Захаваць раўнавагу, або Ці ёсць альтэрнатыва адабранню?

Сёння ў сістэме адукацыі, напэўна, ужо не знойдзецца чалавека, якому неабходна тлумачыць сутнасць дэкрэта № 18. Яго задачы і мэты зразумелы ўсім. Але з цягам часу адказным за яго рэалізацыю спецыялістам даводзіцца шукаць новыя формы работы, якія былі б найбольш эфектыўнымі ў пэўны перыяд. Бо, нягледзячы на агульныя задачы, работа па гэтым дакуменце мела некалькі этапаў. Звяртаючыся да гісторыі, можна прыгадаць, што на першым этапе спецыялісты працавалі з абсалютна відавочнымі выпадкамі сямейнай нядобранадзейнасці, калі ў вельмі многіх сем’ях ніякага іншага выйсця, як забраць дзіця, не заставалася. Але разам з тым, як напрацоўваўся вопыт, спецыялісты навучыліся выяўляць сем’і на ранняй стадыі нядобранадзейнасці, навучыліся бачыць ранняе праяўленне праблем, якія могуць прывесці сям’ю да крызісу. Што рабіць з такімі сем’ямі? Як можна дапамагчы сям’і? Вось тут і ўзнікае пытанне аб стварэнні новых відаў паслуг. Адна з такіх — групы дзённага знаходжання. На працягу бягучага года ў некалькіх раёнах краіны праводзіўся праект па стварэнні такіх груп. Днямі ж былі падведзены першыя вынікі работы. Дык ці магчыма прадухіліць эскалацыю праблем сям’і ў сітуацыю крызісу? Ці магчыма выправіць сітуацыю без адабрання дзіцяці з сям’і?
На ўмовах суфінансавання

Праект “Групы дзённага знаходжання: водгук мясцовай супольнасці на абарону дзіцяці ад жорсткіх адносін” рэалізоўваўся па ініцыятыве Прадстаўніцтва Міжнароднага дзіцячага фонду ў Рэспубліцы Беларусь на працягу бягучага года. На першы погляд можа падацца, што такая паслуга не з’яўляецца інавацыйнай, бо ў некаторай ступені нагадвае групы прадоўжанага дня, якія дзейнічаюць ва ўстановах адукацыі яшчэ з савецкіх часоў. Але гэта — толькі знешняе падабенства. Насамрэч, гэта адзін з відаў тэра-пеўтычнай дапамогі сем’ям і дзецям, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. У першую чаргу, сем’ям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
— Калі задумваўся гэты праект, мы бачылі, што ў кожнай супольнасці ёсць даволі вялікая колькасць сем’яў, якія знаходзяцца ў стане няўстойлівай раўнавагі: часам сітуацыя ў іх паляпшаецца, часам — пагаршаецца, яны вельмі адчувальныя да знешніх змен, вельмі няўстойлівыя, любыя згубы, канфлікты адразу прыводзяць сям’ю ў сітуацыю крызісу, — адзначыла дырэктар Прадстаўніцтва Міжнароднага дзіцячага фонду ў Рэспубліцы Беларусь Ірына Міронава. — Што рабіць з такой сям’ёй далей? Ці трэба адразу забіраць дзіця з сям’і? Ці, магчыма, варта даць сям’і шанс і магчымасць аправіцца ад нейкіх часовых праблем, дапамагчы ёй на гэтым адрэзку часу для таго, каб захаваць сям’ю для дзіцяці? Гэта была галоўная ідэя праекта.
Мэтавыя супольнасці для рэалізацыі праекта выбіраліся наступным чынам: інфармацыйныя пісьмы былі разасланы ва ўсе раёны краіны. Далей ініцыятары праекта чакалі адказу ад мясцовых супольнасцей, бо яго рэалізацыя мела на ўвазе суфінансаванне. Пазней па выніках конкурсу былі выдзелены тры гранты на рэалізацыю праекта ў Смаргоні, Рагачове, Полацку. На гэтыя сродкі на месцах было закуплена неабходнае абсталяванне і мэбля, арганізавана навучанне спецыялістаў, якія далей планавалі працаваць у групах дзённага знаходжання з дзецьмі.
Трэба адзначыць, што вялікі ўклад у рэалізацыю праекта зрабілі самі мясцовыя супольнасці. Пры падтрымцы адміністрацый раёнаў былі выдзелены памяшканні, аплач-валіся камунальныя плацяжы, работа супрацоўнікаў, пры магчымасці праводзілася фінансаванне харчавання дзяцей. У выніку былі створаны тры групы дзённага знахо-джання: у Рагачове на базе сярэдняй школы, у Смаргоні і Полацку — пры сацыяльна-педагагічных цэнтрах. І, нягледзячы на агульную задумку, кожны з іх атрымаў свой, адрозны ад іншых вынік.

“Прафілактыка каштуе дорага, але танней, чым сацыяльнае сіроцтва”

Праўда, неабходна адзначыць, што стварэнне груп дзённага знаходжання не было для краіны справай абсалютна новай. Яшчэ ў 2011 годзе на базе Жодзінскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра пачалася рэалізацыя інавацыйнага праекта Міністэрства адукацыі “Укараненне мадэлі гуманістычнага выхавання навучэнцаў у працэсе фарміравання адкрытай выхаваўчай прасторы дзіцячага сацыяльнага прытулку”. Сутнасць гэтага праекта якраз і заключаецца ў стварэнні мадэлі, якая б дазволіла ажыццяўляць комплексную рэабілітацыю дзяцей без адабрання з сям’і ва ўмовах часовага знаходжання ў аддзяленні дзённага знаходжання. І калі сёння Смаргонь, Рагачоў і Полацк могуць абапірацца на параўнальна невялікі вопыт работы такіх груп, то спецыялісты Жодзінскага цэнтра маюць ужо істотныя напрацоўкі ў гэтым кірунку.
— Рашэннем Жодзінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 23 верасня 2011 года было адкрыта аддзяленне дзённага знаходжання пры нашым сацыяльна-педагагічным цэнтры, — расказала дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Жодзіна Людміла Міхайлаўна Музычэнка. — Першапачатковай задачай было выявіць дзяцей, якія маюць патрэбу ў такой паслузе. Аналізавалі банкі даных, заўважалі, што некаторыя дзеці доўгі час знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, пры гэтым для прызнання іх асобамі, што маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, відавочных падстаў не было. Дзеці з гэтай катэгорыі і сталі першымі “кліентамі”. Далей да іх далучыліся дзеці і сем’і, што патрабавалі большай увагі з боку органаў аховы дзяцінства і выяўляліся падчас інструктыўна-метадычных выхадаў, работы гарадской службы тэрміновага рэагавання.
Наступны этап нашай работы — дыягнастычны. На гэтым этапе мы вызначалі, якая дапамога каму патрэбна. У праекце бралі ўдзел наступныя асноўныя катэгорыі: непаўналетнія, якія прызнаны асобамі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзеці, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, дзеці, якія маюць цяжкасці ў навучанні, паводзінах, зносінах, сацыяльна ўразлівыя сем’і.
Трэці этап — непасрэдна работа па плане сацыяльнай рэабілітацыі з кожным выхаванцам. Гэты этап, згодна з Палажэннем аб дзённым аддзяленні сацыяльнага прытулку, доўжыцца тры месяцы.
І, як сведчыць вопыт работы цэнтра, за гэты час у аддзяленні дзённага знаходжання без адабрання дзіцяці з сям’і можна вырашыць сур’ёзныя праблемы дарослых і дзяцей, што апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Больш інтэнсіўная работа сацыяльнага педагога, педагога-псіхолага цэнтра дазваляе выправіць пэўныя асобасныя праблемы дзяцей і іх бацькоў, выявіць асноўныя прычыны, якія прыводзяць да нядобранадзейнасці, і настроіць сям’ю на пазбаўленне ад іх, і пры гэтым не парываць адносіны бацькоў і дзяцей.
— Работа праводзіцца і з бацькамі: накіроўваем і матывуем іх на пазбаўленне ад алкагольнай залежнасці, дапамагаем працаўладкавацца, аказваем гуманітарную дапамогу, аказваем садзейнічанне ў паляпшэнні жыллёвых умоў, даём сур’ёзную прававую падтрымку. Аказаць усе гэтыя віды дапамогі школьныя псіхолагі і сацыяльныя педагогі часам проста не маюць магчымасці, — адзначае Людміла Міхайлаўна Музычэнка. — Гэта як своеасаблівая лесвіца дапамогі: на пачатковай стадыі дастаткова намаганняў спецыялістаў установы адукацыі, дзе вучыцца дзіця. Пры ўзмацненні праблем да работы далучаюцца спецыялісты цэнтра. Няма выніку і ў гэтым выпадку — дзіця накіроўваецца ў аддзяленне дзённага знаходжання, дзе задзейнічаны ўжо ўсе магчымыя без адабрання дзіцяці рэсурсы.
Гаворачы аб эканамічным баку пытання, спецыяліст адзначыла, што прафілактыка, у тым ліку і стварэнне груп дзённага знаходжання, канечне ж, патрабуе пэўных выдаткаў. Але ў любым выпадку гэта справа больш танная, чым работа з ужо наяўным сацыяльным сіроцтвам.
— Для стварэння груп дзённага знаходжання мясцовая супольнасць прадастаўляе памяшканне, пэўнае абсталяванне. У нас, напрыклад, для гэтага выдзелены два вялікія памяшканні, дзе абсталяваны гульнявая, спартыўная залы, буфетная, пакой сацыяльнай адаптацыі, дзе дзеці вучацца абслугоўваць сябе. Аднак гэтыя затраты апраўдваюць сябе. Аддзел адукацыі Жодзінскага гарвыканкама падлічыў прыблізныя затраты на ўтрыманне дзіцяці ў дзённым аддзяленні прытулку: яны ў пяць разоў меншыя, чым змяшчэнне ў прытулак. Адзінае, што пакуль нам не ўдалося вырашыць, — арганізаваць харчаванне выхаванцаў за кошт мясцовага бюджэту. Мясцовая адміністрацыя гатова выдзеліць на гэта фінансаванне, сума не вельмі значная, але пакуль няма заканадаўчай базы для гэтага. У выніку харчаванне арганізавана за кошт спонсарскіх сродкаў.

Нечаканы эфект

Па аналогіі з Жодзінскім сацыяльным цэнтрам была арганізавана і дзейнасць груп дзённага знаходжання пры сацыяльна-педагагічных цэнтрах Смаргоні і Полацка. А вось у Рагачове атрымаўся крыху іншы праект.
— Ацаніўшы свае магчымасці, мы прыйшлі да высновы, што адным з варыянтаў стварэння групы дзённага знаходжання можа быць стварэнне такога віду паслуг на базе адной са школ Рагачова, — расказаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Рагачоўскага райвыканкама Пётр Міхайлавіч Гузялевіч. — У працэсе выпрацаванага алгарытму дзеянняў у сакавіку 2013 года рашэннем выканкама была адкрыта група дзённага знаходжання на базе сярэдняй школы № 4. Выбар установы не быў выпадковым. Гэтая школа размешчана ў аддаленым ад цэнтра мікрараёне горада, ад яго аддалены спартыўныя школы, школы мастацтваў. Па сутнасці, гэта адзіны сацыяльна-культурны цэнтр, дзе дзеці ў пасляабедзенны час могуць арганізаваць сваю занятасць. У школе вучыцца 463 вучні (гэта сярэдняя напаўняльнасць для горада), з іх 124 дзіцяці выхоўваецца ў няпоўных сем’ях, 41 — у мнагадзетных, 53 — у малазабяспечаных. У большасці сем’яў, якія знаходзяцца на розных відах уліку, існуюць праблемы ў дзіцяча-бацькоўскіх адносінах: бацькі не ў поўнай ступені выконваюць свае абавязкі па доглядзе і выхаванні дзяцей. Як вынік — бескантрольныя паводзіны дзяцей, нізкая паспяховасць, пропускі заняткаў.
Такі “сацыяльны партрэт” вызначыў і асноўны кірунак дзейнасці групы дзённага знаходжання: прадухіленне правапарушэнняў непаўналетніх, што ў сваю чаргу вызначыла і кантынгент выхаванцаў групы. Імі сталі падлеткі 6 — 9 класаў, усе хлопчыкі, усе — з пэўнымі праблемамі ў паводзінах, навучанні, зносінах. Адным словам, не самыя лёгкія падлеткі.
— Для дакладнай арганізацыі работы было распрацавана Палажэнне аб групе дзённага знаходжання. У гэтым палажэнні вызначаны рэжым работы групы, катэгорыі і колькасць выхаванцаў, працягласць наведвання групы, кіраўніцтва, дакументацыя, вызначаны мэты і задачы, — падзяліўся вопытам Пётр Міхайлавіч. — Важным этапам у падрыхтоўцы работы групы стала матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне і стварэнне камфортных бытавых умоў для выхаванцаў. У школе для гэтай групы быў выдзелены кабінет абслуговай працы, які быў вольны ад заняткаў у другую палову дня. Кабінет быў абсталяваны мяккай мэбляй, кухняй, дзе ёсць халадзільнік, электрапліта, сталовы посуд. Для гэтага былі выкарыстаны спонсарскія сродкі.
Наступным этапам было правядзенне інфармацыйна-асветніцкай кампаніі сярод непаўналетніх і іх законных прадстаўнікоў аб магчымасці атрымання дапамогі ў рамках работы гэтай групы. Залічэнне выхаванцаў у групу адбывалася загадам дырэктара школы на аснове заявы законных прадстаўнікоў. Асноўная праблема заключалася ў тым, каб не прымусіць дзяцей і бацькоў да наведвання групы, а менавіта матываваць іх на сумесную асэнсаваную работу.
Рэжым работы групы вызначылі наступны — з 14 да 18 гадзін. Праўда, як паказала практыка, на справе падлеткі затрымліваюцца там і пазней. Рэабілітацыйная работа з дзецьмі будуецца на аснове вывучэння патрэб сям’і і ацэнкі рызык для дзіцяці. Складаецца індывідуальная рэабілітацыйная праграма, куды ўключаецца комплекс работ з дзецьмі і бацькамі. Да работы з дзецьмі далучаны педагог-псіхолаг, сацыяльныя педагогі школы і СПЦ, інспектар па справах непаўналетніх.
— У многім поспех дзейнасці групы тлумачыцца тым, што нам удалося прыцягнуць да гэтай работы і прыняць на пасаду выхавальніка маладога педагога, які змог знайсці з дзецьмі агульную мову, — адзначае Пётр Міхайлавіч. — Работа была накіравана на карэкцыю негатыўных эмацыянальных перажыванняў, зніжэнне псіхаэмацыянальнага напружання, Сёння спецыялісты сістэмы адукацыі раёна з упэўненасцю гавораць аб поспеху работы, няхай і лакальнага маштабу. Адкрыццё гэтай групы забяспечыла магчымасць карыснай занятасці непаўналетніх, псіхалагічнай і педагагічнай дапамогі тым школьнікам, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. За гэты час не было новых і паўторных канфліктаў з законам у выхаванцаў групы, стабілізавалася сітуацыя ў школе, бо менавіта гэтыя падлеткі часта выступалі завадатарамі канфлік-таў у сваіх калектывах.

Як адзначылі ўдзельнікі праекта, групы дзённага знаходжання, безумоўна, маюць права на існаванне. Больш за тое, у многіх выпадках гэта якраз той механізм, які дазваляе з найменшымі затратамі вырашыць пэўныя праблемы сям’і. Аднак шырокаму распаўсюджанню гэтай практыкі ў краіне перашкаджае адсутнасць у заканадаўстве такога віду дапамогі нядобранадзейным сем’ям. Як вынік — цяжкасці з арганізацыяй харчавання выхаванцаў, забеспячэннем дзейнасці груп у цэлым. Ужо сёння ўдзельнікі праекта падрыхтавалі рэзалюцыю аб стварэнні неабходнай нарматыўнай базы для функцыянавання такіх груп. І, хто ведае, магчыма, заўтра такія групы стануць звычайнай практыкай?

Наталля ІЛЬІНА.