“5 дзён лагераў”, ці Як прыцягнуць педагогаў на работу ў летніку?

Днямі давялося быць сведкай адной размовы. Знаёмыя педагогі абмяркоўвалі будучы адпачынак — якая тэма можа быць больш актуальнай напрыканцы вясны? Планы, надзеі, мары… І — “пяць дзён лагераў”. Менавіта так між сабой педагогі называюць абавязак адпрацаваць пяць дзён у прышкольным летніку. Не вельмі прыемныя асацыяцыі гэтага выразу тут зусім невыпадковыя: штогод жадаючых працаваць у прышкольным летніку ўстановы, мякка кажучы, няшмат, таму дырэктар установы, як кажуць, у добраахвотна-прымусовым парадку накіроўвае на пэўную колькасць дзён для работы ў лагеры практычна ўсіх членаў педагагічнага калектыву. Тыя, зразумела, загад выконваюць, але ўсё ж задаюцца пытаннем: “А ці мае права дырэктар накіроўваць мяне працаваць у аздараўленчы лагер?”

У рамках службовых абавязкаў

Адрас установы, напэўна, тут будзе лішнім. Мой асабісты вопыт работы з тэмай аздараўлення сведчыць: падобныя пытанні ма юць месца ў вельмі многіх школах. Пакінем за дужкамі пытанне эфектыўнасці такога падыходу (хоць, шчыра кажучы, наўрад ці змяняльны кожныя пару дзён педагагічны калектыў лагера здольны забяспечыць правядзенне цэласнай ідэйнай змены, хутчэй, гэта будзе проста догляд і набор пэўных мерапрыемстваў) і спынімся на іншым: якія заканадаўчыя падставы ёсць для такіх рашэнняў? Пытанне важкае, паколькі работа настаўніка ў аздараўленчым лагеры мае на ўвазе работу на іншай пасадзе — выхавальніка. А гэта — іншыя абавязкі і іншая адказнасць.
Зрэшты, як неаднаразова падкрэслівалі ў галоўным адукацыйным ведамстве, кожны настаўнік першапачаткова працуе не толькі на асваенне вучэбнай праграмы, але і выконвае пэўныя выхаваўчыя задачы. Гэта адлюстравана ў службовых інструкцыях педагога. Таму і работа ў аздараўленчым лагеры не пярэчыць яго службовым абавязкам. Як правіла, да гэтай работы прыцягваюцца педагогі ў іх працоўны час. Адзінае — гэта павінна быць адлюстравана ў загадзе кіраўніка ўстановы — заснавальніка лагера.
— Пасля стварэння лагера пры школе загадам кіраўніка вызначаюцца тыя настаўнікі, якія будуць працаваць выхавальнікамі ў лагеры, — тлумачыць кансультант аддзела працоўнага заканадаўства Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццяна Валер’еўна Рахуба. — Гэта можа быць аформлена як перавод згодна з артыкулам 33 Працоўнага кодэкса (часовы перавод у сувязі з вытворчай неабходнасцю). Тэрмін такога пераводу не можа быць больш за адзін месяц, згода работніка пры гэтым не патрабуецца.
У гэтым выпадку адказ на пытанне: “А ці мае права дырэктар накіроўваць мяне працаваць у аздараўленчы лагер?” — сцвярджальны. Пры гэтым, згодна з працоўным заканадаўствам, аплата працы педагогаў, якія працуюць у прышкольным аздараўленчым лагеры, праводзіцца па той рабоце, якая выконваецца, але не ніжэй за сярэднюю аплату працы па асноўным месцы працы.

Выбар нормы Працоўнага кодэкса — за наймальнікам

Іншая справа, калі гаворка ідзе пра кругласутачныя аздараўленчыя лагеры з зацверджаным штатным раскладам.
У рамках дзеючага працоўнага заканадаўства існуюць пэўныя нормы, якія могуць быць прыменены пры накіраванні педагагічных работнікаў у кругласутачныя аздараўленчыя лагеры.
— У рамках узаемадзеяння з міністэрствамі аховы здароўя, адукацыі мы прапаноўваем наступныя варыянты афармлення на 2014 год працоўных адносін з медыцынскімі і педагагічнымі работнікамі. Гэта можа быць прыём работнікаў у дзіцячы лагер на работу па тэрміновым працоўным дагаворы на перыяд летняй аздараўленчай кампаніі на асноўнае месца працы з афармленнем працоўных адносін у адпаведнасці з заканадаўствам аб працы, — расказвае Т.В.Рахуба. — Другі шлях — прыём работнікаў, якія маюць асноўнае месца працы і будуць выконваць работу ў вольны ад асноўнай працы час на ўмовах тэрміновага працоўнага дагавора па сумяшчальніцтве. У нас ёсць асобная глава ў Працоўным кодэксе, якая рэгулюе пытанні працаўладкавання сумяшчальнікаў, дзе ёсць абмежаванні па норме гадзін — не больш за палову месячнай нормы. У гэтым выпадку таксама патрабуецца заключэнне асобнага працоўнага дагавора, дзе прапісваецца сумяшчальніцтва, рэжым работы — у адносінах да сумяшчальнікаў патрабуецца прапісваць канкрэтную працягласць рабочага часу або графік работ, зменнасць.
Калі ж гаворка ідзе пра накіраванне работнікаў для работы ў загарадным аздараўленчым лагеры ў працоўны час, то тут таксама можа быць прыменены артыкул 33 Працоўнага кодэкса, але з агаворкай, што гэта перавод да другога наймальніка, тлумачыць спецыяліст. Такі перавод ажыццяўляецца, як правіла, у іншую мясцовасць (лагер за межамі населенага пункта, дзе знаходзіцца наймальнік), таму ў гэтым выпадку абавязкова патрабуецца згода работніка на такі перавод.
Увогуле ж варта адзначыць, што працоўнае заканадаўства спецыяльна не рэгулюе пытанні накіравання педагагічных работнікаў у аздараўленчыя арганізацыі. Зараз дзейнічае пастанова Савета Міністраў № 662, якая мае на ўвазе, што Міністэрства аховы здароўя арганізоўвае работу па падборы медыцынскіх работнікаў выхаваўча-аздараўленчых арганізацый, Міністэрства адукацыі — па прыцягненні педагагічных работнікаў. Але рэальны механізм накіравання спецыялістаў для работы ў лагеры не прапісаны. Да таго ж у мінулым годзе была адменена пастанова Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 9 мая 2000 года № 71 “Аб аплаце працы медыцынскіх і педагагічных работнікаў арганізацый, што фінансуюцца з бюджэту, якія выязджаюць для работы з навучэнцамі, выхаванцамі ў месцы аздараўлення”. У выніку на месцах узнікалі пытанні не толькі па накіраванні работнікаў у лагеры, але і па парадку аплаты іх працы.
— У адпаведнасці з палажэннем аб выхаваўча-аздараўленчай установе, зацверджаным пастановай Міністэрства адукацыі № 89, правы і абавязкі педагагічных і іншых работнікаў выхаваўча-аздараўленчай установы, умоў іх працы вызначаюцца Кодэксам аб адукацыі і заканадаўствам аб працы, іншымі актамі заканадаўства, калектыўнымі дагаворамі, правіламі ўнутранага працоўнага распарадку, працоўнымі ці грамадзянска-прававымі дагаворамі, службовымі інструкцыямі, — расказвае Таццяна Валер’еўна Рахуба. — Да гэтага года механізм накіравання медыцынскіх і педагагічных работнікаў быў наступны. Прымяняліся розныя нормы заканадаўства аб працы: перамяшчэнне, часовы перавод у сувязі з вытворчай неабходнасцю, накіраванне ў службовую камандзіроўку, калі дзіцячы аздараўленчы лагер з’яўляўся структурным падраздзяленнем арганізацыі, даручэнне работы ў іншага наймальніка ці ў іншай мясцовасці. Выбар нормы Працоўнага кодэкса вызначаўся наймальнікам з улікам канкрэтнай сітуацыі. Пры гэтым пытанні, якія не ўрэгуляваны адпаведнымі артыкуламі Працоўнага кодэкса, у асобных выпадках рэгуляваліся двухбаковымі дагаворамі паміж арганізацыямі па аздараўленні і той, якая накіроўвала работнікаў у перыяд летняй аздараўленчай кампаніі.
Аднак спецыяліст пагаджаецца, што адзначаныя варыянты не вырашаюць шматлікіх праблем у гэтай сферы.
— Пэўныя праблемы сапраўды мелі месца. Найперш па прычыне таго, што гэтая катэгорыя работнікаў кругласутачна знаходзіцца ў лагерах, — працягвае Таццяна Валер’еўна,— таму па выніках аналізу мінулай аздараўленчай кампаніі ў рамках пратакола даручэнняў Савета Міністраў Міністэрству працы і сацыяльнай абароны сумесна з міністэрствамі фінансаў, адукацыі, аховы здароўя было даручана дадаткова прапрацаваць пытанне аб афармленні працоўных адносін, устанаўленні кваліфікацыйных катэгорый, аплаце працы і камандзіраванні медыцынскіх, педагагічных і іншых работнікаў, якія накіроўваюцца ў дзіцячыя аздараўленчыя лагеры. Гэтая работа была праведзена, і ўжо распрацаваны праект пастановы Міністэрства адукацыі аб парадку накіравання педагагічных работнікаў у аздараўленчыя лагеры.
Прыняцце такога дакумента магчыма на аснове норм Працоўнага кодэкса — артыкула 319, якім дазваляецца адпаведным рэспубліканскім органам прымяняць асобныя нарматыўныя акты, якія рэгулююць асаблівасці працы работнікаў той ці іншай галіны. Гэты дакумент, пры яго прыняцці, павінен зняць набалелыя пытанні ў гэтай сферы.

Алена МАРКЕВІЧ.