Што выбіраюць выпускнікі

Педагагічных кадраў не хапае сёння многім установам адукацыі, школам і дзіцячым садкам. Як жа кіраўнікі гэтых устаноў, супрацоўнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму заахвочваюць маладых спецыялістаў, робяць так, каб яшчэ да стадыі размеркавання зацікавіць будучых выпускнікоў работай менавіта ў сваёй установе адукацыі? Многія пачынаюць работу ў гэтым кірунку яшчэ на папярэднім размеркаванні студэнтаў-старшакурснікаў ці нават да яго. 

Прыехаць, паказаць, зацікавіць

Са шматлікіх размоў з выпускнікамі педагагічных устаноў адукацыі ведаю, што ўмовы пражывання для іх часцей за ўсё галоўны фактар пры рашэнні паехаць па размеркаванні ва ўстанову адукацыі. Застацца працаваць у ёй на доўгі час іх можа падахвоціць магчымасць набыць або пабудаваць сваю кватэру. Узгадваю, напрыклад, хлопца з Бярэзіншчыны, які пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка паехаў за жонкай, таксама педагогам, у адзін з райцэнтраў Гомельскай вобласці. І яму, і жонцы горад спадабаўся, работа задавальняла, а сказаў ён так: “Будзе жыллё, мы, канечне, тут застанёмся”. Маладая сям’я звярнулася па гэтым пытанні ў райвыканкам, дзе ім абяцалі дапамагчы. Тое ж гаварылі і маладыя педагогі, з якімі я сустракалася на пачатку навучальнага года ў аграгарадку Сарачы Любанскага раёна Мінскай вобласці.
А яшчэ вельмі важную ролю ў заахвочванні маладых спецыялістаў адыгрываюць непасрэдныя зносіны са студэнтамі кіраўнікоў навучальных устаноў. Паказаць, расказаць, зацікавіць, запрасіць на азнаямленне з будучым месцам пражывання і работы — гэта, мне здаецца, азбука сённяшняй работы па вырашэнні кадравай праблемы.
— Такая практыка, як знаёмства заказчыкаў кадраў са студэнтамі, існуе ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце даволі даўно, — гаворыць першы прарэктар установы Таццяна Раманаўна Якубовіч. — Кіраўнікі ўстаноў адукацыі з раёнаў прыязджаюць яшчэ нават да папярэдняга размеркавання і потым на само размеркаванне. Глядзяць і на балы, і на тое, як сябе паводзіць студэнт, які ён чалавек. У нас па педагагічных спецыяльнасцях заўсёды стапрацэнтнае размеркаванне, бывае, нават застаюцца незадаволеныя запыты, і мы прапаноўваем гэтыя месцы студэнтам-платнікам, некаторыя з іх ідуць на прапанаваныя месцы.
У БарДУ існуе, напрыклад, такі папулярны факультэт, як факультэт славянскіх і германскіх моў. Выкладчыкі замежных моў патрэбны ўсім і заўсёды. Дэкан факультэта Наталля Мікалаеўна Круглякова кажа, што прысутнасць прадстаўнікоў аддзелаў адукацыі, школ на папярэднім і канчатковым размеркаванні — самы эфектыўны спосаб заахвоціць будучых маладых спецыялістаў. Падбіраць маладыя кадры на гэты факультэт пастаянна прыязджаюць, напрыклад, прадстаўнікі Гродзенскай (Дзятлаўскага, Ашмянскага, Астравецкага, Свіслацкага і іншых раёнаў) і Мінскай абласцей (Капыльскага, Салігорскага, Клецкага, іншых раёнаў), некаторыя прывозяць відэапрэзентацыі сваіх населеных пунктаў, устаноў. Так, два ці тры апошнія гады выпускнікі факультэта славянскіх і германскіх моў ехалі ў гарадскі пасёлак Свіслач Гродзенскай вобласці. Відаць, прапанаваныя ўмовы падабаліся.
— Студэнтаў цікавяць умовы пражывання, транспарт, матэрыяльнае заахвочванне, — расказвае Наталля Мікалаеўна. — Так, будучыя выпускнікі даведваюцца, што ў суседняй вобласці маладым спецыялістам даплачваюць крыху больш, і, адпаведна, робяць выбар на яе карысць. Многія едуць ва ўстановы адукацыі, чые прадстаўнікі прыязджалі да нас, на месцы знаёмяцца з умовамі будучай работы. І часта вяртаюцца з заяўкамі на размеркаванне менавіта ў гэтыя ўстановы.
Наталля Мікалаеўна Круглякова шчыра кажа, што зацікавіць гараджаніна, няхай сабе і з невялікага райцэнтра, работай у вёсцы даволі цяжка. Але і прыкладаў таго, як школы ў аграгарадках прывабліваюць выпускнікоў пэўнымі сацыяльнымі прэферэнцыямі, нямала. А яшчэ даводзілася чуць ад старшакурснікаў педагагічных спецыяльнасцей, што для іх немалое значэнне мае атмасфера ў калектыве, таму, канечне, важную ролю адыгрывае практыка падчас вучобы, яна таксама ўплывае на размеркаванне.
Жаданне моладзі паехаць па размеркаванні туды, дзе лепшыя ўмовы і дзе няхай і ненамнога, але больш плацяць, зразумелае. Але ўсё ж не варта абвінавачваць іх у нейкай залішняй меркантыльнасці. Будучы педагог, паступаючы на бюджэтнае аддзяленне, наўрад ці разлічвае на высокую зарплату і ідэальныя ўмовы. Дастаткова, каб яны былі проста прыстойнымі. А тое, ці замацуецца малады спецыяліст на першым месцы работы пасля размеркавання, — ужо іншая гісторыя.
Дэкан факультэта педагогікі і псіхалогіі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Зоя Мікалаеўна Казлова адзначае, што выпуск бюджэтнікаў сёлета складзе каля 130 чалавек, а заявак на маладых спецыялістаў на факультэце прыкладна 200. Прычым індывідуальныя заяўкі пачалі паступаць яшчэ ў снежні мінулага года, асабліва заказчыкі кадраў цікавяцца педагогамі-дашкольнікамі. Таму, канечне, выйграюць той раён, тая ўстанова адукацыі, якія загадзя клапоцяцца аб заахвочванні маладых спецыялістаў, нават да папярэдняга размеркавання. І, безумоўна, перавага за тымі, хто прыязджае ва ўніверсітэт, размаўляе са студэнтамі, прэзентуе свае школы і дзіцячыя сады. Як правіла, пасля такіх сустрэч студэнты едуць гля-дзець на месцы, што іх чакае пасля размеркавання.
— Вось у мяне пісьмо з Любанскага раёна, я расказвала пра гэты запыт нашым будучым выпускнікам, тым больш, што ў нас ёсць студэнты з Мінскай вобласці, якія маглі б зацікавіцца гэтай прапановай і размеркавацца менавіта туды. Але пакуль яны такой цікавасці не праяўляюць, не хапае, відаць, непасрэдных зносін, — заўважае дэкан.
Хаця ў цэлым, па словах Зоі Мікалаеўны, прадстаўнікі многіх раёнаў Мінскай (Нясвіжскага, іншых), Гродзенскай (Іўеўскага, Ашмянскага, Зэльвенскага раёнаў), Брэсцкай (Ганцавіцкага, Ляхавіцкага раёнаў) абласцей пастаянна прыязджаюць на факультэт, сустракаюцца са студэнтамі на размеркаванні, а часцей яшчэ да яго. Такая геаграфія тлумачыцца тым, што Баранавічы размяшчаюцца якраз на мяжы трох абласцей. Прычым “купцы” з роднай Брэсцкай вобласці не самыя шматлікія, бо педагогаў для рэгіёна рыхтуюць яшчэ і ў самім абласным цэнтры. Нячаста, але здараецца, што па размеркаванні едуць і выпускнікі факультэта, якія навучаліся на ім платна. Летась такіх было два чалавекі, прычым адзін хлопец паехаў працаваць у сельскую школу Брэсцкай вобласці. Сёлета пакуль такіх не знайшлося, хаця два “платнікі” прысутнічалі на папярэднім размеркаванні.
Ёсць, праўда, у такой прывабнай для студэнтаў магчымасці выбраць першае месца работы і іншы бок. Знаходзяцца маладыя людзі, якія і не раз, і не два мяняюць месца адпрацоўкі па размеркаванні. Маўляў, я такі патрэбны спецыяліст, што магу гэта сабе дазволіць. Так, Зоя Мікалаеўна Казлова расказала пра хлопца, які ўжо тройчы мяняў месца размеркавання, у выніку зараз яму неабходна выплаціць больш за 130 мільёнаў рублёў за вучобу. Верагодна, справа ў страце матывацыі да педагагічнай прафесіі, некаторыя прыходзяць вучыцца толькі дзеля дыплома аб вышэйшай адукацыі. Але такія выпадкі зноў жа падстава для асобнай размовы.
Практыка прыезду заказчыкаў на месца вучобы студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей дзеля іх заахвочвання набыла асаблівую папулярнасць, як лічыць спецыяліст, магчыма, яшчэ і таму, што зараз у беларускай школе, іншых установах адукацыі адбываецца змена пакаленняў. Дэфіцыт кадраў, як вынікае з вышэйпрыведзеных лічбаў, ёсць (ды і наогул гэта з’ява вядомая), таму новыя формы па прыцягненні выпускнікоў вельмі дарэчы. Папулярнасць, па словах дэкана факультэта педагогікі і псіхалогіі БарДУ, яны набылі гадоў пяць назад, раней падобныя візіты заказчыкаў кадраў да студэнтаў здараліся эпізадычна.

Лепш адзін раз убачыць

Не так даўно давялося пабываць у Сноўскай сярэдняй школе Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. З яе дырэктарам Галінай Васільеўнай Радаман мы размаўлялі зусім на іншую тэму, але мімаходзь мая суразмоўніца заўважыла: “Толькі што вярнулася з БДПУ імя Максіма Танка, ездзіла пагаварыць аб сёлетнім размеркаванні, нам патрэбны некалькі спецыялістаў, вось і шукаем”. Сітуацыя мяне зацікавіла, і пазней мы з Галінай Васільеўнай пагаварылі на гэтую тэму падрабязней. Вось што яна расказала:
— Зараз педагагічны калектыў нашай школы складаецца з 46 чалавек, а трэба, каб было на некалькі педагогаў больш. Праўда, не ўсе настаўнікі нам неабходны на пастаянную работу, ёсць пасады, з якіх настаўніцы пайшлі ў дэкрэтны водпуск, таму шукаем педагогаў на замену. А шукаем так: выязджаем у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт і ў Баранавіцкі ўніверсітэт. Прычым едзем не адны, а з калегамі з усяго раёна. Такія паездкі ўжо не першы год арганізоўвае раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму.
Летась, як расказала Галіна Васільеўна, у школу прыйшлі некалькі маладых педагогаў. Гэта настаўнік рускай мовы і літаратуры Уладзімір Міхайлавіч Яраховіч — выпускнік БарДУ; Марына Віктараўна Шынгірэй, таксама выпускніца Баранавіцкага ўніверсітэта, педагог-псіхолаг; Дзмітрый Сяргеевіч Грыцэнка, настаўнік інфарматыкі, выпускнік Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка; Раман Дзмітрыевіч Даніловіч, настаўнік фізічнай культуры і здароўя, які закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры; і педагог-арганізатар Эма Алегаўна Багатка, яна закончыла БарДУ.
— Сёлета яшчэ ў лютым мы з дырэктарамі іншых устаноў адукацыі раёна разам са спецыялістам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ездзілі ў Баранавічы, — працягвае дырэктар вясковай школы. — Сустрэліся са студэнтамі апошняга курса, кожны з нас выступіў перад імі, расказаў пра сваю школу або дзіцячы сад, пакінулі кантактныя тэлефоны, нагадалі аб магчымасці зайсці на сайт установы — там таксама шмат інфармацыі. Мне, напрыклад, на будучы навучальны год патрэбны настаўнікі фізкультуры на пастаяннае месца работы, выяўленчага мастацтва і чарчэння, таксама на пастаянную працу, бо былая настаўніца фізкультуры адпрацавала па размеркаванні і вярнулася на пастаяннае месца пражывання, дадому. А настаўніца выяўленчага мастацтва пайшла на пенсію, яна і так тры гады пасля выхаду на заслужаны адпачынак адпрацавала. На палову стаўкі нам патрэбен настаўнік абслуговай працы, настаўнік музыкі, але з гэтым складана, бо ў нас ёсць толькі восем гадзін на гэты прадмет, да стаўкі не хапае вельмі многа. На замену на два гады патрэбен настаўнік гісторыі, педагог-арганізатар таксама на замену на час дэкрэтных водпускаў нашых пастаянных супрацоўніц і сацыяльны педагог пастаянна.
У БарДУ сёлета мы з’ездзілі не дарэмна. Да мяне пасля сустрэчы са студэнтамі адразу ж падышла дзяўчына, сказала, што вельмі зацікавілася і хоча паехаць па размеркаванні ў Сноўскую школу. Мы ўжо і запыт на яе і яшчэ на адну дзяўчыну, якая выйшла на нас пазней, накіравалі. Так што дакладна ведаем, што хутка да нас прыедуць настаўніцы фізкультуры, а таксама малады педагог з дыпломам па спецыяльнасці “Тэхналогія, абслуговая праца, сацыяльная педагогіка”. Як бачыце, частку кадравага пытання мы закрылі за адзін візіт у педуніверсітэт. Між іншым, абедзве дзяўчыны родам з Брэсцкай вобласці, але пачынаць работу вырашылі ў нас. Прычым адна з гэтых дзяўчат, будучая настаўніца фізкультуры, сама прыязджала ў Сноў яшчэ да нашага візіту ў БарДУ, усё ўбачыла на свае вочы, наведаўшы, між іншым, яшчэ некалькі школ раёна. А пасля паездкі ў Баранавічы нам тэлефанавалі яшчэ некалькі будучых выпускнікоў гэтай установы, так што, верагодна, будуць у нас і іншыя маладыя спецыялісты ў наступным навучальным годзе. Мае калегі з раёна таксама не вярнуліся з БарДУ ні з чым. Ведаю, напрыклад, што загадчыца аднаго з дзіцячых садкоў Нясвіжа таксама дамовілася з будучай выпускніцай універсітэта.
Па словах Галіны Васільеўны Радаман, галоўнае, чым аграгарадок Сноў прываблівае выпускнікоў педагагічных устаноў вышэйшай адукацыі, гэта развітая сацыяльная сфера (у вёсцы ёсць басейн, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, створаны на базе былога вучэбна-вытворчага камбіната, іншыя выгоды), развітая транспартная інфраструктура і, канечне, жыллё, хаця б часовае. Так, адна з маладых спецыялістаў зараз здымае жыллё, але за сімвалічную плату, два другія леташнія выпускнікі жывуць у гасцініцы агракамбіната “Сноў”, плацяць за такое пражыванне таксама вельмі нямнога — сто з чымсьці тысяч рублёў. А да пачатку 2014/2015 года мясцовая гаспадарка плануе адрамантаваць будынак былога школьнага інтэрната, які зараз не патрэбен, бо тут цяпер добра наладжаны падвоз школьнікаў. У адрамантаваным будынку і паселяцца маладыя педагогі — і тыя, хто зараз жыве ў гасцініцы, і тыя, хто яшчэ толькі прыедзе ў Сноў. Усяго ў інтэрнаце змогуць размясціцца некалькі чалавек, тут будуць і абсталяваная кухня, і пральная машына, пры гэтым ад інтэрната да школы рукой падаць — пару хвілін пешшу. Як кажа Галіна Васільеўна, ёсць надзея, што з уводам інтэрната некаторыя маладыя спецыялісты вырашаць застацца ў аграгарадку надоўга, асабліва калі створаць сем’і.

 

Марына ХІДДЖАЗ.