Марына Леанідаўна, якімі нарматыўнымі прававымі актамі павінны валодаць педагогі для таго, каб правільна, бяспечна і без заканадаўчых парушэнняў правесці аздараўленчую кампанію?
— Згодна са штатным раскладам лагера, павінны быць распрацаваны службовыя інструкцыі для кіраўнікоў і спецыялістаў з унясенем у іх службовых абавязкаў па ахове працы. З гэтымі дакументамі ўсе супрацоўнікі лагера павінны азнаёміцца пад подпіс. Дарэчы, кіраўнікі і спецыялісты лагера (дырэктар, выхавальнікі, педагог-псіхолаг і іншыя) пры іх назначэнні на пасаду (а з-за спецыфікі работы ім неабходна валодаць дадатковымі ведамі па ахове працы) праходзяць навучанне і пазачарговую праверку ведаў па пытаннях аховы працы ў камісіі заснавальніка гэтай выхаваўча-аздараўленчай установы (інструкцыя № 175). Пры гэтым пералік пытанняў для ўказанай праверкі павінен быць састаўлены з улікам спецыфікі тых мерапрыемстваў, якія праводзяцца з дзецьмі: экскурсій, паходаў, спартыўных мерапрыемстваў і інш. Дарэчы, накіраванне ў лагеры як з дзённым, так і з кругласутачным знаходжаннем дзяцей у якасці выхавальнікаў педагогаў устаноў адукацыі таксама з’яўляецца важнай і актуальнай праблемай. Хочацца заўважыць, што, акрамя сваіх асноўных абавязкаў, выхавальнік павінен умець правільна арганізаваць турыстычны паход, экскурсію, купанне ў вадаёме.

— Немалаважнай з’явай, пра якую варта гаварыць, з’яўляюцца смяротныя выпадкі з удзелам навучэнцаў. Хто вінаваты ў гэтых здарэннях: выхавальнікі, якія не правялі ўрок па бяспецы, ці самі дзеці, якія не паслухаліся?
— Усе смяротныя выпадкі, якія здараюцца з удзелам дзяцей, атрымліваюць шырокі рэзананс. І гаварыць пра такія здарэнні варта, таму што гібель дзяцей падчас арганізацыі аздараўленчага працэсу — гэта недапушчальна.
У нас існуе Інструкцыя № 35А “Аб арганізацыі ўдзелу навучэнцаў устаноў адукацыі ў турыстычных паходах і экскурсіях”. Гэты дакумент быў распрацаваны яшчэ ў 2007 годзе. Безумоўна, з улікам новых патрабаванняў было б не лішнім яго перапрацаваць. Напрыклад, у дакуменце пра тое, што павінны рабіць педагогі, як яны павінны арганізоўваць дзейнасць палатачнага лагера, не сказана ні слова.
Выпадак, падчас якога ў палатачным лагеры загінуў хлопчык, адбыўся ў Салігорскім раёне. Гэта быў першы дзень змены. Тады ў лагер прыехалі адпачываць 20 навучэнцаў. Як толькі лагер быў разбіты, пачалася навальніца. Маленькіх дзяцей, якія скончылі 6 клас, пасадзілі ў машыну. Старшакласнікі, а таксама выхавальнікі засталіся ў сваіх палатках. Пасля чарговага ўдару грому адна з выхавальнікаў выйшла на вуліцу, каб праверыць, ці ўсё ў парадку з дзецьмі. Адна з палатак была парванай. Калі выхавальніца зайшла ў яе, хлопчык ляжаў на зямлі. Безумоўна, на месца здарэння тут жа прыехала хуткая рэанімацыйная дапамога. Але падлетка ўрачы выратаваць не змаглі: яго больш за ўсіх ударыла атмасферным токам. Пасля гэтага выпадку дзяўчынка, якая таксама знаходзілася ў палатцы, вельмі доўга не размаўляла. Зразумела, у яе быў шок, таму што на вачах загінуў аднакласнік. Дарэчы, расследаванне, якое было накіравана на вызначэнне прычын трагедыі, цягнулася вельмі доўга. На месца здарэння выязджала спецыяльная камісія, якая правярала, наколькі бяспечным з’яўляецца месца, дзе быў разбіты лагер. Замяралі і адлегласць, на якой стаяць палаткі адна ад адной, а таксама на якой адлегласці яны знаходзяцца ад дрэў. У выніку камісія зрабіла заключэнне, што ва ўсім вінавата стыхія. Пасля інжынер па ахове працы паведаміў, што дзеці расказалі, што бачылі, як да іх у палатку заляцела шаравая маланка. Менавіта ад яе вучні і атрымалі апёкі рознай ступені цяжкасці. Дарэчы, непадалёк таго месца, дзе была ўстаноўлена палатка, расце сасна. Па заключэннях экспертаў, разрад маланкі поўнасцю пашкодзіў кару дрэва, а пасля скрозь сырую зямлю пранік у палатку да дзяцей.

— Тым не менш часцей за ўсё можна пачуць, што значны працэнт гібелі дзяцей звязаны з так званым чалавечым фактарам, недаглядам з боку дарослых.
— Так і ёсць. На жаль, колькі б мы ні гаварылі, што з дзецьмі трэба праводзіць урокі па бяспецы, робіцца гэта не заўсёды. І будзе вельмі добра, калі ў нас з’явяцца інструкцыі, пры дапамозе якіх можна расказаць, як вучні павінны паводзіць сябе падчас экскурсій, купання. Дарэчы, як паказвае статыстыка, часцей за ўсё дзеці гінуць менавіта падчас купання. Так, у аквапарку ў Пружанах патануў 10-гадовы хлопчык, які не ўмеў плаваць. І тут узнікае шмат пытанняў да выхавальнікаў, якія дазволілі гэтаму дзіцяці знаходзіцца ў вадзе. Дарослыя ж ведалі, што гэты хлопчык не ўмее плаваць. І калі яны дазволілі свайму выхаванцу залезці ў ваду, значыць, адзін з выхавальнікаў павінен быў знаходзіцца побач. Самае страшнае, што ніхто не заўважыў, як хлопчык знік. А ён, між іншым, вельмі доўга цялёпкаўся ў міні-басейне. Усе апамяталіся толькі тады, калі цела ўжо ўсплыло на паверхню. Пасля таго як хлопчыка дасталі з вады, ён яшчэ некалькі хвілін быў жывы. Але выхавальнікі пачалі рабіць яму штучную вентыляцыю лёгкіх, чаго пры ўтапленнях ні ў якім разе рабіць нельга.
Ведаючы гэтую сітуацыю, важна адказаць на пытанне, ці варта было вучняў везці ў аквапарк. Няўжо на тэрыторыі лагера не знайшлося месца, дзе можна пагуляць з дзецьмі? А калі так, значыць, трэба было правесці інструктаж аб паводзінах на вадзе не толькі з дзецьмі. Кіраўніцтва лагера павінна было праверыць, наколькі выхавальнікі валодаюць асновамі бяспечных паводзін на вадзе. Не менш важным з’яўляюцца веды аб аказанні першай дапамогі пры ўтапленнях. Выхавальнікі павінны ведаць, як аблегчыць стан дзіцяці, якому ў дыхальныя шляхі трапіла вада.
Яшчэ адно здарэнне, на якое варта звярнуць увагу, — смерць хлопчыка ў аздараўленчым лагеры ў Радашковічах. Дарэчы, падчас змены ў лагеры знаходзіліся дзеці, чые бацькі працуюць на адным з мінскіх заводаў, а таксама дзеці з дзетдома.
У той дзень выхавальнікі падрыхтавалі спартыўнае свята, у якім прымала ўдзел большасць дзяцей. Пяцёра сяброў — усе яны былі дзетдомаўскімі — у спартландыі задзейнічаны не былі, таму засталіся ў якасці балельшчыкаў. Убачыўшы, што на іх ніхто не звяртае ўвагі, хлопчыкі пералезлі праз агароджу і збеглі ў лес. Дайшоўшы да вадасховішча, сябры вырашылі паныраць з дамбы.
Першым скокнуў Міша, услед за ім нырнуў пад ваду і Косця, але назад хлопчык не вынырнуў.
Даставалі Косцю з вадасховішча мясцовыя рыбакі. Дарэчы, агледзеўшы цела тапельца, ратавальнікі спыталі ў Мішы (менавіта ён адначасова з Косцем знаходзіўся ў вадзе), адкуль на руцэ ў Косці сляды зубоў. Як аказалася, хлопчык хацеў выратаваць сябра і нават нырнуў за ім пад ваду, калі заўважыў, што Косця доўга не паказваецца на паверхні. Калі Міша даплыў да Косці, апошні схапіў сябра за нагу і хлопцы разам сталі апускацца на дно. Ад боязі, што таксама можа патануць, Міша ўкусіў Косцю за руку.
Безумоўна, вінаваціць Мішу не мае сэнсу, таму што ў яго спрацаваў інстынкт самазахавання. Ён не змог бы выплыць на паверхню, калі за яго нагу трымаўся Косця. Пытанне тут у іншым: чаму ніхто з выхавальнікаў не заўважыў, што з тэрыторыі лагера зніклі дзеці? Тым не менш ва ўзбуджэнні крымінальнай справы было адмоўлена. Такім чынам, для таго, каб пазбегнуць выпадкаў, звязаных з гібеллю дзяцей у летніках, патрэбна прыкласці шмат намаганняў. І самае першае, з чаго варта пачаць, — гэта аднаўленне і дапаўненне неабходнымі пунктамі пастаноў і дакументаў, на аснове якіх арганізоўваюцца аздараўленчыя кампаніі.

Наталля ДУБІК.
Фота аўтара.