Конкурс — 3-4 чалавекі на месца

Міжнародныя лінгвістычныя лагеры ў сённяшнім інтэрнацыянальным свеце — справа надзвычай папулярная. Яно і нядзіўна. У плане развіцця вуснага маўлення тыдзень-два ў такім летніку часам даюць значна больш, чым месяцы заняткаў у аўдыторыі. Сёння і Беларусь далучылася да гэтага руху: такі напрамак пры арганізацыі аздараўлення імкнуцца развіваць многія — дзяржаўныя ўстановы і грамадскія арганізацыі. Аднак ці заўсёды ўдаецца дасягнуць жаданага выніку? Што забяспечвае паспяховасць дзейнасці лінгвістычнага лагера? Якія прынцыпы неабходна захоўваць, каб дасягнуць галоўнага выніку такіх профільных лагераў — развіцця вуснага маўлення школьнікаў на замежнай мове? Пра ўсё гэта мы запыталі ў старшыні Рэспубліканскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА” Дзмітрыя Юр’евіча СУБЦЭЛЬНАГА.
У гэтай арганізацыі назапашаны багаты вопыт стварэння профільных лінгвістычных змен,
які засноўваецца на міжнароднай практыцы. Першы ж такі лагер асацыяцыяй быў арганізаваны яшчэ ў далёкім 1998 годзе.

— Дзмітрый Юр’евіч, вашаму праекту па стварэнні профільных лінгвістычных лагераў 15 гадоў. З чаго пачыналася гэтая дзейнасць?
— У Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА чатыры асноўныя праграмы дзейнасці: нефармальная адукацыя, культура свету, інфармацыі і камунікацыі і здаровы лад жыцця. Першая праграма — нефармальная адукацыя — гэта ўсё, што мы арганізоўваем для школьнікаў, маладых людзей, дарослых, пажылых для атрымання імі новых навыкаў, ведаў. Гэта абсалютна розныя праекты і праграмы. Адна з іх — “Масты адукацыі”. Гэта серыя лінгвістычных дзіцячых лагераў па развіцці размоўнай замежнай мовы. Праграма дзейнічае з 1998 года. Пачыналі мы гэтую дзейнасць са стварэння лагераў толькі па размоўнай англійскай мове — усё ж такі гэта самая запатрабаваная і распаўсюджаная мова. А тры гады назад разам з нашымі партнёрамі — найперш з Пасольствам Кітайскай Народнай Рэспублікі, Пасольствам Францыі, іншымі арганізацыямі — пачалі праводзіць лагеры па іншых мовах, якія ў Беларусі вывучаюцца, але для практыкі якіх магчымасцей мала — кітайскай, французскай, нямецкай. Пагадзіцеся, не ўсе ў наш час могуць выязджаць за мяжу, удзельнічаць у абменах. Але ж без практыкі, без размоўнага вопыту складана вучыць замежную мову. Таму кожны год спрабуем право-дзіць лагеры па іншых мовах, але рэалізацыя ідэі залежыць ад таго, наколькі ў гэтым ёсць патрэба, наколькі бацькі і школьнікі зацікаўлены ў развіцці той ці іншай мовы.

— А школьнікаў не палохае сама назва — профільны лінгвістычны лагер? Адразу ўзнікаюць асацыяцыі з вучобай, заняткамі, пра якія так хочацца забыцца ў летні час…
— Наш вопыт сведчыць, што сучасныя школьнікі разумеюць карысць такіх лагераў і зацікаўлены ў іх дзейнасці. Пра гэта сведчыць хаця б той факт, што ў лагеры па англійскай мове конкурс складае ў сярэднім 3-4 чалавекі на месца.

— А як праводзіцца набор дзяцей у летнікі?
— Гэта адмысловая працэдура, ад якасці правядзення якой у далейшым залежыць і якасць правядзення самой змены. Адбор дзяцей у лагер пачынаецца задоўга да змены. На гэтым этапе важна вызначыць, на якім узроўні кандыдаты да ўдзелу ў летніку валодаюць вуснай замежнай мовай. Адначасова вядзецца адбор удзельнікаў для некалькіх змен: на пачатковы размоўны ўзровень і больш прасунуты. Таму на гэтай стадыі нашы дырэктары, педагогі маюць зносіны з падлеткамі метадам аўдзіравання ці па скайпе, па тэлефоне, высвятляючы, як навучэнцы валодаюць замежнай мовай — не якія балы ў іх у школе, не як яны перакладаюць ці чытаюць, а менавіта як размаўляюць. Далей з тымі, хто прайшоў конкурс, на пачатку змены ў лагеры праводзіцца тэсціраванне па спецыяльна распрацаваных методыках, задача якога — размеркаваць дзяцей па міні-групах у залежнасці ад узроўню валодання мовай. Напрыклад, калі лагер арганізоўваецца на 100 дзяцей, то ў ім адпаведна будзе 10 маленькіх груп. І ўзровень размоўнай мовы ў кожнай свой — больш слабы ці больш моцны.

— Такім чынам, першапачаткова павінна быць зацікаўленасць самога дзіцяці ў тым, каб трапіць у лінгвістычны лагер?
— Так, асабістая матывацыя на ўдзел у лагеры — абавязковая. Без гэтага няма сэнсу наогул праводзіць такія змены. У нас распрацаваны электронныя анкеты, яны знаходзяцца ў анлайне. Кожны прэтэндэнт на ўдзел у лагеры абавязаны запоўніць іх. У анкетах ёсць некалькі пытанняў па матывацыі. Гэта вельмі важны момант. Матывуючы сваё жаданне ўдзельнічаць у змене, дзіця павінна не толькі сказаць, што, напрыклад, жадае вывучыць англійскую мову ці цікава адпачыць. Для нас важна бачыць, які ўклад можа школьнік унесці ў дзейнасць лагера. Бо толькі пры актыўным удзеле ў праграме лагера можна развіваць вусную замежную мову.
Увогуле, профільныя моўныя летнікі — гэта хутчэй зносіны, чым вучоба. Гэта інтэрактыўныя заняткі, якія кардынальным чынам адрозніваюцца ад таго, што адбываецца ў школе. Галоўная мэта такіх профільных лінгвістычных лагераў — стварыць умовы школьнікам для таго, каб яны вольна маглі размаўляць на замежнай мове, каб яны не баяліся гаварыць на замежнай мове, нават калі чагосьці не ведаюць. Мы спецыяльна не вучым лексіцы, не вучым чытаць і пісаць, а вучым гаварыць. Педагогі складаюць праграму такім чынам, каб падлеткі маглі максімальна, 24 гадзіны ў суткі выкарыстоўваць замежную мову, слухаць яе і тым самым вучыцца размаўляць.

— Як можна арганізаваць такое асяроддзе?
— Адзін з галоўных момантаў — работа ў лагеры разам з айчыннымі спецыялістамі носьбітаў мовы. У тым ліку з іх дапамогай праграма лагера будуецца такім чынам, каб замежная мова выкарыстоўвалася на кожным этапе дзейнасці. Прыязджаючы ў лагер, дзеці падпісваюць пагадненне, што яны абавязаны размаўляць на замежнай мове 24 гадзіны ў суткі. Гэтак жа, як і педагогі, што ў далейшым адсочваецца адміністрацыяй, бо гэта адна з асноўных умоў — дзеці павінны поўнасцю паглыбляцца ў моўнае асяроддзе, павінны гаварыць у меру сваіх сіл і шмат слухаць.
У далейшым штодзённая праграма працуе на выкананне гэтых задач. Так, у першай палове дня праходзяць заняткі дзяцей з носьбітамі замежнай мовы. Гэтыя заняткі, зразумела, не падобныя на школьныя. Інтэрактыў, актыў — іх галоўная рыса. У кожную групу штодзень прыходзіць новы педагог, каб дзеці маглі атрымліваць для сябе новы вопыт.
Пасля абеду — наступны блок — творчасць, калі ў атрадах, малых групах прадумваюць культурныя мерапрыемствы. Зноў-такі — толькі на замежнай мове. Нават спартыўныя мерапрыемствы — эстафеты, камандныя гульні — праводзяцца на замежнай мове. Вялікія агульналагерныя вячэрнія мерапрыемствы — конкурсы, прагляды кіно, вечарыны — таксама. І, нарэшце, адзін з асноўных момантаў, які прымушае дзяцей думаць, аналізаваць, супастаўляць, ацэньваць, — гэта штодзённая рэфлексія, калі кожнае дзіця на замежнай мове расказвае, што яно адчувае, што з ім адбылося, чаго дасягнула за дзень, якія поспехі былі.
Так і забяспечваецца кругласутачнае паглыбленне ў іншамоўнае асяроддзе.

— Вы сказалі пра тое, што адна з галоўных умоў — работа ў лагеры носьбітаў мовы. А якія яшчэ патрабаванні прад’яўляюцца да педагогаў, як айчынных, так і замежных, якія працуюць у гэтых лагерах?
— Вельмі важны ў лагеры, дзе ставіцца мэта развіцця вуснай мовы, псіхалагічны камфорт. Таму ўвесь персанал — пачынаючы ад дырэктара і заканчваючы беларускімі выкладчыкамі і носьбітамі мовы з замежных краін — выбіраецца па асноўных прынцыпах: дружалюбнасць, камунікабельнасць, дэмакратычнасць. Каб дзеці пачалі размаўляць на замежнай мове, яны павінны адчуваць сябе вольна і ўпэўнена. Менавіта таму ніхто ў лагеры не гаворыць ім, правільна ці не яны выказваюцца. Дзеці павінны проста слухаць і выкарыстоўваць веды, якія атрымалі ў школе. Таму выкладчыкі імкнуцца максімальна выкарыстоўваць трэнінгі, практыкаванні, праводзіць сумесныя мерапрыемствы, проста размовы, каб у калектыве фарміраваліся дружалюбныя, даверлівыя адносіны.

— А якія суадносіны айчынных спецыялістаў і носьбітаў замежнай мовы, на ваш погляд, найбольш аптымальныя ў такіх лагерах?
— Аптымальны склад вызначаем па замежных педагогах. На групу з 8—10 чалавек дастаткова аднаго носьбіта мовы. У адносінах да айчынных педагогаў, гэта звычайна адзін педагог ці выхавальнік на 20—25 дзяцей.
Беларускіх спецыялістаў мы запрашаем мэтанакіравана з устаноў вышэйшай адукацыі. Пры гэтым вялікую ўвагу звяртаем не толькі на ўзровень валодання замежнай мовай — ён павінен быць самым высокім, але і на матывацыю дарослых да ўдзелу ў лагеры. Як правіла, усе нашы педагогі — маладыя людзі, часта яшчэ студэнты. Толькі адны зносіны з імі прыносяць дзецям задавальненне. Гэта новыя знаёмствы, веды аб розных краінах з першых вуснаў. Так, у лагерах англійскай мовы прымаюць удзел педагогі практычна з усіх краін Еўропы.

— Дзмітрый Юр’евіч, відавочна, што стварэнне і дзейнасць такіх лагераў — справа вельмі няпростая. На ваш погляд, ці магчыма арганізаваць такія эфектыўныя лагеры на мясцовым узроўні?
— Правядзенне міжнароднага лінгвістычнага лагера — гэта вельмі складаны працэс. Падрыхтоўка ідзе практычна ўвесь год. Гэта звязана і з пошукам і адборам носьбітаў мовы, з выбарам базы, распрацоўкай праграмы, арганізацыйнымі, тэхнічнымі момантамі. У нашым разуменні ёсць тры асноўныя крытэрыі для лагера размоўнай мовы. Першы — самы галоўны — гэта носьбіты мовы, бо ніводны беларускі педагог, нават з выдатным валоданнем мовай, не заменіць іх. Пры гэтым носьбітаў мы запрашаем маладых, актыўных, камунікабельных — тых, з кім школьнікам будзе цікава, весела, з кім яны могуць разняволіцца і пачаць гаварыць на мове. Другі крытэрый — інтэрактыўныя метады навучання. З гэтым беларускія педагогі, безумоўна, могуць справіцца — здольных, крэатыўных педагогаў, якія валодаюць гэтымі методыкамі, у нас шмат. Трэцяя, не менш важная ўмова, — ізаляванае асяроддзе. Каб 24 гадзіны ў суткі гучала замежная мова, каб дзеці былі ў яе паглыблены, гэта павінна быць асобная база. Калі на занятках будзе гучаць замежная мова, а на спаборніцтвах ці іншых мерапрыемствах — родная, эфекту не будзе.
Пры захаванні гэтых умоў і магчыма правядзенне эфектыўнай змены па развіцці вуснай замежнай мовы.

— Падаецца, што самым складаным для рэгіёнаў можа стаць запрашэнне да работы ў лагеры носьбітаў мовы…
— Так, гэта адзін з самых складаных момантаў. Трэба мець трывалыя партнёрскія сувязі з замежнымі спецыялістамі, мець шырокую сетку кантактаў, працаваць з сацыяльнымі сеткамі. Гэта няпроста. Думаю, пэўную дапамогу ў гэтым сапраўды зацікаўленым у стварэнні лінгвістычных лагераў можа аказаць і наша арганізацыя. Адзінае, такую работу трэба пачынаць як мінімум за год.

Алена МАРКЕВІЧ.